Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што кірунак у бок мяжы зь Беларусьсю, як і раней, зьяўляецца пагражальным для Ўкраіны.
«Гэты кірунак для нас, як раней, застаецца пагражальным. І за тым, што адбываецца ўглыбіні тэрыторыі гэтай краіны, сочаць і падразьдзелы выведкі, каб разумець, пагаршаецца сытуацыя ці не, ёсьць пагроза ў менавіта гэты момант ці не», — сказаў Андрэй Дземчанка ў эфіры ўсеўкраінскага маратону.
Паводле яго, пакуль што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю не зьмянілася і ніякіх нестандартных сытуацый не фіксуюць.
«Нашы абаронцы знаходзяцца на гэтым кірунку — гэта і памежнікі, і падразьдзелы Ўзброеных сіл, каб адрэагаваць на любыя пагрозы. І так будзе да таго часу, пакуль Беларусь будзе заставацца пад уплывам краіны-тэрарысткі. У той жа час чарговы раз адзначу, што наша задача — узмацняць і нашыя абаронныя магчымасьці непасрэдна па лініі мяжы і ў памежжы ў фартыфікацыйным сэнсе, каб хлопцы і дзяўчаты, якія абараняюць гэты кірунак, маглі адбіць любую атаку, калі сытуацыя зьменіцца», — падкрэсьліў Андрэй Дземчанка.
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
Форум