17 студзеня зьявілася інфармацыя пра сьмерць беларускай добраахвотніцы Марыі Зайцавай, якая была цяжка параненая на пратэстах у Менску ў жніўні 2020 году. Як стала вядома Свабодзе, на фронт ва Ўкраіну Марыя ўпершыню трапіла вясной 2023 году. Атрымала раненьне і вярнулася ў Чэхію, дзе жыла пасьля ад’езду зь Беларусі. 16 студзеня 2024-га Марыя паехала ва Ўкраіну другі раз. На той момант ёй было 23 гады. На фронце Зайцава служыла ў Другім інтэрнацыянальным легіёне. Спачатку ў мэдычнай частцы, потым — снайпэрам.
Саслужыўцы беларускі расказалі, якімі былі яе апошнія гады і месяцы.
Ратавала жыцьці, перакладала з ангельскай
Алесь Пятроўскі служыць у Другім інтэрнацыянальным легіёне. У 2023 годзе ён быў там начальнікам мэдычнай часткі. У легіён прыбыло папаўненьне, у тым ліку беларус, які перайшоў з палка Каліноўскага. А таксама Марыя Зайцава, якая прыехала з Чэхіі.
«Чаму яна вырашыла далучыцца да добраахвотнікаў? Мне здаецца, яна проста хацела, каб Беларусь была свабоднай. У яе была крыўда, што яе, па сутнасьці, выгналі з краіны, яна хацела вярнуцца назад. Яе гэта вельмі зьбіла з ног — тое, што яна мусіла выехаць зь Беларусі», — разважае Алесь Пятроўскі.
Ён успамінае, што ўкраінскія дзеці часам дарылі беларускім добраахвотнікам падарункі, малюнкі і бранзалеты.
«І некаторыя бранзалеткі былі з чырвона-зялёным колерам. Я прымаў іх, ня мог жа адмовіць дзецям. Але Маша не магла бачыць гэтае спалучэньне — чырвонага і зялёнага колераў», — зазначае камандзір.
Марыю ён характарызуе як добрага, прыгожага, сьветлага чалавека, да якой усе цягнуліся. Алесь кажа, што яна была «сьветлай плямай у маім жыцьці за апошнія тры гады».
Новенькую прывялі да начмэда, бо, як ён кажа, ня ведалі, што зь ёй рабіць.
«Маленькая такая, зброяй не валодае, ну куды яе?», — узгадвае Пятроўскі. Так Марыя трапіла ў мэдычнае падразьдзяленьне. Хоць, зазначае Алесь, у акопах ці на штурме няма адрозьненьня, мэдык ты ці не. Добраахвотнікі мусяць усё ўмець, але мэдыкі яшчэ ўмеюць і дапамагчы — турнікет накласьці, першую дапамогу аказаць.
Камандзір кажа, што Марыя таксама служыла як перакладчыца ў інтэрнацыянальным легіёне, бо добра валодала ангельскай мовай. У падразьдзяленьні ёсьць людзі з розных краінаў сьвету, ня ўсе зь іх валодаюць украінскай ці расейскай мовамі.
«Пайшла на пазыцыі, хоць магла не рабіць гэтага»
Алесь Пятроўскі ўспамінае, што вайсковай навуцы Марыю вучылі самі байцы, напрыклад як валодаць зброяй. Паводле камандзіра, дзяўчына вельмі добра страляла, хоць раней ня мела такога досьведу.
Алесь разам з Марыяй быў у акопах у Серабранскім лясьніцтве — гарачым пункце фронту ў Луганскай вобласьці.
«Камбат супраціўляўся, каб Маша ішла ў акопы, бо яе ўсе бераглі, як маглі. Але пасьля гібелі „Менску“ (беларускі добраахвотнік. — РС) яна пайшла на нашы пазыцыі, хоць магла не рабіць гэтага», — зазначыў Алесь.
Улетку 2024 году ў легіёне была ратацыя. Многія скарысталіся з гэтага, каб прайсьці новыя курсы — тактычнай мэдыцыны, кіраваньнем пераноснымі супрацьпаветранымі комплексамі ці беспілётнікамі. Марыя пайшла вучыцца на стралка, ёй дапамагаў сябра Алеся. Вучылася тры месяцы — са жніўня па кастрычнік 2024 году. Прыкладна ў лістападзе вярнулася да службы, але ўжо снайпэрам.
«Яна жартавала: вось мы з табой вернемся ў Беларусь, я як снайпэр, ты як камандзір БПЛА», — дадаў суразмоўца.
Ён узгадаў, што Марыя казала, каб, калі што, яе пахавалі ў Празе.
«Наколькі я ведаю, з бацькамі яна ня надта кантактавала, бо яны не падтрымалі яе ў 2020 годзе», — зазначыў Алесь.
«Яна была любіміцай батальёну»
Руслан Мірашнічэнка да лістападу 2024 году быў камандзірам Другога інтэрнацыянальнага легіёну, дзе служыла Марыя Зайцава. Цяпер па стане здароўя ён часова не служыць, праходзіць лячэньне. Гібель Марыі стала для яго асабістым горам, кажа Мірашнічэнка, бо ў легіёне паміж байцамі былі сямейныя адносіны. Да Марыі ставіліся як да дачкі.
«Увогуле яна была любіміцай батальёну», — падкрэсьлівае Руслан Мірашнічэнка.
Ён успамінае, што беларуска прыйшла служыць у легіён практычна ад самага пачатку фармаваньня адзінкі.
«Прыйшло дзіця да мяне. Матываваная, рашучая, упартая, з прагай да дзеяньняў, да вызваленьня Ўкраіны. Мы не падзяляем паняцьці „вызваленьне Ўкраіны“ і „вызваленьне Беларусі“, бо лічым, што пасьля вызваленьня Ўкраіны ад расейскай навалы, агрэсіі наступнай будзе Беларусь», — кажа камандзір легіёну.
Ён спачатку прызначыў Марыю служыць у мэдпункце, бо яна мела адпаведныя навыкі. У 2023 годзе легіён выконваў баявыя заданьні ў Данецкай вобласьці. Там Марыя Зайцава працавала ў экіпажы мэдычнай эвакуацыі параненых, потым выказала жаданьне служыць як баявы мэдык, непасрэдна на пазыцыях, у акопах аказвала першую мэдычную дапамогу параненым.
«Мы адчувалі недахоп баявых мэдыкаў на пазыцыях, таму яе рашучасьць адпавядала заданьням і неабходнасьці, патрэбам падразьдзяленьня. Але як чалавек я ставіўся да яе як да дачкі, то мне было вельмі цяжка прыняць рашэньне. Хацелася, каб яна менш рызыкавала. Але яе рашучасьць і ўпартасьць перамаглі. Марыя зь лета 2023-га была ў акопах і выконвала баявыя заданьні», — расказаў Руслан Мірашнічэнка.
Ён узгадвае, якой рашучай Зайцава вярнулася ў Другі інтэрнацыянальны легіён пасьля раненьня і лячэньня ў Чэхіі. Тады ж яна Марыя выказала жаданьне вучыцца на снайпэра.
«Інструктары прыглядаліся да яе — пацягне, не пацягне. Але Марыя пачала паказваць даволі добрыя вынікі на стрэльбішчы. Спачатку на баявыя яе не дапускалі, але калі яна даказала сваю вытрымку і дакладнасьць, то хадзіла на баявыя заданьні…
Сьветлая, рашучая, вельмі простая ў стасунках, але заўжды ветлівая, з павагай да людзей… Не магу сказаць, што „была“, вельмі сьветлае дзіця. Гэта гора для ўсяго батальёну. Бо, як я казаў, яна была любіміцай. Марыя адна зь нямногіх вэтэранаў, якія заставаліся ў ім, прайшлі цяжкія баі. Мы страцілі частку сям’і, частку самых сябе», — дадаў Руслан Мірашнічэнка.
17 студзеня па пазыцыях, на якіх знаходзілася Марыя Зайцава, ударыла расейская артылерыя. Цела Марыі 18 студзеня вынесьлі з поля бою. Пра пахаваньне пакуль нічога не вядома.
Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну на фронце загінулі каля 70 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Кіева.
Форум