Вугоршчына і Славаччына адмаўляюцца падпісваць супольную заяву Эўразьвязу адносна выбараў у Беларусі, — крыніцы Радыё Свабода

Прадстаўнікі Вугоршчыны і Славаччыны не сьпяшаюцца падпісваць супольны зварот краін-чальцоў Эўрапейскага Зьвязу адносна непрызнаньня прэзыдэнцкіх выбараў, якія маюць прайсьці ў Беларусі 26 студзеня. Гэта вынікае з інфармацыі, якую эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода/ Радыё Свабодная Эўропа Рыкард Юзьвяк атрымаў ад вартых даверу крыніц у Брусэлі.

У раньняй вэрсіі праекту заявы, які Свабода мае ў распараджэньні, ішлося пра «недэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары» ў Беларусі.

«Няўмольны і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій, парушэньні правоў чалавека, абмежаваньне палітычнага ўдзелу і доступу да незалежных СМІ ў Беларусі пазбавілі выбарчы працэс любой легітымнасьці», — гаварылася ў праекце заявы, якую рыхтуе Эўрапейская служба вонкавых спраў.

Таксама ў дакумэнце акцэнтавалася ўвага на далейшай падтрымцы беларускага народу, дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці, гучаў заклік да правядзеньня свабодных выбараў і вызваленьня ўсіх палітзьняволеных.

Паводле нашай інфармацыі, Вугоршчына і Славаччына адмовіліся падпісваць першую вэрсію праекту заявы ад імя 27 краінаў — сябраў Эўразьвязу. Ня выключана, што яны адмовяцца ад подпісу і пад фінальнай вэрсіяй.

Гэтыя дзьве краіны не аднойчы выступалі супольна супраць пашырэньня санкцый супраць Расеі, павелічэньня эўрапейскай дапамогі Ўкраіне і інш.

22 студзеня прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз выступіў з заявай, у якой назваў «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы» праект заявы Эўрапейскай службы вонкавых спраў, якую яна плянуе зрабіць па выніках выбараў 26 студзеня і якая нібыта «трапіла ў распараджэньне МЗС».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі абвінаваціла структуры Эўразьвязу ва «ўмяшаньні ў выбары ў Беларусі»
  • Сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Шэраг заходніх краін і інстытуцыяў ужо зрабілі заявы пра тое, што ня маюць намеру прызнаваць іх вынікі. На пасяджэньні 22 студзеня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Неабходнасьць дзеяньняў у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі».
  • Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
  • У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
  • Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў абраць прэзыдэнтам новага чалавека.
  • З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.