Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на выбарчым участку разам з сваім сабакам. Менск, 26 студзеня 2025
Лукашэнка на выбарчым участку разам з сваім сабакам. Менск, 26 студзеня 2025

У Беларусі прайшлі выбары Аляксандра Лукашэнкі. Жывы блог

Лукашэнка перавыбіраецца сёмы раз ва ўмовах палітычнага крызісу і шырокамаштабных рэпрэсій. Паводле міжнародных арганізацый, гэтыя выбары носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

20:12 26.1.2025

Выбарчыя ўчасткі ў Беларусі закрыліся

Афіцыйна ўсе выбарчыя ўчасткі ў Беларусі закрытыя.

Усяго працавалі 5325 участкаў для галасаваньня.

За выбарамі ў Беларусі назіралі 486 замежных (міжнародных) назіральнікаў з 52 краін сьвету і 44361 нацыянальны назіральнік.

Таксама ў краіне працавалі 331 замежны журналіст з 23 краін.

02:40

ЦВК агучыла папярэднія вынікі выбараў прэзыдэнта

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў.

Вынікі падліку галасоў за іншых кандыдатаў наступныя:

Алег Гайдукевіч —2,2%

Ганна Канапацкая — 1,86

Сяргей Сыранкоў — 3,21%

Аляксандар Хіжняк — 1,74%

Супраць усіх прагаласавалі 3,6% удзельнікаў галасаваньня.

ЦВК заявіла, што апрацавала 100% бюлетэняў.

22:56 26.1.2025

Сын, сабака і 5-гадзінная прэс-канфэрэнцыя. Валер Карбалевіч пра выбарчы дзень у Беларусі

Лукашэнка прыйшоў галасаваць з сынам і сабакам і правёў пяцігадзінную прэс-канфэрэнцыю. Палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч аналізуе дзень выбараў у Беларусі.

22:56 26.1.2025

У МУС заявілі аб адсутнасьці грубых парушэньняў на выбарчых участках

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ведамства, «правапарадак і грамадзкая бясьпека ў краіне забясьпечаныя, апэратыўная абстаноўка знаходзіцца пад кантролем міліцыі».

У МУС адзначылі, што ўчасткі знаходзіліся пад кругласутачнай аховай, чальцоў камісій суправаджалі для галасаваньня на месцы жыхарства, а таксама транспартныя сродкі пры перавозцы бюлетэняў. Ахоўваць правапарадак дапамаглі добраахвотніцкія дружыны і прадстаўнікі вэтэранскіх арганізацый органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў.

22:42 26.1.2025

Канчатковыя вынікі могуць абвясьціць 3 лютага

Праўладныя СМІ напісалі, што канчатковыя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь могуць падвесьці ў панядзелак, 3 лютага.

22:19 26.1.2025

Валер Карбалевіч: улады могуць спрабаваць зрабіць з Канапацкай апазыцыю для міжнароднай арэны

Аналітык Свабоды Валер Карбалевіч не выключае, што пасьля выбараў цяперашняя кандыдатка ў прэзыдэнты Ганна Канапацкая пры дапамозе ўлады атрымае магчымасьць прадстаўляць апазыцыю за межамі Беларусі.

«Я не выключаю, што ўлады паспрабуюць зь яе сфармаваць нейкі прывід канструктыўнай апазыцыі. Я не выключаю, што Канапацкая паедзе ў нейкія замежныя паездкі, на замежныя канфэрэнцыі ў заходніх краінах, дзе будзе прадстаўляць беларускую апазыцыю», — сказаў Валер Карбалевіч у этэры Радыё Свабода «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі».

Паводле яго, ёсьць магчымыя варыянты таго, што ўлады могуць пачаць такую гульню.

Валер Карбалевіч таксама не пагадзіўся зь меркаваньнем, выказаным журналісткай Натальляй Радзінай аб неабходнасьці закліку апазыцыі да байкоту выбараў.

«Праблема ў тым, што ў Беларусі на выбары, асабліва на датэрміновае галасаваньне, людзей заганяюць, так было і цяпер. … і ў гэтых умовах заклікаць да байкоту, гэта заклікаць да нейкага адкрытага супраціву, то бок чалавек павінен ухіляцца ад таго, каб ісьці галасаваць, а гэта ўжо — элемэнт пратэсту, у Беларусі гэта можа пацягнуць за сабой вельмі непрыемныя наступствы для гэтага чалавека», — патлумачыў ён.

21:45 26.1.2025

Натальля Радзіна: стратэгія Ціханоўскай і Латушкі правалілася

Галоўная рэдактарка сайту «Хартыя 97» Натальля Радзіна ў этэры Свабоды «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі» адказала на пытаньні пра стратэгіі ўлады і апазыцыі.

21:43 26.1.2025

Экспэрт: сыгналам для дыялёгу з Захадам можа стаць вызваленьне палітвязьняў

Дырэктарка Цэнтру новых ідэй Леся Руднік мяркуе, што лідэрам у дыялёгу зь Беларусьсю могуць стаць ЗША.

«Сыгналам для пачатку дыялёгу можа стаць гатоўнасьць Лукашэнкі да рэальных дзеяньняў, якія найперш тычацца гуманітарнага трэку, вызваленьня палітзьняволеных… Пры наяўнасьці рашэньня Лукашэнкі вызваляць людзей з турмаў можа наблізіцца час, калі нейкі дыялёг можа пачацца», — сказала Леся Руднік у этэры Радыё Свабода «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі».

Экспэртка зьвярнула ўвагу на той факт, што новы прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп робіць вельмі рашучыя крокі па ўсіх кірунках.

«Складана сказаць, як гэта можа адбыцца ў справе Беларусі, але мы пабачылі заяву аб вызваленьні амэрыканскай грамадзянкі, мы пабачылі таксама інтэрвію з журналістамі Радыё Свабода яшчэ да інаўгурацыі, і тады сапраўды можам чакаць, што Амэрыка будзе тут сапраўды лідэрам у пляне дыялёгу ці перамоў», — дадала яна.

21:24 26.1.2025

Анатоль Лябедзька: для Лукашэнкі галоўнае атрымаць квіток на форум аб пасьляваеннай Эўропе

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка не настроены на дыялёг унутры Беларусі.

«Для яго цяпер галоўнае — стварыць уражаньне, што пасьля 26 студзеня ён атрымаў пэўную легітымнасьць, а гэта азначае, што перагорнута старонка 2020-га… і ён хоча атрымаць квіток на той форум, канфэрэнцыю, якая хутчэй за ўсё будзе ў найбліжэйшай пэрспэктыве і дзе будзе вырашацца лёс пасьляваеннай Эўропы», — сказаў Анатоль Лябедзька ў этэры Радыё Свабода «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі».

Паводле яго, у Эўропе пацьвердзяць суб’ектнасьць Сьвятланы Ціханоўскай, а дэмакратычныя сілы Беларусі плянуюць наладзіць супрацу з Вугоршчынай і Славаччынай, якія мелі іншую думку наконт выбараў у Беларусі, каб там у парлямэнтах пачалі працаваць дэпутацкія групы «За дэмакратычную Беларусь».

21:22 26.1.2025

Хто такая жыхарка Лоева, якая галасавала на двух участках?

Выданне «Флагшток» высьветліла, кім зьяўляецца грамадзянка, якая двойчы ўкінула бюлетэнь у скрыню для галасаваньня.

Як аказалася, чалавек на фатаграфіі не выпадковы. Гэта работніца Лоеўскай раённай бібліятэкі Сьвятлана Шумігай. Яна ўжо знаёмая з фальсыфікацыямі выбарчага працэсу — на выбарах 2017 году яе вылучыла Лоеўская раённая арганізацыя Беларускага прафэсійнага саюзу работнікаў культуры для ўдзелу ва ўчастковай выбарчай камісіі № 1 па выбарах дэпутатаў 28-га зьезду.

21:07 26.1.2025

ЦВК абяцае папярэднія вынікі да 2-й ночы

Папярэднюю інфармацыю аб колькасьці галасоў выбарцаў, пададзеных за кожнага кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, краіна даведаецца да 2 гадзін ночы 27 студзеня, — паведамілі ў ЦВК.

У гэтыя хвіліны пачынаецца прэс-канфэрэнцыя Цэнтравыбаркаму.

20:56 26.1.2025

Экспэрт у выбарах Аляксандар Шлык расказаў пра ноў-хаў беларускіх выбараў

Экспэрт у выбарах Аляксандар Шлык пералічыў шэраг аспэктаў, якія ўжо цяпер можна кваліфікаваць як парушэньні на выбарах, у тым ліку прымус галасаваць за канкрэтнага чалавека, датэрміновае галасаваньне, а таксама непразрыстасьць падліку галасоў.

Паводле яго, без назіраньня цяжка вызначыць галоўныя парушэньні на выбарах. Аляксандар Шлык дадаў, што «цяпер удзельнікаў выбарчых камісіяў папярэджвалі, каб яны ня вельмі турбаваліся падлікам галасоў, што ўсё і так будзе нармальна».

«Беларускім ноў-хаў зьяўляецца тое, што нават чальцы выбарчых камісій ужо ня ведаюць вынікаў галасаваньня. Бо як адбываецца падлік галасоў у Беларусі: кожны чалец падлічвае толькі частку галасоў, запісвае сваю частку галасоў на паперцы, перадае яе старшыні, старшыня зьбірае па тэлефоне, запісвае патрэбныя лічбы ў пратакол, які хіба ўжо быў падпісаныя раніцай, і такім чынам ніхто нават у гэтай камісіі ня ведае вынікаў галасаваньня на сваім участку, бо яны ведаюць толькі сваю частку. І вось гэта вельмі цікавае ноў-хаў беларускай фальсыфікацыі выбараў. Такога нідзе ў сьвеце я ня бачыў, а я назіраў у шмат якіх краінах», — сказаў Аляксандар Шлык у этэры Радыё Свабода «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі».

20:45 26.1.2025

Юры Дракахруст: нават у прыхільнікаў Лукашэнкі нараджаецца запыт на свабоду

Аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст мяркуе, што ў грамадзтве Беларусі, у тым ліку сярод прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, пачынаюць фармавацца запыты на свабоду, паляпшэньне дачыненьняў з Эўразьвязам і на вызваленьне палітвязьняў.

Паводле яго, у дзяржаўным апараце ёсьць пэўная частка тэхнакратаў, якія выступаюць за спыненьне рэпрэсій, бо гэта перашкаджае і эканоміцы ў тым ліку, але Лукашэнка ня хоча гэта рабіць.

«Выбраць сёньняшні дзень, як нейкі пункт адліку новай эпохі, няважна там, якія выбары, але пункт адліку можна выбраць любы. Але ён ня хоча. Прынамсі, пакуль ня хоча пачынаць новую эпоху», — сказаў Юры Дракахруст у этэры Радыё Свабода «LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі».

20:31 26.1.2025

Гайдукевіч павіншаваў Лукашэнку

Кандыдат у прэзыдэнты Алег Гайдукевіч ужо павіншаваў Лукашэнку зь перамогай на выбарах, хаця вынікі яшчэ не агучаныя.

«Шчыра віншую Аляксандра Рыгоравіча зь пераканаўчай перамогай. Яна даказвае, што ён ня толькі прэзыдэнт, але і сапраўды нацыянальны лідэр краіны. Як старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі я задаволены вынікамі. Беларусь стала значна мацнейшай і больш згуртаванай, і гэта галоўны вынік», — напісаў ён у сваім Telegram-канале.

20:26 26.1.2025

Сяргей Чалы спрагназаваў меркаваныя афіцыйныя вынікі галасаваньня

Аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што ўлады хутчэй за ўсё абвесьцяць, што за Лукашэнку прагаласавалі ад 87 да 90% выбарнікаў. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка, па-ранейшаму жыве ў 2020 годзе.

«На сваім маратоне адзінства і на прэсавай канфэрэнцыі ён паўтарыў адну і тую ж думку, што „мы 26 студзеня нічога не вырашаем, мы ўсё вырашылі ў 2020 годзе., а цяпер нічога не зьмяняецца“, — сказаў Сяргей Чалы ў этэры Радыё Свабода „LIVE. Выбары ў Беларусі. Сёмы тэрмін Лукашэнкі“.

У той жа час аналітык мяркуе, што трэба зь перасьцярогай ставіцца да цяперашніх выказваньняў Лукашэнкі. „Ён цяпер на стадыі эўфарыі, ён сябе паводзіў, як вялікі геапалітычны лідэр, раздаючы парады Эрдагану, Армэніі, Малдове, палякам, амэрыканцам […] прыкладна так было і ў 2020 годзе […], а потым пройдзе час, спадзе адрэналін, і пасьля гэтага будуць зусім іншыя выказваньні, якія будуць зводзіцца да таго, што „мы цяпер павінны за год-два“ нешта там паправіць у краіне, і зноў думаць пра тое, дзе каго новага шукаць. Я лічу, што вось гэтае выказваньне пра „год-два“ нашмат больш важнае, чым наступная пяцігодка», — сказаў Сяргей Чалы.

20:22 26.1.2025

Папярэднія вынікі экзытполаў: 87,6% за Лукашэнку

Папярэднія вынікі экзытполаў у Беларусі: за Лукашэнку прагаласавала 87,6% беларусаў

Пра гэта паведамляе дзяржаўная агенцыя БелТА.

Па выніках апытаньня, за Алега Гайдукевіча прагаласавала - 1,8% апытаных; за Ганну Канапацкую - 1,6%. Сяргей Сыранкоў набраў 2,7% галасоў апытаных выбаршчыкаў, Аляксандр Хіжняк 1,2%, супраць усіх 5,1%.

Раней Цэнтравыбаркам заявіў, што на выбарах прагаласавалі ўжо 81,50% зарэгістраваных у выбарчых сьпісах людзей.

20:12 26.1.2025

Выбарчыя ўчасткі ў Беларусі закрыліся

Афіцыйна ўсе выбарчыя ўчасткі ў Беларусі закрытыя.

Усяго працавалі 5325 участкаў для галасаваньня.

За выбарамі ў Беларусі назіралі 486 замежных (міжнародных) назіральнікаў з 52 краін сьвету і 44361 нацыянальны назіральнік.

Таксама ў краіне працавалі 331 замежны журналіст з 23 краін.

20:11 26.1.2025

Акцыя ў Любліне

Беларусы, якія жывуць у польскім Любліне, правялі акцыю-пэрформанс — арганізавалі «выбарчы ўчастак», на якім можна было «прагаласаваць» за свайго кандыдата: Аляксандра Лукашэнку або… ліхтарны слуп. Замест бюлетэняў — туалетная папера.

«Мы ўжо падлічылі вынікі. Слуп перамагае з 94% галасоў выбарнікаў, 2 бюлетэні сапсаваныя».

20:05 26.1.2025

Улады заявілі, што на выбарах прагаласавалі 107 чалавек, якія жывуць за мяжой

У ЦВК асобна падлічваюць колькасьць беларусаў, якія жывуць за мяжой, але прыехалі ў Беларусь прагаласаваць

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі цягам дня агучвае колькасьць грамадзян Беларусі, якія стала жывуць за межамі краіны, але прыехалі, каб прагаласаваць.

«Беларусы, якія стала жывуць за мяжой, працягваюць удзельнічаць у галасаваньні. І на цяпер 107 чалавек, якія стала жывуць у розных дзяржавах, прагаласавалі на выбарах прэзыдэнта на тэрыторыі нашай краіны», — працытавала сакратарку ЦВК Алену Балдоўскую дзяржаўнае агенцтва БелТА.

19:56 26.1.2025

Вугоршчына заблякавала супольны зварот Эўразьвязу аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі

Прадстаўнікі Вугоршчыны заблякавалі супольны зварот краін Эўрапейскага Зьвязу адносна непрызнаньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Гэта вынікае з інфармацыі ад вартых даверу крыніц Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа ў Брусэлі.

Ня маючы подпісаў прадстаўнікоў усіх 27 краін Эўразьвязу, высокая прадстаўніца Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Кая Калас выпусьціла ўласны зварот, у якім заявіла, што галасаваньне 26 студзеня не было свабодным і справядлівым, і заклікала ўлады Беларусі вызваліць усіх палітвязьняў, «у тым ліку супрацоўніка Прадстаўніцтва Эўразьвязу».

Дэталі

19:49 26.1.2025

ЦВК: на выбарах прагаласавалі ўжо 81,50%

Лічбы ЦВК па рэгіёнах:

• Магілёўская вобласьць — 89,05%
• Гомельская вобласьць — 86,69%
• Берасьцейская вобласьць — 86,42%
• Горадзенская вобласьць — 83,53%
• Менская вобласьць — 83,12%
• Віцебская вобласьць — 80,94%
• Менск — 66,83%

Загрузіць яшчэ

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG