Экспэртная місія назіраньня за выбарамі-2025, арганізаваная Беларускім Хэльсынскім камітэтам і праваабарончым цэнтрам «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», апублікавала справаздачу па выніках назіраньня за перадвыбарнай агітацыяй у Беларусі. Выбары ў Беларусі пры Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
Місія зьбірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленьнях ад выбарнікаў зь Беларусі. Незалежных назіральнікаў у месцах агітацыі і на выбарчых участках у Беларусі няма з прычыны рэпрэсіяў у краіне, да таго ж праваабарончы цэнтар «Вясна» яшчэ ў жніўні 2023 году прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем», што пагражае яго ўдзельнікам крымінальным перасьледам.
Па выніках назіраньня за перадвыбарчай агітацыяй у Беларусі экспэртная місія зрабіла наступныя высновы:
- Цалкам кантраляваныя ўладамі выбары-2025, уключаючы этап агітацыі, праходзяць у рэпрэсіўным клімаце, ва ўмовах зачышчанага палітычнага і інфармацыйнага поля.
- У рамках этапу агітацыі мусіла б ісьці палітычная барацьба паміж кандыдатамі, але ў сытуацыі імітацыі канкурэнтнасьці (большасьць кандыдатаў не пазыцыянавалі сябе як рэальную альтэрнатыву Лукашэнку, а хутчэй агітавалі за яго), дзеяньні ўсіх кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі, які карыстаўся адміністрацыйным рэсурсам, былі практычна непрыкметныя для шырокай аўдыторыі.
- Патрабаваньні выбарчага заканадаўства па гарантаваньні публікацыі перадвыбарных праграм кандыдатаў і наданьні ім эфірнага часу на дзяржаўным радыё і тэлевізіі былі выкананыя, аднак не даводзіцца казаць пра роўнасьць кандыдатаў у выкарыстаньні СМІ. Некаторыя выступы кандыдатаў (Алега Гайдукевіча і Сяргея Сыранкова), паводле праваабаронцаў, утрымлівалі прыкметы распальваньня варожасьці, што забаронена арт. 47 Выбарчага кодэксу.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла ў няроўных умовах: у падтрымку Лукашэнкі задзейнічалі адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вэртыкалі ўлады, праўладных грамадзкіх арганізацый і дзяржаўных СМІ. Праваабаронцы вылучаюць некалькі мэханізмаў такога злоўжываньня: 1) выкарыстаньне адміністрацыйных і інфармацыйных магчымасьцяў, якія мае Лукашэнка, 2) акцыі ў рамках «Маратону адзінства» і раскручваньне лёзунгу «Час выбраў нас!»; 3) флэшмоб «Надо!»; 4) інфармаваньне пра выбары ў цэлым, якое выкарыстоўвалі для прыхаванай агітацыі на карысьць Лукашэнкі; 5) сустрэчы давераных асобаў Лукашэнкі, многія зь якіх зьяўляюцца службовымі асобамі, з прадстаўнікамі працоўных калектываў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў, у тым ліку ў працоўны час.
- «Невыразная мяжа паміж выкананьнем дзяржаўных абавязкаў і агітацыяй» дазволілі Лукашэнку сумяшчаць афіцыйныя візыты, сустрэчы і паездкі з фактычнай агітацыяй, карыстаючыся прывілеямі шырокага інфармацыйнага абслугоўваньня пасады прэзыдэнта за дзяржаўны кошт. Прынятае Лукашэнкам рашэньне аб павышэньні пэнсій падчас выбараў можа разглядацца як подкуп выбарнікаў і ёсьць формай выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу, адзначаюць праваабаронцы.
- Маштабная прапагандысцкая кампанія «Маратон адзінства», якая доўжылася 4 месяцы, забясьпечаная дзяржаўным фінансаваньнем (сума выдаткаў ацэньваецца ў больш за 3,5 млн рублёў), фактычна была перадвыбарнай кампаніяй Лукашэнкі. Лёзунг яго перадвыбарнай кампаніі «Час выбраў нас!» прасоўвалі з дапамогай УНС, «Маратону адзінства», штодзённага тэлепраекту «Час выбраў нас!» на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1».
- Імітацыю палітычнай актыўнасьці і шырокай падтрымкі, а таксама дадатковыя рэсурсы на агітацыю Лукашэнка атрымаў дзякуючы флэшмобу «Трэба!», які меў прыкметы арганізаванай акцыі і нават мерапрыемства, да ўдзелу ў якім прымушаюць.
- Адукацыйна-асьветніцкія імпрэзы пра выбары і іх важнасьць падмяняюць сабой жывы палітычны працэс, нават падчас іх знаходзілася месца для ўскоснай агітацыі за Лукашэнку (заявы аб правільнасьці «выбранага курсу» і неабходнасьці падтрымліваць «нацыянальнага лідэра»).
- У адсутнасьць незалежных назіральнікаў і дастатковай празрыстасьці працэсу паступленьня і выдаткоўваньня сродкаў у выбарчых фондах кандыдатаў, ажыцьцявіць паўнавартаснае назіраньне за фінансавым бокам выбараў немагчыма, адзначаюць праваабаронцы. Пры гэтым афіцыйна заяўленыя выдаткі ўсіх кандыдатаў (уключаючы Лукашэнку) істотна ніжэйшыя за ўсталяваны ліміт у 420тысяч рублёў. Сума, выдаткаваная з фонду Лукашэнкі (92 032 руб.), відавочна малая для разгортваньня паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі па ўсёй краіне.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць гадоў. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
- 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле апошніх зьвестак, апублікаваных ЦВК, яўка на выбарах склала ня меней за 81,50%.
- У ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарцаў. Вынікі падліку галасоў за іншых кандыдатаў наступныя: Сяргей Сыранкоў — 3,21%, Алег Гайдукевіч —2,2%, Ганна Канапацкая — 1,86, Аляксандар Хіжняк — 1,74%. Супраць усіх прагаласавалі 3,6% удзельнікаў галасаваньня.
- ЦВК заявіла, што апрацавала 100% бюлетэняў. Канчатковыя вынікі абяцаюць падвесьці 3 лютага.