Панама накіравала ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый ліст у сувязі з заявай прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра Панамскі канал, зробленай пасьля інаўгурацыі. Пра гэта паведамляе Reuters.
Трамп заявіў, што Панамскі канал знаходзіцца пад кантролем Кітаю, хаця ЗША ў канцы 1990-х гадоў перадалі яго Панаме, і паабяцаў, што ЗША адновяць над ім кантроль. Улады Панамы адмовілі гэтыя абвінавачаньні.
«Мы не аддавалі яго Кітаю. Мы перадалі яго Панаме, і мы яго вернем», — заявіў Трамп празь некалькі хвілін пасьля прыняцьця прысягі.
Скарга Панамы была адрасаваная генэральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу і распаўсюджаная сярод 15 сябраў Рады бясьпекі, у якую ў 2025–2026 гадах уваходзіць і Панама. Пасол Панамы пры ААН Элай Альфара дэ Альба адзначыў, што згодна са статутам ААН краіны «павінны ўстрымлівацца ў сваіх міжнародных адносінах ад пагрозы сілай або яе прымяненьня супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці або палітычнай незалежнасьці якой-небудзь дзяржавы».
Будаваць Панамскі канал пачалі ў 1904 годзе пад эгідай Міністэрства абароны ЗША. У 1977 годзе Панама і ЗША падпісалі два пагадненьні, зь якіх пачалося вяртаньне канала пад поўны кантроль Панамы.
Раней кіраўнік Міжнароднай марской арганізацыі (спэцыяльнай установы ААН) Арсэніё Дамінгес заявіў, што Панамскі канал застанецца пад кантролем Панамы, размоваў пра яго пераход да ЗША няма.
«Для мяне ўсё ясна, гэта не падстава для сурʼёзных абмеркаваньняў, паколькі дамовы былі падпісаныя ў 1977 годзе. Канал перайшоў у рукі ўладаў Панамы, яны працягваюць кантраляваць гэты жыцьцёва важны суднаходны шлях і працягнуць гэта рабіць», — заявіў Дамінгес.
Форум