Факультэт экстрэмізму
Калі пачалася поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны, Ксенія хварэла на вятранку. Была шакаваная навіной — ва Ўкраіне мела шмат сяброў. Кажа, што тры дні не магла выйсьці з інфармацыйнай прасторы, чытала навіны, ёй пісалі паведамленьні сябры з Харкава і Кіева.
«У нядзелю пайшла на рэфэрэндум. Паспрабавала на масцы напісаць (тады быў каранавірус), але не атрымалася. На аркушы намалявала флямастэрамі ўкраінскі сьцяг і напісала „Не — вайне з Украінай!“. Прагаласавала. Дайшла да Савецкай плошчы (цэнтральная плошча Горадні. — РС), дастала плякат з заплечніка. Некаторыя людзі паказвалі знакі падтрымкі, некаторыя праходзілі міма. Я прастаяла літаральна 5–7 хвілін», — успамінае той дзень Ксенія.
Дзяўчына кажа, што да яе падышоў міліцэйскі патруль — маладыя дзяўчына і хлопец. Прапанавалі прайсьці зь імі — маўляў, гэта незаконнае пікетаваньне. Ксенію завезьлі ў горадзенскі Ленінскі РАУС, дзе было даволі шмат затрыманых.
«Жанчына пажылога веку, убачыўшы мяне, прапанавала ім: „Адпусьціце маладую дзяўчыну, давайце я за яе адседжу“. Яна выцягнула зборнік беларускіх вершаў і кажа: „Можаце мяне яшчэ абвінаваціць і ў гэтым“. Памятаеце, як некалі пажылых жанчын затрымалі ў электрычцы за чытаньне беларускіх кніг?
Тэлефон забралі, але я пасьпела напісаць, што мяне затрымалі. Міліцыянт запатрабаваў пароль. Я кажу: „Ня памятаю, дайце мне яго ў рукі, там графічная фігура“. Далі. Я пасьпела выдаліць Telegram, але гэта было бессэнсоўна, бо ў мяне не было двухфактарнай аўтэнтыфікацыі», — успамінае яна.
Потым быў вобшук, Ксенію перадалі прадстаўнікам ГУБАЗіКу. Тыя знайшлі ў яе чат-бот пляну «Перамога». Размаўлялі груба, з мацюкамі. Дамагаліся, каб яна напісала «чыстасардэчнае прызнаньне».
«Выбару не было. Міліцыянты запыталіся: „Вучысься на факультэце экстрэмізму?“ — „Не, — кажу, — на факультэце гісторыі. Я найлепшая студэнтка, маё фота на Дошцы пашаны“. Пачалі распытваць, хто зь сяброў прытрымліваецца такой жа пазыцыі, як я. Кажу: „Няма такіх, усе за Лукашэнку“. Знайшлі падпіскі на незалежныя СМІ. Упікнулі, чаму дзяржаўныя СМІ не гляджу, каб зрабіць высновы пасьля прагляду абодвух бакоў», — кажа Ксенія.
Позна ўвечары затрыманых павезьлі ў СІЗА, у той жа будынак, дзе горадзенская турма. Прызнаецца, што было страшна: з жанчын зьдзекаваліся, вялі з рукамі за сьпінай; брахалі сабакі; усіх прымусілі разьдзецца, абшукалі. У камэры было вельмі холадна. Матрацы брудныя, лядашчыя. Клалі па два матрацы на адзін ложак і спалі па двое. Першую ноч Ксенія не заснула ні на хвіліну. На трэці дзень быў суд паводле артыкула 24.34 КаАП («Адзіночнае пікетаваньне»). Ёй прысудзілі штраф у 50 базавых і выпусьцілі.
Ад 4 да 7 гадоў
У сераду, калі Ксенія прыйшла на заняткі ва ўнівэрсытэт, яе выклікалі ў дэканат, запатрабавалі тлумачальную за два дні пропускаў заняткаў.
«Дэкан пытаецца: „Што здарылася?“. Пасьпела сказаць два словы, маўляў, пачалася вайна. І тут у кабінэт уваходзяць тры чалавекі з пасьведчаньнямі ГУБАЗіКу і забіраюць мяне. Прымусілі запісаць „пакаяльнае“ відэа. Потым завезьлі ў Сьледчы камітэт, палохалі крыміналкай паводле артыкула 361-1 („Удзел у экстрэмісцкім фармаваньні“). Пагражалі тэрмінам ад 4 да 7 гадоў. Урэшце прымусілі падпісаць дакумэнт аб невыдаваньні і адпусьцілі — у статусе сьведкі».
Увечары Ксенія прыйшла ў інтэрнат, а там, аказваецца, быў ператрус, усё дагары нагамі. Забралі ноўтбук. У дзяўчыны пачаліся панічныя атакі. Праз тыдзень яна заўважыла ў сваім асабістым кабінэце на сайце унівэрсытэту, што ёй вынесьлі вымову за пропуск двух дзён заняткаў.
8 — за, 7 — супраць
16 сакавіка Ксенію выклікалі на раду прафіляктыкі ўнівэрсытэту.
«Сябры гэтай рады — прарэктар, дэканы, выкладчыкі, пара студэнтаў. Я патлумачыла, што выступаю за мір, супраць вайны. Прарэктар з выхаваўчай працы пытаецца, дзе я была 8 гадоў, маўляў, вайна пачалася ў 2014-м. Мне тады было 14. Папрасілі пачакаць за дзьвярыма. Я чула, пра што яны размаўляюць...
Аказваецца, у іх былі мае здымкі з сацсетак — у жніўні 2020 году падчас вакацый я была ў Менску на пратэстах і валянтэрыла ў шпіталі хуткай мэддапамогі. Прагаласавалі так: 8 чалавек з рады прафіляктыкі былі за маё адлічэньне, 7 — супраць. Я думала, што ў Беларусі ўсе за мір...» — успамінае Ксенія.
Яна кажа, што яшчэ вярнулася на пару, бо заняткі тыя вяла яе любімая выкладчыца. І проста разрыдалася. Прызнаецца, што ёй вельмі падабалася вучыцца, яна была найлепшай студэнткай курсу. Але ніхто ні з выкладчыкаў, ні са студэнтаў ня выступіў у яе абарону.
«Ніякага студэнцкага самакіраваньня ва ўнівэрсытэце няма. Хіба што студэнты ўдзельнічаюць у арганізацыі конкурсаў, сьвятаў кшталту „Альма матэр“. А што тычыцца важных агульнаўнівэрсытэцкіх праблем — не. Нікога яны ня будуць адстойваць або падтрымліваць. Няма ў беларускіх ВНУ акадэмічных свабод, сапраўднай свабоды, вольнасьці», — разважае цяпер ужо былая студэнтка.
Неўзабаве ў Горадню прыехалі бацькі Ксеніі, забралі з інтэрнату ейныя рэчы, і дзяўчына вярнулася дадому, у Менск. А празь некалькі дзён у кватэру бацькоў прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Тады дзяўчына вырашыла пакінуць Беларусь. Падала дакумэнты на польскую гуманітарную візу. Ксенія прызналася, з бацькамі былі няпростыя адносіны, яны таксама не падтрымалі дачку.
«Адносіны з бацькамі — вельмі балючае для мяне пытаньне. Яны падтрымлівалі вайну, рэжым, не разумелі, чаму я выйшла. Былі такія фразы, што я сама вінаватая, што мяне адлічылі. Калі я ўжо выехала, тата раптоўна памёр, а я не магла прыехаць на пахаваньне, каб зь ім разьвітацца», — уздыхае суразмоўца.
Атрымаўшы візу, 4 траўня Ксенія паспрабавала ўехаць у Літву, бо там былі сябры. Аднак літоўскія памежнікі яе завярнулі назад. Па дарозе ў Менск купіла квіток у Варшаву, а па дарозе ў Польшчу напісала дзяўчыне, зь якой пазнаёмілася ў горадзенскім СІЗА — іншых знаёмых Ксенія ў Польшчы ня мела.
Выбар паміж вучобай і працай
Польскай мовай Ксенія авалодала даволі хутка, бо хацела вучыцца далей. Паступіла на падрыхтоўчы курс праграмы Каліноўскага. Кажа, што ў Варшаўскі ўнівэрсытэт трапіць не ўдалося праз адсутнасьць вынікаў беларускага цэнтралізаванага тэставаньня. У выніку беларуска падала дакумэнты ў вайсковую акадэмію.
«Гэта вайсковая акадэмія, але кірунак, як мне здавалася, больш цывільны: міжнародная бясьпека і дыпляматыя. Выявілася, гэта ня тое, чаго я чакала: там было больш бясьпекі і менш дыпляматыі і міжнародных адносінаў. Да таго ж унівэрсытэт знаходзіцца ў прыгарадзе і трэба было далёка езьдзіць на заняткі. Працаваць было немагчыма. Стыпэндыя — 1200 злотых, на яе не пражывеш. Давялося выбіраць паміж вучобай і працай, і я выбрала працу», — кажа Ксенія.
Ксенія ўсё ж марыць паступіць ва ўнівэрсытэт. Цяжкая сытуацыя прымусіла яе абвясьціць збор праз фонд BySol.
«Мне вельмі цяжка прасіць дапамогі, але ў гэты момант я не даю рады сама», — прызнаецца беларуска.
Форум