Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

16:35 3.6.2020

Ад пнэўманіі памерла мэдсястра, якая брала аналізы ў прыватным мэдцэнтры ў Менску

40-гадовая Ала Грыгарэвіч жыла ў вёсцы Міханавічы ў Менскім раёне, а працавала ў мэдычным цэнтры «Інвітро» ў Менску старшай мэдсястрой, брала аналізы.

Яна захварэла на пачатку красавіка, ляжала дома з высокай тэмпэратурай. 15 красавіка трапіла ў шпіталь, а 24-га памерла. У пасьведчаньні аб сьмерці напісана, што ў яе была двухбаковая пнэўманія, каранавірус пацьверджаны ня быў. Пра гэта Свабодзе сказаў яе муж Сяргей. «Мы ня ведаем, дзе Ала магла заразіцца», — сказаў Сяргей.

Амаль праз два 2 пасьля таго, як пачала хварэць Ала, у ейнай дачкі паднялася тэмпэратура. Кампутарная тамаграфія пацьвердзіла двухбаковую пнэўманію. А потым яшчэ і тэст на каранавірус аказаўся станоўчым. «Дачка на той час вучылася з дому, нікуды не выходзіла. Заразіцца ні ад кога не магла, толькі ад жонкі. Але ж у яе тэст быў адмоўны. Мне потым расказалі, што такое бывае», — сказаў Сяргей.

16:30 3.6.2020

#ByCovid19 паказалі на мапе, што куды даставілі і дзе мэдыкі яшчэ чакаюць дапамогі

На сайце грамадзянскай кампаніі #ByCovid19 зьявілася інтэрактыўная мапа, на якой пазначана, якую дапамогу мэдыкам у якія раёны ўжо даставілі, а якой мэдыкі яшчэ чакаюць. Напрыклад, колькі нарукаўнікаў даставілі ў кожны раён краіны або колькі канцэнтратараў кіслароду яшчэ чакаюць беларускія мэдыкі. Глядзіце мапу і чытайце падрабязнасьці па спасылцы.

Кампанія заяўляе, што ўсяго па Беларусі на момант публікацыі даставілі 354 тысячы адзінак сродкаў індывідуальнай засьцярогі (пры больш як 728 тысячах запытаў) і 1404 адзінкі абсталяваньня (пры амаль 15 тысячах запытаў).

16:29 3.6.2020

Кітай заявіў, што за суткі каранавірусам там заразілася адна асоба

У Кітаі, паводле Камісіі грамадзкай аховы здароўя, цягам сутак выяўлена адна сымптаматычная каранавірусная інфэкцыя і чатыры бессымптомныя інфэкцыі. Камісія заявіла, што адзіны сымптаматычны выпадак заражэньня каранавірусом датычыцца чалавека, які прыбыў у Кітай з-за мяжы.

Усяго з пачатку эпідэміі ў Кітаі быў выяўлены 83 021 выпадак каранавіруснай інфэкцыі.

16:00 2.6.2020

Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 2 чэрвеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 2 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 44 255 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 243 памерлі, зь іх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія ​родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 19 195 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 852 выпадкі і прызналі яшчэ 3 сьмерці, выпісалі 419 чалавекі
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 562 945​ тэстаў (9568 за дзень, хоць да таго шэсьць дзён запар праводзілі па 12–14,5 тысячы).
15:57 2.6.2020

Міністэрства абароны Расеі пачало выпрабаваньні вакцыны ад COVID-19 на людзях

Міністэрства абароны Расеі выбрала 50 добраахвотнікаў зь ліку вайскоўцаў для клінічных выпрабаваньняў вакцыны ад COVID-19, паведамляюць расейскія інфармагенцтвы са спасылкай на заяву ваеннага ведамства. Першая група добраахвотнікаў прыбудзе ў інстытут 3 чэрвеня. Завяршыць клінічныя выпрабаваньні вакцыны плянуецца да канца ліпеня.

Вакцына распрацаваная з удзелам 48-га Цэнтральнага навукова-дасьледчага інстытуту Міністэрства абароны Расеі і Нацыянальнага дасьледчага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі (НДЦЭМ) імя Н. Ф. Гамалеі Міністэрства аховы здароўя Расеі.

15:54 2.6.2020

У сьвеце колькасьць памерлых ад каранавірусу перавысіла 375 тысяч

Колькасьць памерлых ад новай каранавіруснай інфэкцыі па ўсім сьвеце перавысіла 375 тысяч. Інфікаваных ужо амаль 6 мільёнаў 300 тысяч.

У Бразіліі, якая нядаўна была абвешчаная новым цэнтрам пандэміі, зарэгістравалі звыш 526 тысяч выпадкаў інфэкцыі COVID-19. У глябальнай статыстыцы ўзроўню захворваньня краіна займае другое месца пасьля ЗША. Там, як сьведчаць дадзеныя ўнівэрсытэту Джонса Гопкінса, выявілі больш за 1 мільён 800 тысяч чалавек з каранавіруснай інфэкцыяй.

У колькасьці сьмяротных зыходаў ад каранавірусу Бразылія цяпер на чацьвёртым месцы — амаль 30 тысяч памерлых. ЗША ўгэтым паказчыку таксама на першым месцы — больш за 105 тысяч сьмерцяў. На другім месцы Вялікая Брытанія, дзе ад COVID-19 памерлі звыш 39 тысяч пацыентаў. На трэцяй пазыцыі Італія — амаль 33,5 тысячы загінулых. Яшчэ адна эўрапейская краіна, якая знаходзіцца ў першай пяцёрцы статыстыкі сьмерцяў, гэта Францыя. Там колькасьць памерлых набліжаецца да 29 тысяч.

15:53 2.6.2020

У Беларусі па-ранейшаму ўжываюць гідроксіхлёрахін супраць канаравірусу. WHO прызнала, што ён можа нашкодзіць

Прэпарат, які прымаў Дональд Трамп і маглі ўжываць беларускія мэдыкі, не дапамагае супраць каранавірусу, але можа павысіць рызыку сьмерці сярод пацыентаў з COVID-19, паведамляла 25 траўня Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO).

У Беларусі працягваюць ужываньне хлёрахіну і гідроксіхлёрахіну для хворых на COVID-19, паведамілі 2 траўня агенцтву БелТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя. Цалкам чытайце па спасылцы.

Якіх заяваў або дакумэнтаў чакае міністэрства і калі будзе прымаць рашэньне, не паведамляецца.

15:51 2.6.2020

У Горадзенскай вобласьці заявілі, што ў іх жыве 11% усіх беларускіх інфікаваных COVID-19

Галоўны пазаштатны інфэкцыяніст Горадзенскай вобласьці Ўладзімер Цыркуноў паведаміў 1 чэрвеня дзяржаўнаму тэлеканалу «Гродна Плюс», што ў гэтай вобласьці жыве 11% ад усіх, хто захварэў на новы каранавірус у Беларусі.

Цыркуноў заявіў, што ў вобласьці яшчэ ня «выйшлі на плято» ў колькасьці хворых, але набліжаюцца да таго, штодзённы прырост невялікі. «Выбухнога росту» інфэкцыяў, «як гэта адбылося ў іншых рэгіёнах», няма. Цалкам чытайце тут.

15:49 2.6.2020

Каранавірус: у Кіраўскім раёне на Магілёўшчыне ўвялі масачны рэжым, выезд абмежаваны

Адмысловае распараджэньне выдаў мясцовы райвыканкам «у сувязі з эпідэмічным становішчам і дзеля мінімізацыі рызыкі распаўсюджваньня на тэрыторыі раёну інфэкцыі, выкліканай каранавірусам COVID-19».

На сайце мясцовага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі гаворыцца, што выкарыстоўваньне масак насельніцтвам падчас наведваньня публічных месцаў абавязковае. Дзейнічаць мера будзе да адмены распараджэньня. Кантроль за яго выканьнем даручаны галоўнаму санітарнаму лекару раёну. Падрабязнасьці тут.

10:06 2.6.2020

Лічбы на раніцу 2 чэрвеня

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 6,37 мільёна выпадкаў COVID-19: больш як 1,859 млн у ЗША, 529,4 тысячы ў Бразыліі, 414,9 тысячы ў Расеі, 286,7 тысячы ў Гішпаніі, 276,3 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 233,2 тысячы ў Італіі, амаль 200 тысяч у Індыі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці амаль 377,6 тысячы чалавек. Зь іх 106 925 у ЗША, 39 045 у Вялікай Брытаніі, 33 475 у Італіі, 30 046 у Бразыліі, 28 833 у Францыі, 27 127 у Гішпаніі.
  • Больш як 2,9 мільёна пацыентаў ачунялі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 3,087 млн, зь іх 53,4 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
20:24 1.6.2020

Сусьветны банк дае Мінздароўя 90 мільёнаў эўра, у тым ліку — на інфармаваньне насельніцтва

Сусьветны банк і Міністэрства аховы здароўя онлайн падпісалі дакумэнты пра выдзяленьне Беларусі 90 мільёнаў эўра. Частка грошай прыйдзе ўжо ў найбліжэйшыя дні, частка — крыху пазьней.

Паводле ведамства, грошы пойдуць на закупку сродкаў абароны, абсталяваньне для рэанімацыі, а таксама на інфармаваньне насельніцтва. Падрабязнасьці чытайце па спасылцы.

20:23 1.6.2020

Маскі і дыстанцыя. Як выпускнікі здавалі першы іспыт

Нягледзячы на пэтыцыю выпускнікоў і іх бацькоў, якую падпісалі больш за 9 тысяч чалавек, сёлета экзамэны ў школах не адмянілі. Мінадукацыі рэкамэндуе на пісьмовых экзамэнах рассадзіць дзяцей як мага далей адзін ад аднаго, а на вусных — запускаць па 5 чалавек, пасьля чаго прыбраць і праветрыць.

Свабода даведалася, як прайшлі першыя іспыты. Чытайце артыкул цалкам па спасылцы>>

20:21 1.6.2020

Менгарвыканкам вызначыў, якому бізнэсу дапаможа падчас пандэміі, а якому — не

Менгарвыканкам зацьвердзіў пералік відаў эканамічнай дзейнасьці, якія найбольш пацярпелі ад эпідэміялягічнай сытуацыі і якім патрэбная падтрымка. Прадпрымствам з гэтых галін у II і III кварталах 2020 году ў 2 разы зьнізяць арэнду за зямлю, падатак на нерухомасьць і зямельны падатак.

На льготы могуць разьлічваць юрыдычныя асобы і прадпрымальнікі, якія працуюць у наступных сфэрах:

  • транспартная, паштовая і кур’ерская дзейнасьць, складаваньне (пасажырскія перавозкі, тэрміналы, паслугі аўтамабільных стаянак, транспартная апрацоўка грузаў, складаваньне і захоўваньне, увесь транспарт за выключэньнем таксі);
  • паслугі часовага пражываньня і харчаваньня (гатэлі, базы адпачынку, гостэлы; выключэньне — кавярні, рэстарацыі, бары);
  • адміністрацыйныя і дапаможныя паслугі (тыя, хто займаецца турызмам, арганізацыяй канфэрэнцый і выставаў, здае ў арэнду і лізінг забаўляльнае і спартовае абсталяваньне; выключэньне — арэнда і лізінг аўтамабіляў);
  • адукацыя (дашкольная адукацыя, школы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кіроўцаў);
  • адпачынак (разнастайныя віды дзейнасьці ў галіне культуры, мастацтва, забаваў, адпачынку і спорту; выключэньне — арганізацыя азартных гульняў і лятарэй);
  • такія паслугі, як: рамонт абутку, мэблі, адзеньня, кампутараў, ноўтбукаў, прынтараў і электроннай бытавой тэхнікі, бытавой электрычнай і садовай тэхнікі; праньне, хімчыстка; касмэтычныя паслугі і паслугі цырульнікаў; выключэньне — паслугі па арганізацыі пахаваньня.
20:19 1.6.2020

Праваабаронца паскардзіўся ў ААН на адсутнасьць дэталёвай інфармацыі пра COVID-19 у Беларусі

Барысаўскі праваабаронца цэнтру «Вясна» Алег Мацкевіч зьвярнуўся да спэцыяльных дакладчыкаў ААН з заявай аб парушэньні Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязкаў у сувязі з інфармаваньнем пра распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі.

Як піша Мацкевіч, Мінздароўя адмаўляецца даваць грамадзянам падрабязную статыстыку аб распаўсюдзе COVID-19, публікуе толькі лічбы агулам па ўсёй краіне, што «парушае права грамадзян фармаваць і выказваць аб'ектыўную думку пра стан навакольнага асяродзьдзя, пагрозы і выклікі, зьвязаныя з эпідэміялягічнай сытуацыяй, прыводзіць да неадэкватных рашэньняў і паводзін». Праваабаронца просіць спэцдакладчыкаў «адрэагаваць на парушэньні ўсімі спосабамі, якія ёсьць у іх распараджэньні». Цалкам чытайце тут.

15:05 1.6.2020

Польскі LOT аднаўляе палёты ўнутры краіны, міжнародных рэйсаў пакуль няма

Ад 1 чэрвеня польскія авіяпасажыры змогуць карыстацца ўнутранымі сувязямі ў васьмі аэрапортах. Усяго заплянавана каля 30 рэйсаў штодзень.

  • Тры разы на дзень: Варшава — Гданьск
  • Двойчы на дзень: Варшава — Кракаў, Познань, Жэшув, Шчэцын, Ўроцлаў, Зялёна-Гура
  • Раз на дзень: Кракаў — Гданьск

Пэрспэктывы міжнародных зносінаў стануць больш акрэсьленымі пасьля 15 чэрвеня, калі Польшча пачне адкрываць межы. У менскім аэрапорце сказалі, што пакуль авіярэйсаў з Варшавай не плянуецца. Цалкам чытайце па спасылцы.

15:04 1.6.2020

Беларускія фірмы часткова аднавілі аўтобусныя рэйсы ў Польшчу

Горадзенскае транспартнае агенцтва «Фаварыт» зь 1 чэрвеня аднаўляе паездкі з Горадні ў Беласток і Варшаву. У Беласток штодня, апрача нядзелі, будзе хадзіць па 1-2 рэйсы, у Варшаву — тры дні на тыдзень па 1 рэйсе. Першыя тэставыя рэйсы з Горадні на Беласток пасьля доўгага перапынку паедуць 3 чэрвеня: у 6.30 і 9.20. Далейшы расклад пакуль невядомы.

Выехаць у Польшчу пакуль могуць толькі некаторыя групы пасажыраў:

  • грамадзяне Польшчы;
  • сужэнцы і дзеці грамадзянаў Польшчы;
  • тыя, хто мае «карту паляка» і від на жыхарства ў Польшчы («карту побыту»);
  • студэнты польскіх навучальных устаноў;
  • кіраўнікі амбасадаў і супрацоўнікі дыпляматычнай і консульскай місіі, а таксама іхныя сваякі;
  • людзі, якія маюць права пастаянна або часова пражываць у Польшчы;
  • іншаземцы, якія маюць дазвол на працу ў Польшчы;
  • кіроўцы, якія перавозяць тавары адпаведным транспартам.

Цалкам чытайце па спасылцы.

14:59 1.6.2020

Каранавірус: Жыровіцкі манастыр зьняў карантын і аднавіў службы

Жыровіцкі манастыр ад 1 чэрвеня зьняў карантын, уведзены ў красавіку праз успышку каранавіруса. Пры гэтым у манастыры заклікалі наведнікаў выконваць рэкамэндацыі
для прафіляктыкі заражэньня каранавірусам: сацыяльнае дыстанцыяваньне, асабістую гігіену, рэсьпіраторны этыкет.

Ад 20 красавіка Менская духоўная сэмінарыя і манастыр знаходзіліся ў рэжыме карантыну. У Слонімскую цэнтральную раённую лякарню быў дастаўлены 41 чалавек з манастыра і сэмінарыі ў Жыровічах.

14:27 1.6.2020

Апублікаваная афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 1 чэрвеня

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 1 чэрвеня ў Беларусі:

  • агулам 43 403 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
  • 240 памерлі, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікіяродзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
  • 18 776 пацыенты паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
  • гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 847 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 262 чалавекі;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 553 377 тэстаў (12 284 за дзень);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.

Увесь травень штодзень публікавалася практычна аднолькавая статыстыка: плюс дзевяць сотняў новых выпадкаў, 4–6 прызнаных сьмерцяў за суткі.

Хоць Аляксандар Лукашэнка і прадстаўнікі Міністэрства здароўя заяўляюць пра «выхад на плято», колькасьць хворых нават у статыстыцы ейнага міністэрства няспынна расьце.

Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства аховы здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі. У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў раней была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў і выявілі 861 новы выпадак.

На вэбінары рэаніматолягаў 22 траўня лекары паказвалі статыстыку, зь якой вынікала, што толькі ў менскіх рэанімацыях за красавік памерлі 117 інфікаваных COVID-19, хоць Міністэрства здароўя на 1 траўня прызнавала толькі 93 сьмерці па ўсёй краіне. Пасьля Міністэрства здароўя стала заяўляць, што гэтыя лічбы «няправільна інтэрпрэтавалі».

14:23 1.6.2020

Прэм’ер-міністар Армэніі заразіўся каранавірусам

Прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян заразіўся каранавірусам. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў «​Фэйсбуку»​.

Паводле Пашыньяна, каранавірусную інфэкцыю выявілі і ў ягоных сямейнікаў. Хвароба працякае бяз бачных сымптомаў і тэмпэратуры, аднак Пашыньян будзе працаваць дыстанцыйна, каб не заразіць калег.

Пашынян таксама выказаў меркаваньне наконт таго, дзе і як ён мог заразіцца.

«Я заразіўся ў ходзе працоўных нарадаў. Я зафіксаваў адзін выпадак, і ёсьць упэўненасьць, што заражэньне зьвязанае менавіта зь ім. Як вы ведаеце, падчас нарадаў расстаўляюць шклянкі з вадой, і я аднаго дня зафіксаваў факт таго, што шклянку ставілі без пальчатак. Я, натуральна, зрабіў заўвагу і прапанаваў замяніць, але мяркую, што такое паўтаралася і раней. У супрацоўніка, які разносіў гэтыя шклянкі, таксама пацьвердзіўся станоўчы тэст», – растлумачыў ён.

08:36 1.6.2020

Лічбы на раніцу 1 чэрвеня

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 6,267 мільёна выпадкаў COVID-19: больш як 1,837 млн у ЗША, 515 тысяч у Бразыліі, 405,8 тысячы ў Расеі, 286,5 тысячы ў Гішпаніі, 274,7 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 233 тысячы ў Італіі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці амаль 374 тысяч чалавек. Зь іх 106 195 у ЗША, 38 489 у Вялікай Брытаніі, 33 415 у Італіі, 29 341 у Бразыліі, 28 802 у Францыі, 27,127 у Гішпаніі.
  • Больш як 2,847 мільёна пацыентаў ачунялі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 3,045 млн, зь іх 53,4 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG