21 студзеня ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах. Праваабаронцы лічаць яго адным з мэханізмаў фальсыфікацый. Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. Апошнія дзесяцігодзьдзі міжнародныя структуры не прызнаюць выбары легітымнымі.
Як і ў папярэднія кампаніі, да арганізацыі выбараў і калявыбарчых мерапрыемстваў шырока прыцягваюць супрацоўнікаў бюджэтнай сфэры. Пагаварылі зь некаторымі зь іх пра асаблівасьці кампаніі 2025 году.
«Никакой иностранщины»
Аліна (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля іх бясьпекі. — РС) працуе ў сфэры дадатковай адукацыі школьнікаў. Паколькі выбарчы ўчастак арганізаваны ў яе ўстанове, Аліне разам зь дзецьмі даручылі, як кажа сама жанчына, «ствараць атмасфэру сьвята». То бок падрыхтаваць музычнае суправаджэньне на ўчастку. Аліна расказвае: адметнасьць сёлетніх выбараў у тым, што падчас галасаваньня дазволілі сьпяваць толькі патрыятычныя песьні. Рэпэртуар павінен быць вывераны і ўзгоднены з кіраўніцтвам установы адукацыі.
«Раней мы таксама выступалі на ўчастку для галасаваньня, дый усюды ж на ўчастках гучала музыка. Але тады гэта маглі быць і частушкі, і ўключаны магнітафон са, скажам, Веркай Сярдзючкай — абы музыка была вясёлая. Цяпер жа падыход такі — патрыятызм. І каб не было „никакой иностранщины“. У інтэрнэце хапае так званых беларускіх патрыятычных песень, у асноўным аўтарства Ганны Сялук, нявесткі Лукашэнкі. Ці гурт Аўра, ці Вікторыя Алешка. Выбіраем нешта такое», — расказвае Аліна.
Іншая суразмоўца, Марыя, працуе ў адной зь беларускіх сярэдніх школ. Яна сьцьвярджае, што кіраўніцтва школы давала настаўнікам на подпіс «паперку», дзе пэдагогі абавязваліся галасаваць за Лукашэнку.
«Як і на этапе збору подпісаў за кандыдатаў, ніхто нашае думкі не пытаўся, проста ставілі перад фактам — падпісацца, і ўсё. Дый ніхто і не зьбіраўся выказвацца ці спрачацца. Моўчкі паставілі подпісы, і ўсё на гэтым», — расказвае настаўніца. Паводле яе, у калектыве ніхто не размаўляе пра палітыку.
Руслан працуе ў сфэры мэдыцыны ў адным з шпіталяў. Кажа, што ягоным калегам кіраўніцтва «рэкамэндавала» галасаваць датэрмінова. І абавязала даць аб гэтым справаздачу.
«Яны не загадалі, сказалі: „Мы вам рэкамэндуем“. Але пры гэтым трэба даць справаздачу — парадокс нейкі. Нібыта добраахвотна, але абавязкова», — дадаў Руслан.
Антон працуе юрыстам. Як ён расказаў у размове з Свабодай, адметнасьць гэтых выбараў у тым, што нікога не пакінулі па-за ўвагай. Актыўна ўдзельнічаць у выбарах мусяць амаль усе беларусы.
«Напрыклад, знаёмых адвакатаў абавязалі сядзець на выбарчых участках і тлумачыць людзям выбарчае заканадаўства, калі хто захоча такога тлумачэньня. Мэдыкі на ўчастках будуць мераць ціск, пэдагогі зь дзецьмі — сьпяваць, гандаль — прадаваць прадукты, і гэтак далей», — расказвае суразмоўца.
Паводле яго, адвакатаў «уцягнулі ў палітыку» яшчэ ў сьнежні 2024 году, калі была абвешчаная дата выбараў.
«Па-першае, трэба было паставіць подпіс за „таго самага кандыдата“ і даць справаздачу, што паставілі — ім нават скінулі адмысловыя блянкі. Потым загадалі схадзіць у працоўныя калектывы і правесьці гутаркі на тэму выбараў, зрабіць фота і таксама даць справаздачу», — кажа Антон.
Форум