Міністар Уладзімер Патупчык зьбіў чалавека (абноўлены)

Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністар працы і сацыяльнай абароны Ўладзімер Патупчык, кіруючы прыватным аўтамабілем, зьбіў чалавека, які ад траўмаў памёр у шпіталі. У Беларусі гэта ня першы выпадак, калі высокапастаўленыя чыноўнікі фігуруюць у трагічных здарэньнях на дарогах. Ці маюць чыноўнікі ў такіх выпадках нейкія прывілеі ў параўнаньні са звычайнымі грамадзянамі?
“Перад намі ўзьнік чалавек...”

Трагедыя адбылася ў 23 гадзіны 9 сакавіка на выезьдзе зь Менску на вуліцы Прытыцкага, паведаміла “Свабодзе” дачка міністра Ўльляна Патупчык. “Там ужо няма асьвятленьня. Аўтамабіль, які ішоў наперадзе, раптам ад’ехаў убок, перад намі ўзьнік чалавек”, — згадала Ўльляна, якая разам з бацькам ехала ў ягоным аўтамабілі “Аўдзі”.

Ульляна Патупчык: “Ён, можна сказаць, проста зваліўся на наш аўтамабіль. Там зрэагаваць было немагчыма”.
Паводле дзяўчыны, у такіх умовах наезд быў непазьбежны:

“Ён, можна сказаць, проста зваліўся на наш аўтамабіль. Там зрэагаваць было немагчыма. За намі спыніўся кіроўца наступнай машыны, ён быў сьведкам”.

Ульляна Патупчык: зьбіты жыхар Івянца быў нецьвярозым

Ульляна Патупчык кажа, што разам са сьведкам яе бацька выклікаў хуткую дапамогу і міліцыю, і пачаў аказваць пацярпеламу першую дапамогу. Паводле дзяўчыны, зьбіты чалавек быў нецьвярозым:

“Ён быў вельмі нецьвярозы. Ад яго вельмі пахла алькаголем, калі яму рабілі непрамы масаж сэрца”.

Пацярпелага адвезьлі ў шпіталь, дзе празь некалькі гадзінаў ён памёр. Жыхару пасёлку Івянец Валожынскага раёну Генадзю Валканоўскаму было 27 гадоў. Ён адбываў пакараньне абмежаваньнем волі за крадзеж, мусіў знаходзіцца ў Валожыне, але на 8 сакавіка ўцёк у Менск да знаёмай дзяўчыны. Гэтак мяркуе сваячка загінулага Рома Дубовік.

Жанчына не выключае, што Генадзь Валканоўскі быў нападпітку, бо яна даўно ня бачыла сваяка цьвярозым:

“Ён жа ў Івянцы ў нас шмат дамоў падпаліў, хлявоў. За гэта і першы тэрмін атрымаў, калі яго на гэтым злавілі”.

Справу перадалі ў пракуратуру, але ў зводку ДАІ здарэньне ня трапіла

Між тым, каб вызначыць вінаватага ў здарэньні, істотней тое, ці ня быў нападпітку кіроўца? З Уладзімерам Патупчыкам, каб атрымаць ягоны адказ на гэтае пытаньне, зьвязацца не ўдалося — у міністэрстве кажуць, што ён камэнтароў не дае.

Дачка Ўладзімера Патупчыка Ўльляна кажа, што яе бацька быў цьвярозы, і гэта пацьвердзіла экспэртыза крыві.

У прэсавай службе МУС паведамілі, што матэрыялы праверкі перадалі ў пракуратуру Менску.

Ганна Банадык: “Тое, што гэтую справу перадалі ў пракуратуру, сьведчыць пра асаблівую ўвагу да яе”.
“Паводле дарожных інцыдэнтаў са сьмяротным вынікам абавязкова заводзяць крымінальную справу, а тое, што гэтую справу перадалі ў пракуратуру, сьведчыць пра асаблівую ўвагу да яе”, — паведаміла “Свабодзе” Ганна Банадык з прэсавай службы рэспубліканскага ДАІ.

Пры гэтым міліцыянт не змагла патлумачыць, чаму зьвесткі пра інцыдэнт з удзелам міністра Ўладзімера Патупчыка ня трапілі ў штодзённую зводку ДАІ, зь якой могуць азнаёміцца журналісты. Ганна Банадык паведаміла, што болей за палову наездаў на мінакоў у краіне адбываюцца зь іхнай віны — траціна выпадкаў прыпадае на нецьвярозых мінакоў.

Што пагражае міністру, калі яго прызнаюць вінаватым?

Што пагражае кіроўцу, калі суд прызнае яго вінаватым у сьмерці чалавека ў выніку дарожнага здарэньня? Паводле закону максымальнае пакараньне за гэта — 5 гадоў зьняволеньня, але суд можа ўжыць і абмежаваньне волі.

Летась у Менску быў асуджаны былы дырэктар “Белінтурысту” Яраслаў Няхай, які быў вінаваты ў аварыі, што пацягнула сьмерць чалавека. Былога высокапастаўленага чыноўніка асудзілі да 3 гадоў абмежаваньня волі ў працоўнай калёніі. У гэтай адмысловай калёніі ў Магілёўскай вобласьці адбываюць пакараньне тыя, хто зрабіў злачынства зь неасьцярожнасьці.

Варта таксама нагадаць, што паводле адмысловага ўказу Аляксандра Лукашэнкі прыцягнуць высокапастаўленага чыноўніка да крымінальнай адказнасьці магчыма толькі з дазволу прэзыдэнта. Усе міністры ўваходзяць у лік чыноўнікаў, чый лёс вырашае Аляксандар Лукашэнка.



Паводле беларускіх незалежных мэдыяў, найчасьцей зь ліку высокапастаўленых чыноўнікаў у дарожных інцыдэнтах фігураваў цяперашні амбасадар у Расеі Васіль Даўгалёў. На пачатку 2000-х, калі Васіль Далгалёў кіраваў адміністрацыяй Берасьцейскай вобласьці, службовы аўтамабіль, якім ён езьдзіў, двойчы зьбіваў людзей. Першы раз загінула настаўніца Панасюк, другі раз — былы асуджаны Агафонаў. У першым выпадку сьледчыя вырашылі, што вінаватая пацярпелая, у другім ўсклалі віну на кіроўцу, які вез Васіля Даўгалёва.





Магіла Генадзя Валканоўскага