Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю аб «дзеяньнях у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі»


Эўрапейскі парлямэнт, архіўнае фота
Эўрапейскі парлямэнт, архіўнае фота

У Эўрапейскім парлямэнце пасьля дэбатаў ухвалілі рэзалюцыю «Неабходнасьць дзеяньняў у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі».

Галасаваньне за праект рэзалюцыі адбылося 22 студзеня: 567 дэпутатаў былі за, 25 супраць, 66 устрымаліся.

Галасаваньне за дакумэнт правялі, прымаючы пад увагу, пазыцыю нацыянальных урадаў і міжнародных арганізацый, у прыватнасьці, рэзалюцыю Генэральнай канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) ад 12 чэрвеня 2023 году аб захадах, рэкамэндаваных Адміністрацыйнай радай паводле артыкулу 33 Статуту МАП па Беларусі.

Адзін з пунктаў рэзалюцыі, праект якой па стане на вечар 21 студзеня мае Радыё Свабода, гаворыць пра перасьлед у Беларусі недзяржаўных СМІ:

«паколькі рэжым выкарыстоўвае антыэкстрэмісцкія законы, каб перашкодзіць СМІ, у выніку чаго большасьць незалежных СМІ былі прызнаныя „экстрэмісцкімі“, прынамсі 45 прадстаўнікоў СМІ затрыманыя, каля 400 знаходзяцца ў выгнаньні і іншыя сутыкаюцца зь перасьледам і дрэнным абыходжаньнем; у той час як незалежныя СМІ, такія як Белсат, Хартыя 97, Nexta, Радыё Рацыя, Радыё Свабода і іншыя адыгрываюць важную ролю ў падачы неабходнай інфармацыі і служаць плятформай для дэмакратычных галасоў; тады як беларускія ўлады выкарыстоўваць сачэньне, онлайн-цэнзуру і дэзынфармацыю, эскаляцыю лічбавага аўтарытарызму і падрыў пэрспэктыў правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у 2025 годзе; у той час як беларускія прапагандысты рэгулярна распаўсюджваюць дэзінфармацыю пра краіны ЭЗ і яе афіцыйных асобаў і закрываюць доступ да інфармацыі».

Таксама адзначаецца, што пасьля рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі больш за 500 тысяч беларусаў вымушана пакінулі радзіму.

Рэзалюцыя называе рэжым Лукашэнкі «нелегітымным, незаконным і злачынным», а таксама запэўнівае беларускую дэмакратычную супольнасьць на чале са Сьвятланай Ціханоўскай у «непахіснай падтрымцы».

Яна заклікае не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 26 студзеня, як не прызнаваць і легітымнасьці Лукашэнкі, які незаконна займае пасаду кіраўніка Рэспублікі Беларусь.

У дакумэнце гаворыцца пра перасьлед палітычных зьняволеных у краіне, сярод якіх згадваецца прадстаўнік Радыё Свабода Ігар Лосік, зьняволены ляўрэат нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і іншыя. Таксама дэпутаты заклікаюць адказаць на арышт і прысуд прадстаўніку дэлегацыі Эўразьвязу Мікалаю Хілу.

Эўрапарлямэнт заклікае разглядаць справы супраць рэжыму Лукашэнкі па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі і, сьледуючы прыкладу Літвы, зьвяртацца з пазовамі ў Міжнародны крымінальны суд, падтрымліваць працу праваабаронцаў, якія дакумэнтуюць парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Рэзалюцыя падкрэсьлівае, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны і заклікае шукаць прагалы ў санкцыях, каб іх зьліквідаваць і пакараць улады за саўдзел у вайне.

Дакумэнт падкрэсьлівае неабходнасьць спрыяць умацаваньню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці і беларускай мовы, а таксама барацьбы са скажэньнем і маніпуляцыяй беларускай гісторыяй, якія адбываюцца рукамі Лукашэнкі ва ўгоду Расеі.

Прыняты дакумэнт асуджае перавозку тысяч украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь, дзе іх русыфікуюць і прапагандуюць сярод іх расейскую ідэалёгію. Асуджаецца і ўдзел Беларускай арганізацыі Чырвонага Крыжа ў дэпартацыях дзяцей.

У чарговы раз ад рэжыму Лукашэнкі патрабуюць замяніць усе сьмяротныя прысуды на турэмнае зьняволеньне і адмовіцца ад такой меры выкананьня пакараньняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG