Аскепкі мэтэарыта, падзеньне якога зафіксавалі 25 сьнежня 2024 году, знайшлі пад Жодзіна, паведамілі Sputnik у клюбе «Астранамінск».
«Аскепкі каляднага мэтэарыта, які ярка ўспыхнуў на вечаровым небе 25 сьнежня 2024 году ў 17:29 паводле беларускага часу, нарэшце трапілі ў рукі дасьледчыкаў з каманды „Астранамінск“ і Ўральскага дзяржунівэрсытэту», — расказалі ў клюбе.
Там растлумачылі, што арбіту мэтэарыту і месца яго падзеньня вызначылі дзякуючы відэаздымцы аўтаматычных камэр патруляваньня мэтэораў. Раён падзеньня аскепкаў аглядалі практычна месяц. У пошуках удзельнічалі валянтэры, а таксама дасьледчыкі з каманды Менскага плянэтарыю і «Астанамінску».
Пакуль што знайшлі некалькі фрагмэнтаў мэтэарыта, пошукі працягнуцца. Таксама трэба будзе правесьці экспэртызу знойдзеных аскепкаў.
Агульная маса ўсіх аскепкаў ацэньваецца ў некалькі кіляграмаў. Знаходка гэтага мэтэарыта мае вялікае навуковае значэньне і можа стаць шостым вядомым выпадкам на тэрыторыі Беларусі, адзначылі ў клюбе.
25 студзеня тэлеграм-канал Менскага плянэтарыю апублікаваў відэа падзеньня мэтэарыту ўвечары 25 сьнежня: ён праляцеў над Менскам і ўпаў каля Смалявічаў:
Таксама ў Менскім плянэтарыі паведамілі, што 19 студзеня валянтэры арганізавалі першыя пошукі, і папрасілі людзей, якія знайшлі камяні, што адпавядаюць апісаньню, скідаць на пошту фатаздымкі, адрас planetarium1965@gmail.com.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля Смалявічаў упаў мэтэарыт, яго шукаюць