+ 898 выпадкаў, 6 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 31 траўня
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 30 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.
Паводле міністэрства, на 30 траўня ў Беларусі:
- агулам 42 556 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 235 памерлі, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 18 514 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 898 выпадкаў і прызналі яшчэ 6 сьмерцяў, выпісалі 550 чалавекі;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 541 093 тэстаў;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Колькасьць выпадкаў заражэньня COVID-19 у сьвеце перавысіла 6 мільёнаў
Па стане на 31 траўня колькасць людзей, заражаных коронавірусам у свеце, складае 6 064 778. Пра гэта сведчаць дадзеныя Ўнівэрсытэту Джона Гопкінса (ЗША).
369 254 чалавекі загінулі ад COVID-19, 2 566 084 вылечыліся.
Сайт worldometers.info, які агрэгуе дадзеныя паводле паведамленьняў нацыянальных агенцыяў па здароўі, паведамляе пра 6 171 784 выпадкаў раніцай 31 траўня.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 30 траўня новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19. Паводле міністэрства, на 30 траўня ў Беларусі агулам 40 764 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. 229 памерлі. За дзень выявілі яшчэ 894 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў.
Супрацоўнікі хуткай з Калінкавічаў: «Мы, заражаныя каранавірусам, месяц вазілі людзей!»
Супрацоўнікі хуткай з Калінкавічаў месяц чакалі вынікі аналізаў на COVID-19. Аказалася, што яны заражаныя. «Але начальства сказала хадзіць на працу! Уявіце — мы, хворыя на каранавірус — месяц вазілі людзей і далей будзем расьцягваць заразу па горадзе?», — абурыліся мэдработнікі.
Яны расказалі Свабодзе пра недахоп сродкаў індывідуальнай засьцярогі, — месяц чаканьня вынікаў аналізаў, — пазбаўленьне абяцаных надбавак, — паказуху перад камісіяй з Гомельскага ўпраўленьня аховы здароўя.
+894 выпадкі, 5 сьмерцяў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 30 траўня
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 30 траўня ў сваім Telegram-канале новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19.
Паводле міністэрства, на 30 траўня ў Беларусі:
- агулам 41 658 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 229 памерлі, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 17 964 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 894 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 574 чалавекі;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 526 559 тэстаў (14 141 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
«Калі сымптомаў няма, выпісваем». Людзей са станоўчымі тэстамі на COVID-19 выпісваюць са шпіталяў
Мінздароўя і дзяржаўныя СМІ кажуць, што шпіталі, якія ў красавіку былі перапрафіляваныя пад лячэньне каранавірусных, паступова вяртаюцца да працы па сваіх звычайных профілях. У той жа час вось ужо цягам месяца фіксуецца прыкладна 900 новых выпадкаў захворваньня штодня. Як такое можа быць?
Свабода разьбіралася, чаму тэрмінова выпісваюць недалечаных хворых. Чытайце матэрыял па спасылцы >>
Магілёўскія мэдыкі абвінавацілі кіраўніцтва ва ўтойваньні зьвестак пра каранавірус і ў недаплатах
Супрацоўнікі магілёўскай бальніцы хуткай дапамогі вінавацяць адміністрацыю ва ўтойваньні зьвестак пра хворых на каранавірус і патрабуюць выплаты абяцаных Лукашэнкам надбавак за працу ва ўмовах пандэміі каранавірусу. У лякарні працуе 1500 супрацоўнікаў, зварот да кіраўніцтва падтрымалі 93 зь іх.
Чаго дамагаюцца мэдыкі:
- Перастаць хаваць факты выяўленьня каранавіруснай інфэкцыі сярод пацыентаў і супрацоўнікаў лякарні.
- Пачаць паважаць жыцьцё і здароўе сваіх супрацоўнікаў.
- Арганізаваць збор і распаўсюд дадзеных па выяўленых пацыентах з COVID-19, якія знаходзіліся ў лякарні, былі абсьледаваныя, але ім было адмоўлена ў шпіталізацыі, альбо якія былі накіраваныя для лячэньня і шпіталізацыі ў профільныя стацыянары ў пэрыяд ад 1 красавіка 2020 году.
- Пачаць выплаты супрацоўнікам, якія кантактавалі з пацыентамі з каранавіруснай інфэкцыяй.
- Указаць, калі і ў якіх памерах супрацоўнікі аддзяленьняў пачнуць атрымліваць надбаўкі, гарантаваныя заканадаўчымі актамі. А ў выпадку адмовы даць абгрунтаваны адказ аб прычынах.
Пасажыраў гарадзенскіх тралейбусаў абавязалі насіць маскі
У гарадзенскіх тралейбусах 29 траўня зьявілася абвестка пра абавязковае нашэньне масак, піша «Вячэрні Гродна».
У Горадзенскім тралейбусным упраўленьні паведамілі, што масачны рэжым увялі згодна з пратаколам рашэньня працоўнай групы па рэалізацыі міжведамаснага комплекснага пляну па мінімізацыі рызыкі распаўсюду COVID-19 пры Горадзенскім аблвыканкаме. Паводле дакумэнту, у грамадзкіх месцах Горадні, у тым ліку ў грамадзкім транспарце, уводзіцца абавязковы масачны рэжым.
Ужо звыш 40 тысяч выпадкаў. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 29 траўня
Афіцыйная статыстыка амаль не мяняецца ўжо месяц: штодзень паведамляюць пра дзевяць сотняў новых выпадкаў COVID-19 і 4–5 сьмерцяў. Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 29 траўня ў Беларусі:
- агулам 40 764 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 224 памерлыя, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 16 660 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 906 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 730 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 512 418 тэстаў (13 169 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства здароўя стала заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.
Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце.
У Расеі за суткі ад каранаавірусу памерла рэкордная колькасьць людзей — 232
Паводле дадзеных на 29 траўня, за суткі ад новай каранавіруснай інфэкцыі ў Расеі памерлі 232 чалавекі — гэта найбольшая колькасьць сьмяротных зыходаў за дзень у краіне праз увесь час пандэміі, паведамляе апэратыўны штаб барацьбы з хваробай. З ахвяр апошняга дня 76 памерлі ў Маскве.
Напярэдадні ў краіне было зарэгістравана 174 памерлых ад COVID-19 — столькі ж было 26 траўня, і гэты паказьнік быў максымальным за ўвесь час. За ўвесь пэрыяд у РФ зафіксавана 4 374 сьмяротных выпадкаў.
За апошнія суткі ў краіне зарэгістраваны 8572 новыя выпадкі каранавірусу. Колькасьць хворых па краіне за ўвесь пэрыяд дасягнула 387 623.
Больш за ўсё новых выпадкаў заражэньня выявілі ў Маскве — 2 332. Усяго ў сталіцы ўжо 175 829 пацьверджаных выпадкаў хваробы. Яшчэ 773 захварэлых каранавіруснай інфэкцыяй за суткі зарэгістравалі ў Маскоўскай вобласьці, 369 — у Санкт-Пецярбургу, 281 — у Ніжагародзкай вобласьці, 230 — у Сьвярдлоўскай вобласьці.
У школах адмянілі лінейкі, але не ва ўсіх. Міністэрства адукацыі: вырашаюць дырэктары
У Менску 29 траўня прагучалі апошнія званкі, пасьля гэтага заняткаў ня будзе. У рэгіёнах Беларусі яны пройдуць заўтра, 30 траўня. У некаторых школах апошні званок сёлета прагучаў онлайн.
Сёлета Міністэрства адукацыі Беларусі рэкамэндавала школам не праводзіць выпускных лінеек праз эпідэмічную сытуацыю. Аднак рэкамэндацыяй скарысталіся ня ўсе. Падрабязнасьці тут.
Як з дня ў дзень расла колькасьць інфікаваных COVID-19 у розных краінах Эўропы. ІНФАГРАФІКА
Эпідэмія каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 пачала распаўсюджвацца ў Эўропе з Італіі, але за чатыры месяцы на першае месца выйшла Расея, у топ трапіла і Беларусь. Як мянялася колькасьць інфікаваных, паводле статыстыкі сайту Worldmeters:
Лукашэнка задаволены, што ня ўвёў карантыну: «На Захадзе дзікае беспрацоўе, людзі каструлямі грукаюць»
Аляксандар Лукашэнка, наведваючы 29 траўня Менскі трактарны завод, заявіў, што Беларусь правільна не ўвяла карантыну і не спыніла вытворчасьці.
«На багатым Захадзе дзікае беспрацоўе. Людзі каструлямі грукаюць. Дзякуй Богу, што мы гэтага пазьбеглі, не закрыліся», — цытуе яго праўладны тэлеграм-канал «Пул Первого». Цалкам чытайце тут.
Чэмпіянат Англіі адновіцца 17 чэрвеня без заўзятараў на трыбунах. У Беларусі футбол і не спыняўся
Ангельская футбольная прэм’ер-ліга адновіць сэзон 17 чэрвеня матчамі «Астан Віла» — «Шэфілд Юнайтэд» і «Манчэстар Сіці» — «Арсэнал», паведамляе BBC. Гэта перанесеныя гульні мінулых тураў. Першы паўнавартасны тур пройдзе ў наступны ўікэнд пасьля аднаўленьня — 19-21 чэрвеня.
Матчы адбудуцца без гледачоў. На патрабаваньне паліцыі некалькі сустрэч могуць адбыцца на нэўтральных палях, бо ёсьць рызыка збору заўзятараў каля стадыёнаў. У прэм’ер-лізе засталося дагуляць 9 тураў. Падрабязнасьці тут.
Найстарэйшы маратонскі забег у сьвеце адмянілі, бо немагчыма трымацца сацыяльнага дыстанцыяваньня
Аргкамітэт Бостанскага маратону прыняў рашэньне адмяніць забег, які на працягу апошніх 124 гадоў праводзіўся штогод, нягледзячы на дзьве сусьветныя вайны і пандэмію «гішпанкі». Марафон адмянілі, каб выканаць патрабаваньні сацыяльнага дыстанцыяваньня і прадухіліць заражэньне ўдзельнікаў каранавірусам.
Гонка, у якой штогод удзельнічаюць 30 тысяч чалавек, раней ужо была перанесена з 20 красавіка на 14 верасьня. Аднак арганізатары вырашылі зусім адмяніць маратон, замяніўшы яго на віртуальнае мерапрыемства, удзельнікі якога будуць індывідуальна бегчы 42-кілямэтровую дыстанцыю.
Больш за 80% заражаных каранавірусам маюць «ціхую інфэкцыю» і адчуваюць сябе здаровымі — навукоўцы
Колькасьць інфікаваных каранавірусам новага тыпу нашмат большая, чым лічылася дагэтуль. Пра такую выснову лекараў з амэрыканскага Цэнтру кантролю і прадухіленьня хваробаў паведамляе нямецкі штотыднёвік Focus.
Мэдыкі сьцьвярджаюць, што больш за 80% тых, у каго аналізамі было пацьверджана заражэньне Sars-CoV-2, ня мелі ніякіх сымптомаў хваробы. Такіх людзей называюць пацыентамі зь «ціхай інфэкцыяй». Але менавіта яны скажаюць сапраўдную ацэнку і карціну пашырэньня каранавірусу ў сьвеце. Людзей без прыкметаў хваробы амаль ніколі не тэстуюць, таму яны робяцца несьвядомымі пераносчыкамі Sars-CoV-2. Цалкам чытайце па спасылцы.
«Хацеў бы ведаць, каму яна пайшла». Ачунялы ад COVID-19 расказаў у дэталях, як здаваў плязму
33-гадовы мянчук Ільля Вайстраценка праз два тыдні пасьля выпіскі са шпіталя здаў плязму, каб дапамагчы іншым хворым на каранавірус. Атрыманыя за донарства грошы ахвяруе на праекты дапамогі, зьвязаныя з COVID-19. Ільля ў дэталях расказаў Свабодзе, як адбываецца здача плязмы, і падзяліўся фатаздымкамі. Чытайце інтэрвію па спасылцы >>
У Маскве пералічылі сьмяротнасьць ад COVID-19 паводле новай мэтодыкі. Лічба вырасла ў 2,5 раза
Колькасьць памерлых з прычыны каранавірусу ў Маскве за красавік, паводле новых дадзеных дэпартамэнту аховы здароўя Масквы, істотна скарэктаваная — з 639 да 1561 чалавека. Пра гэта інфармуе ВВС.
Улады расейскай сталіцы ўпершыню ўлічылі бессымптомных пацыентаў у публічнай статыстыцы сьмяротнасьці ад COVID-19. У мэрыі спасылаюцца на рэкамэндацыі САЗ і Міністэрства аховы здароўя і раяць ужываць новую мэтодыку падліку ў іншых рэгіёнах.
Так, у красавіку выпадкі сьмерці непасрэдна ад каранавірусу ў Маскве складаюць 1,4% ад усіх выяўленых выпадкаў захворваньня. Калі ж дадаць да іх гібель пацыентаў з станоўчым тэстам на вірус, але без сымптомаў пнэўманіі, узровень сьмяротнасьці вырастае да 2,8%.
У Нью-Ёрку і Лёндане гэтыя паказчыкі адпаведна 10% і 23%, вынікае з прэзэнтацыі.
Украіна адкрыла пункты пропуску на межах з Эўразьвязам і Малдовай, зь Беларусьсю і Расеяй — не
Апоўначы пятніцы Ўкраіна адкрывае 66 пунктаў пропуску на мяжы з краінамі Эўразьвязу і Малдовай, паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
«Апублікаванае рашэньне ўраду, згодна зь якім адкрываюцца 66 пунктаў пропуску, часова зачыненымі працягваюць быць 56. Адміністрацыя Дзяржаўнай памежнай службы прапрацавала адпаведныя дакумэнты, накіравала іх у памежныя падразьдзяленьні, і з украінскага боку праца ўсіх гэтых пунктаў пропуску адновіцца», — сказаў Дземчанка.
Рашэньне аб адкрыцьці ня тычыцца пунктаў пропуску на мяжы з Расеяй і Беларусьсю, яны, як і раней, застануцца закрытымі. Мяжу зь Беларусьсю Ўкраіна закрыла ў ноч на 16 сакавіка — на 7 міжнародных пунктах пропуску быў спынены аўтамабільны і пешаходны рух. Аналягічныя абмежаваньні ўвялі на 5 міждзяржаўных і 6 мясцовых пунктах пропуску на мяжы зь Беларусьсю.
Лічбы на раніцу 29 траўня
- У сьвеце зафіксавалі звыш 5,9 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,768 млн у ЗША, 438,8 тысячы ў Бразыліі, 379 тысяч у Расеі, амаль 285 тысяч у Гішпаніі, звыш 269 тысяч у Вялікай Брытаніі, 231,7 тысячы ў Італіі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 362,1 тысячы чалавек. Зь іх 103 330 у ЗША, 37 837 у Вялікай Брытаніі, 33 142 у Італіі, 28 662 у Францыі, 27 119 у Гішпаніі, 26 764 у Бразыліі.
- Выпісалі 2,582 мільёна пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 2,965 млн, зь іх амаль 54 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
Навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 28 траўня
- Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала 28 траўня новую афіцыйную статыстыку распаўсюду COVID-19. Паводле міністэрства, на 19 траўня ў Беларусі агулам 39 858 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. 219 памерлых. За дзень выявілі яшчэ 902 выпадкі і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў.
- Беларусу, які вінаваціў Лукашэнку ў сьмерці маці ад COVID-19, адмовілі ў крымінальнай справе. Аляксандар Мацьвееў вінаваціў Лукашэнку ў бязьдзеяньні службовай асобы падчас пандэміі каранавірусу.
- Грамадзкае аб’яднаньне «Экадом» выказаа занепакоенасьць бязьдзейнасьцю дэпартамэнту ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў (Дзяржатамнагляд) на фоне зьяўленьня інфармацыі аб распаўсюдзе COVID-19 на Беларускай АЭС.
- Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Эўропы з найбольшай колькасьцю зарэгістраваных выпадкаў заражэньня COVID-19 за апошнія два тыдні, паведаміў 28 траўня дырэктар Эўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі здароўя Ганс Клюге, піша БелаПАН.
- Намесьнік міністра дзяржаўнай маёмасьці Польшчы Артур Собань заявіў, што межы краіны могуць быць адкрытыя 15 чэрвеня.
- Колькасьць амэрыканцаў, якія ад пачатку каранавіруснай эпідэміі зьвярнуліся па дапамогу па беспрацоўі, перавысіла 40 мільёнаў. Колькасьць новых зваротаў па дапамогу шматкроць перавышае ўсе паказчыкі, устаноўленыя з моманту, калі гэтыя дадзеныя пачалі адсочвацца. А агульны ўзровень беспрацоўя ў краіне ўжо супастаўляльны зь Вялікай дэпрэсіяй.
- Драматург, сцэнарыст і ЛГБТ-актывіст Лары Крамэр памёр у Нью-Ёрку. Яму было 84 гады. Прычынай сьмерці стала пнэўманія.