Губэрнатарам Ватыкана ўпершыню прызначаць жанчыну

Папа Рымскі Францішак, архіўнае фота

Папа Рымскі Францішак у сакавіку плянуе прызначыць губэрнатарам Ватыкану манашку Рафаэлю Пэтрыні. Пра гэта ён расказаў у этэры італьянскага ток-шоў Che tempo che fa («Якое надвор’е»), паведамляе «Нямецкая хваля». Такім чынам, упершыню ў гісторыі Ватыкану яго губэрнатарам стане жанчына.

Рафаэля Пэтрыні заменіць на пасадзе кіраўніка ўраду гораду-дзяржавы арцыбіскупа Фернанда Вэргеса Альсагу, якому 1 сакавіка споўніцца 80 гадоў.

З 2021 году Пэтрыні займае пасаду генэральнага сакратара губэрнатарства Ватыкану.

«Праца жанчын у курыі (галоўны адміністрацыйны орган Апостальскай Сталіцы і Ватыкану) прасоўвалася павольна, але эфэктыўна. Жанчыны спраўляюцца лепш за нас», — адзначыў пантыфік у этэры ток-шоў.

На пачатку студзеня Францішак прызначыў манашку Сымону Брамбільлю кіраўніком дэпартамэнту, які курыруе рэлігійныя ордэны Каталіцкай царквы. Яна стала першай жанчынай у гісторыі, якая ўзначаліла адно зь ведамстваў Ватыкану.

Папа Францішак прызначыў манашку Сымону Брамбільлю кіраваць дэпартамэнтам, які курыруе рэлігійныя ордэны Каталіцкай царквы

У лістападзе 2023 году Ватыкан упершыню пацьвердзіў магчымасьць удзелу транссэксуалаў у сакрамэнтах хрышчэньня і шлюбу.

На мінулым тыдні Ватыкан таксама дазволіў адкрытым геям станавіцца сьвятарамі пры ўмове захаваньня імі цэлібату. У той жа час жанчынам па-ранейшаму забаронена станавіцца каталіцкімі сьвятарамі незалежна ад іх сэксуальнай арыентацыі.

Раней Францішак называў законы, якія крыміналізуюць ЛГБТ+, несправядлівымі. Каталіцкая царква можа і павінна працаваць над тым, каб пакласьці ім канец, дадаў ён, быць гомасэксуалам — гэта не злачынства, але гэта грэх — казаў пантыфік у інтэрвію агенцтву Associated Press.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак упершыню прызначыў жанчыну кіраваць буйной ватыканскай установай