Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на выбарчым участку разам з сваім сабакам. Менск, 26 студзеня 2025
Лукашэнка на выбарчым участку разам з сваім сабакам. Менск, 26 студзеня 2025

У Беларусі прайшлі выбары Аляксандра Лукашэнкі. Жывы блог

Лукашэнка перавыбіраецца сёмы раз ва ўмовах палітычнага крызісу і шырокамаштабных рэпрэсій. Паводле міжнародных арганізацый, гэтыя выбары носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

Галоўнае

14:28 26.1.2025

У Менску і на Гомельшчыне на патрабаваньне ўладаў адключылі інфармацыйныя экраны, — СМІ

На патрабаваньне ўладаў у менскім мэтрапалітэне і шэрагу іншых месцаў сталіцы з 23 студзеня адключаныя інфармацыйныя экраны. Гэта зроблена, каб пазьбегнуць паўтарэньня леташняга ўзлому сыстэмы, паведаміла «Позірку» крыніца, знаёмая з сытуацыяй.

Паводле зьвестак выданьня «Флагшток», указаньне выключыць інфармацыйныя экраны да 27 студзеня дзейнічае як мінімум і на Гомельшчыне — адпаведнае прадпісаньне атрымалі прадпрыемствы Гомельскай вобласьці.

24 лютага 2024 году, у заключны дзень датэрміновага галасаваньня перад «адзіным днём галасаваньня» на парлямэнцкіх і мясцовых выбарах, дзякуючы намаганьням аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol на экраны, у тым ліку ў мэтро, у Беларусі вывелі зварот Сьвятланы Ціханоўскай. 50-сэкундны ролік тычыўся галасаваньня і другой гадавіны расейскай агрэсіі супраць Украіны.

13:35 26.1.2025

Лідэры апазыцыі: Мы ня можам перагарнуць старонку, Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ, ён злачынца

Сёньня ў Варшаве лідэры Аб'яднанага пераходнага кабінэту і Каардынацыйнай рады выступілі з заявамі наконт выбарчай кампаніі 2025 году.

«Беларусы ніколі ня выберуць Лукашэнку. Ён злачынца, які захапіў уладу і з дапамогай Пуціна ўтрымлівае 9 мільёнаў беларусаў у закладніках, тысячы знаходзяцца ў турмах за сваю палітычную і грамадзкую пазыцыю. Ён уцягнуў нашую краіну ў вайну, ён здае сувэрэнітэт Расеі і стаў пагрозай для нашых суседзяў. Ён не прадстаўляе беларускі народ», — заявіла старшыня АПК Сьвятлана Ціханоўская.

Пра тое, што Лукашэнка зьяўляецца злачынцам і незаконна ўтрымлівае ўладу, заявілі таксама намесьнік старшыні АПК Павал Латушка і сьпікерка КР Анжаліка Мельнікава. Падрабязьней >>

13:18 26.1.2025

ЦВК: на 12:00 яўка выбарнікаў склала 56,64% — выбары адбыліся

Паводле ЦВК, выбары ўжо адбыліся ў кожнай з абласьцей Беларусі. Лічбы яўкі па абласьцях, агучаныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй:

  • Гомельская вобласьць — 62,84%
  • Берасьцейская вобласьць — 61,34%
  • Магілёўская вобласьць — 58,71%
  • Горадзенская вобласьць — 54,96%
  • Віцебская вобласьць — 54,40%
  • Менская вобласьць — 54,27%
  • Менск — 51,29%
Галасаваньне на адным з выбарчых участкаў у Менску
Галасаваньне на адным з выбарчых участкаў у Менску

13:13 26.1.2025

Беларусы Ўроцлава таксама выйшлі на акцыю

13:08 26.1.2025

Лукашэнка пра перадачу ўлады: Жанчына ня можа быць дыктатарам

Падчас прэс-канфэрэнцыі журналіст Associated Press спытаў Лукашэнку, каму з маладога пакаленьня ён гатовы перадаць уладу і калі гэта адбудзецца.

«Маладое пакаленьне — гэта ня мой малодшы сын і не старэйшы сын. Я казаў, што будучае пакаленьне — гэта пакаленьне маладых. Я не казаў пра пэрсаналіі, а вы адразу: „Хто гэта будзе?“. Напэўна будзе новы прэзыдэнт, але што будзе да 2030 году, я ня ведаю. Я катэгарычна супраць, каб загружаць жанчыну такой працай, жанчына ня можа быць дыктатарам», — адказаў Лукашэнка.

Калі і каму Лукашэнка гатовы перадаць уладу, ён так і не адказаў.

12:48 26.1.2025

Лукашэнка сказаў пра свой магчымы ўдзел у мірных перамовах па Ўкраіне

Падчас прэс-канфэрэнцыі пасьля галасаваньня, адказваючы на пытаньні, Лукашэнка выказаўся наконт свайго магчымага ўдзелу ў перамовах наконт вайны ва Ўкраіне.

«Уладзімір Зяленскі пастаянна прапагандуе гарантыі і стабільнасьць у рэгіёне. Тады трэба ўлічваць цікавасьць усіх бакоў, у тым ліку беларусаў. Латышы, эстонцы, палякі — усе туды ірвуцца. А бяз нашага ўдзелу ня можа быць поўнай бясьпекі. Аднак, каб я з глузду зьехаў, калі безь мяне будуць перамовы, — такога няма», — сказаў Лукашэнка і дадаў, што калі яго на перамовах ня будзе, дык «Пуцін выкажа беларускую пазыцыю».

12:44 26.1.2025

«Безвыходнасьць, кандыдаты-спойлеры, палітвязьні». Што замежныя журналісты пішуць пра выбары ў Беларусі

Беларускае Міністэрства інфармацыі паведамляе, што выбары ў Беларусі асьвятляюць 812 журналістаў. Паглядзелі, каго дапусьцілі пісаць пра іх і што паведамляюць замежныя журналісты. Чытайце па спасылцы.

11:56 26.1.2025

Лукашэнка: Апазыцыя — гэта тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі

Падчас прэс-канфэрэнцыі нямецкія журналісты спыталі ў Лукашэнкі пра магчымы дыялёг з апазыцыяй. Ён адказаў, што гатовы гаварыць з апазыцыяй толькі ў Беларусі. І згадаў Ганну Канапацкую, якая таксама ўдзельнічае ў выбарах.

«Яе настойлівасьць падтрымліваецца некаторымі людзьмі ў нашым грамадзтве. Камуністы, як бы мяне ні хвалілі, у іх ёсьць пытаньні асобныя да дзейнай улады. Зь імі я гатовы весьці дыялёг, бо ад іх нешта залежыць у краіне», — адказаў ён.

Таксама Лукашэнка адзначыў, што з апазыцыяй за мяжой яму «няма аб чым гаварыць».

11:51 26.1.2025

У Вільні пачалася акцыя беларускіх актывістаў «Выбары бяз правілаў»

У Вільні ідзе акцыя беларускай дыяспары «Выбары бяз правілаў!» Перад Домам ураду на плошчы Кудзіркі актывісты ініцыятываў «Дапамога», ReBelarus і асацыяцыя палітвязьняў Беларусі паставілі намёт, празрыстую скрыню. Гэта імітуе выбарчы ўчастак. Зьявіліся нацыянальныя беларускія сьцягі. Ахвочым прапануюць «прагаласаваць» і напісаць сваю думку на тэму выбараў у Беларусі.

На плякаце напісана, што ў беларускіх выбараў няма рэальных кандыдатаў і свабодных СМІ, у краіне сотні палітвязьняў. Гэта вельмі люднае месца ў цэнтры Вільні на праспэкце Гедзіміна. людзі падыходзяць, цікавяцца, ім раздаюць улёткі па-беларуску і літоўску. Акцыя будзе праходзіць да вечара, у другой палове дня чакаецца мітынг. Больш фота з акцыі

11:44 26.1.2025

Лукашэнку абыякава, ці прызнаюць на Захадзе выбары ў Беларусі

Падчас прэс-канфэрэнцыі для журналістаў на выбарчым участку Лукашэнка заклікаў не зьвяртаць увагу на рэакцыю заходніх краін, якія не прызнаюць выбары ў Беларусі.

«Прызнаеце гэтыя выбары, не прызнаеце — гэта справа густу. Мне гэта абсалютна фіялетава. Мне галоўнае, каб беларусы прызналі гэтыя выбары», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньне журналіста брытанскага выданьня BBC Стыва Ротэнбэрга.

11:38 26.1.2025

Лукашэнка брытанскаму журналісту, які спытаў пра Калесьнікаву: «Не перабірай, Стыў!»

Падчас прэс-канфэрэнцыі журналіст BBC Стыў Розэнбэрг спытаў Лукашэнку, чаму той не адпусьціць Марыю Калесьнікаву і Сяргея Ціханоўскага.

«Турма — гэта для тых, хто парушыў закон. Што, у Ангельшчыне ці ЗША няма турмаў? Хто парушыў закон, будзе сядзець, але нават там мы ім рот не закрываем. Марыя Калесьнікава і іншыя, пра каго ты гаворыш. У Марыі Калесьнікавай усё нармальна са здароўем. Яе паказалі народу. Не перабірай, Стыў, у любой дзяржаве трэба несьці адказнасьць. Тыя, пра каго ты клапоцісься, па-мойму, ня вельмі хочуць на свабоду», — сказаў Лукашэнка, адказваючы на пытаньне журналіста. Падрабязьней

11:34 26.1.2025

Лукашэнка прыйшоў на выбарчы ўчастак з Умкам і заявіў, што «прагаласаваў за ўсіх»

Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, Лукашэнка на выбарчым участку апярэдзіў пытаньне журналістаў, за каго аддаў свой голас: «Калі вы хочаце спытаць, за каго, павінен вам шчыра прызнацца — за ўсіх!»

На выбарчым участку разам зь ім заўважылі ягонага сабаку Умку. Лукашэнка прагаласаваў і адказаў на пытаньні журналістаў. Чытайце яго адказы па спасылцы

11:11 26.1.2025

ЦВК: У Берасьцейскай і Гомельскай вобласьці выбары ўжо адбыліся

Старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што па стане на 10:00 на выбарах у Беларусі прагаласавалі 47,56% выбарнікаў. У Берасьцейскай і Гомельскай вобласьці выбары ўжо адбыліся — там прагаласавалі больш за 50% выбарнікаў, сказаў ён падчас прэс-канфэрэнцыі.

У іншых рэгіёнах, а таксама ў Менску, выбары пакуль яшчэ не адбыліся.

У ЦВК таксама заявілі, што 61 грамадзянін Беларусі, які пражывае за мяжой і знаходзіцца на консульскім уліку, прагаласаваў на гэтых выбарах.

11:04 26.1.2025

На малой радзіме Лукашэнкі заявілі пра яўку ў 75% на датэрміновае галасаваньне

Сьцьвярджаецца, што ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёну, на радзіме Лукашэнкі, датэрмінова прагаласавалі 75% выбарнікаў. Усяго на ўчастку зарэгістраваныя 400 чалавек.

Агулам па Беларусі, паводле ЦВК, за пяць дзён датэрміновага галасаваньня 21-25 студзеня прагаласавалі ўжо 41,81% выбарнікаў — гэта рэкордная афіцыйная, але не пацьверджаная незалежным назіраньнем (гэты інстытут у краіне зьнішчаны) яўка выбарнікаў падчас датэрміновага галасаваньня для выбарчых кампаній у Беларусі.

10:49 26.1.2025

09:29 26.1.2025

Кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу і сьпікерка Эўрапарлямэнту асудзілі «фіктыўныя выбары» ў Беларусі

«Лукашэнка чапляецца за ўладу ўжо 30 гадоў. Заўтра ён зноў прызначыць сябе на чарговых фіктыўных выбарах. Гэта абуральная абраза дэмакратыі», — напісала высокая прадстаўніца Эўразьвязу ў замежнай палітыцы Кая Калас у сацсетцы Х напярэдадні асноўнага дня галасаваньня на выбарах у Беларусі. Таксама яна падкрэсьліла, што ў Аляксандра Лукашэнкі «няма ніякай легітымнасьці».

Кіраўніца Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсаля выказала падтрымку беларускаму народу і таксама назвала выбары ў Беларусі фіктыўнымі.

«Маё пасланьне народу Беларусі: будзьце моцнымі, мы вас падтрымаем, час дыктатуры скончыцца. Дэмакратыя пераможа», — напісала Рабэрта Мэтсаля ў «Х» 25 студзеня.

09:16 26.1.2025

Літоўскія памежнікі павысілі захады ў ахове мяжы зь Беларусьсю напярэдадні выбараў

Узмоцнены рэжым аховы мяжы, якія дзейнічае ў Літве з 2021 году, перавялі ў больш высокую фазу напярэдадні выбараў у Беларусі, паведаміў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс, піша LRT.

«Рэжым аховы межаў застаецца ўзмоцненым заўсёды — геапалітычная сытуацыя, прычым пры наяўнасьці такіх суседзяў. На фоне беларускіх выбараў узровень пільнасьці яшчэ падвышаецца — узмоцнены рэжым пераходзіць у іншую, больш высокую фазу. Прадугледжана, што ў выпадку інцыдэнтаў могуць быць задзейнічаны і іншыя ведамствы — сыстэма нацыянальнай абароны, Служба грамадзкай бясьпекі, паліцыя, Саюз стралкоў Літвы», — паведаміў Мішуціс.

09:10 26.1.2025

«Лукашэнка задзейнічаў адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс», — праваабаронцы аб перадвыбарчай агітацыі

Экспэртная місія па назіраньні за выбарамі-2025, арганізаваная ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», апублікавала справаздачу па выніках назіраньня за перадвыбарнай агітацыяй у Беларусі. У ёй місія робіць выснову, што ў падтрымку Лукашэнкі шырока задзейнічалі адміністрацыйны і прапагандысцкі рэсурс вэртыкалі ўлады, у той час як дзеяньні іншых кандыдатаў засталіся практычна незаўважныя для шырокай аўдыторыі. Падрабязьней >>

08:42 26.1.2025

За мяжой пройдуць акцыі беларускай дыяспары

Апанэнты Аляксандра Лукашэнкі, якія вымушана выехалі ў эміграцыю, і беларуская дыяспара 26 студзеня ладзяць акцыі за мяжой.

Апоўдні ў Варшаве пройдзе шэсьце па цэнтры горада плошчы Трох крыжоў да Замкавай плошчы, дзе адбудзецца мітынг, а па абедзе ў сталіцы Польшчы чакаецца форум «Беларусы годныя лепшага».

У Вільні акцыі беларускай дыяспары пройдуць перад Домам ураду, дзе актывісты ініцыятывы «ReBelarus» усталююць намёт, які будзе імітаваць выбарчы ўчастак. Там ахвочым прапануюць «прагаласаваць» і напісаць зварот на тэму выбараў.

Беларусы Чэхіі плянуюць акцыю ў Празе ля амбасады Беларусі, у Стакгольме і іншых сталіцах краін Эўропы Народныя амбасады Беларусі плянуюць акцыі пад назвай «Лукашэнку ў шродэр».

Галасаваньня за межамі Беларусі ўлады не прадугледжваюць.

08:00 26.1.2025

Галасаваньне ў «атмасфэры сьвята» і пад кантролем сілавікоў

26 студзеня ў Беларусі праходзіць асноўны дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Выбарчыя ўчасткі адкрыліся а 8-й гадзіне і будуць працаваць да 20:00. На ўчастках для выбарнікаў загадана ствараць «атмасфэру сьвята», на іх завабліваюць падарункамі і танным буфэтам.

На ўсіх участках кругласутачна дзяжураць сілавікі, якія ахоўваюць выбарчыя камісіі. Імёны ўдзельнікаў выбарчых камісій засакрэцілі, а калі BelPol апублічыла іх, на арганізацыю завялі крымінальную справу. Выбарчыя бюлетэні фатаграфаваць забаранілі пад пагрозай адміністрацыйнай адказнасьці (у 2020-м дзякуючы фота бюлетэняў апанэнты ўлады змаглі даказаць фальсыфікацыю выбараў).

Загрузіць яшчэ

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG