У Славаччыне шырацца пратэсты супраць прарасейскага курсу прэм’ер-міністра Фіца

Пратэст у Браціславе 24 студзеня

Дзясяткі тысяч пратэстоўцаў сабраліся на цэнтральнай плошчы славацкай сталіцы ў пятніцу, трымаючы плякаты супраць палітычнага курсу прэмʼер-міністра Робэрта Фіца, які скіраваны на збліжэньне з Расеяй, на фоне ўзмацненьня напружанасьці паміж урадам і апазыцыяй, паведамляе Reuters.

Арганізатары ацанілі, што на дэманстрацыю на браціслаўскай Плошчы Свабоды сабраліся каля 60 тысяч чалавек — прыкладна ў чатыры разы больш, чым на мінулым пратэсьце два тыдні таму.

Пратэстоўцы скандавалі «Досыць Фіца» і «Мы — Эўропа», а ў пэўны момант асьвяцілі плошчу сьвятлом сваіх мабільных тэлефонаў пасьля кароткага адключэньня электрычнасьці. У пятніцу акцыі прайшлі таксама ў 20 іншых гарадах па ўсёй краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Славаччыны, які езьдзіў да Пуціна, абвінаваціў апанэнтаў у падрыхтоўцы перавароту за замежныя грошы