Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат Польшчы пра выбары 26 студзеня ў Беларусі: «Спроба легітымізацыі дыктатуры»


Будынак Сэйму і Сэнату Польшчы. Варшава, 2025
Будынак Сэйму і Сэнату Польшчы. Варшава, 2025

Сэнат (верхняя палата парлямэнту) Польшчы ўхваліў рэзалюцыю аб несправядлівых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Зь ініцыятываў выступіла група сэнатараў. Ва ўхваленым дакумэнце Сэнат падкрэсьлівае, што «незалежнасьць Беларусі зьяўляецца бясспрэчнай каштоўнасьцю, надзвычай важнай для стабільнай будучыні рэгіёну і ўсёй Эўропы, і Беларусь ня можа стаць такой імпэрскім трафэем Расеі».

«Сэнат выказвае перакананьне, што ў будучыні Беларусь далучыцца да сям’і дэмакратычных эўрапейскіх дзяржаў».

Сэнатары, сярод іншага,

  • канстатуюць адсутнасьць умоў і інстытуцыянальнай базы для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Рэспубліцы Беларусь на сёньняшні дзень;
  • што прэзыдэнцкія выбары былі прызначаныя за 6 месяцаў да даты іх законнага правядзеньня;
  • усе апазыцыйныя партыі, незалежныя прафсаюзы і арганізацыі грамадзянскай супольнасьці былі закрыты, незалежныя СМІ забароненыя,
  • што ў цяперашні час у турмах знаходзіцца больш за 1300 палітычных зьняволеных, якія павінны быць неадкладна вызваленыя;
  • не былі забясьпечаны ўмовы для бясьпечнага захоўваньня бюлетэняў і празрыстага падліку галасоў, а асобы ўсіх сябраў выбарчых камісій былі засакрэчаныя;
  • не дапускаюць незалежных назіральнікаў, а людзей, якія назіралі за папярэднімі выбарамі або падтрымлівалі апазыцыйных кандыдатаў, перасьледуюць.

«Таму Сэнат лічыць, што выбары 26 студзеня 2025 года будуць толькі спробай легітымізацыі дыктатуры і іх вынікі ня могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Мы заяўляем пра гатоўнасьць супрацоўнічаць з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці з Каардынацыйнай радай па перадачы ўлады ў Беларусі, якую мы разглядаем як беларускі парлямэнт у выгнаньні», — запісана ў рэзалюцыі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG