Стала вядома пра вызваленьне праз памілаваньне Чэслава Канановіча, асуджанага за данаты палку Каліноўскага

Ілюстрацыйнае фота

Пра вызваленьне палітвязьня Чэслава Канановіча паведаміў прапагандыст Ігар Тур. Ён апублікаваў відэа Чэслава і ягонай жонкі Насты з выбарчага ўчастку.

На відэа, запісаным каля выбарчага ўчастку для галасаваньня ў Беларусі, Чэслаў Канановіч і ягоная жонка кажуць, што іхная «сям’я ўзьядналася» і «Чэслаў дома».

Чэслаў Канановіч — жыхар Менску, з вышэйшай адукацыяй, жанаты, у яго двое малых дзяцей. Працаваў намесьнікам дырэктара ў ЗАТ «Спэцаргбуд».

Яго затрымалі 5 ліпеня 2023 году і выставілі абвінавачаньні паводле ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу («Фінансаваньне дзейнасьці для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні, альбо ва ўзброеных канфліктах»). Сьцьвярджалася, што Чэслаў адправіў у адрас палка Каліноўскага 10 банкаўскіх пераводаў на суму ў 1 200 рублёў.

18 сьнежня 2023 году судзьдзя Менскага абласнога суду Вячаслаў Тулейка прызначыў Чэславу Канановічу 5 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вядома, што дзеля зьмякчэньня прысуду ён зрабіў некалькі ахвяраваньняў у падкантрольныя ўладам дабрачынныя арганізацыі, а таксама ў РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі. Праваабаронцы прызналі Чэслава Канановіча палітвязьнем.

29 сакавіка 2024 году МУС Беларусі ўнесла Канановіча ў «сьпіс экстрэмістаў». Ён адбываў тэрмін у папраўчай калёніі № 15.

У сьнежні 2024 году жонка Чэслава Анастасія ў эфіры дзяржаўнай тэлевізіі папрасіла Лукашэнку памілаваць яе мужа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў яшчэ 23 палітвязьняў
  • 18 студзеня стала вядома, што Лукашэнка памілаваў яшчэ 23 палітвязьні. Гэтае восьмае памілаваньне ў Беларусі за паўгода. У 2024 годзе было вызвалена 207 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі.
  • Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», на 26 студзеня ў Беларусі ў зьняволеньні застаюцца 1245 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю (рэальная колькасьць зьняволеных паводле палітычных матываў можа быць большай). Сьпіс палітвязьняў працягвае папаўняцца.
  • Агулам зь лета 2020 году праваабаронцы прызналі палітвязьнямі амаль 3700 чалавек, у тым ліку 656 жанчын. Многія зь іх ужо выйшлі на волю, цалкам адбыўшы пакараньне.