Трамп заклікаў зьнізіць цэны на нафту, «каб завяршыць вайну ва Ўкраіне»

Праца па дасягненьні мірнага ўрэгуляваньня ваеннага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай «ужо ў працэсе», заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, выступаючы празь відэасувязь на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе.

Трансьляцыю выступу Дональда Трампа зь перакладам на расейскую мову вёў «Голас Амэрыкі»:

У сваёй прамове Трамп, сярод іншага, адзначыў, што цэны на нафту ў сьвеце занадта высокія і гэта дазваляе Расеі працягваць канфлікт з Украінай. У сувязі з гэтым прэзыдэнт ЗША заклікаў асноўных вытворцаў нафты, у прыватнасьці Саудаўскую Арабію і краіны OPEC (Арганізацыя краін — экспартэраў нафты), павялічыць здабычу і зьнізіць цану нафты, што, на яго думку, дапаможа скончыць баявыя дзеяньні ва Ўкраіне.

«Калі цана [на нафту] ўпадзе, вайна Расеі і Ўкраіны скончыцца неадкладна! Цяпер цана дастаткова высокая, каб гэтая вайна працягвалася. Трэба зьменшыць кошт нафты, трэба скончыць гэтую вайну», — заявіў Трамп.

Ён усклаў на Саудаўскую Арабію і OPEC частковую адказнасьць «у пэўнай ступені за тое, што адбываецца» ва Ўкраіне, дзе «гінуць мільёны людзей».

  • Нягледзячы на ўвядзеньне заходніх санкцыяў, Расея працягвае атрымліваць значныя даходы ад продажу сваіх энэрганосьбітаў, у тым ліку ў Індыю і Кітай. Цяпер кошт нафты складае каля 80 даляраў за барэль.
  • Напярэдадні Трамп заявіў, што гатовы разгледзець больш жорсткія санкцыі супраць Расеі, калі тая не пагодзіцца на перамовы аб завяршэньні вайны ва Ўкраіне.
  • Пазьней Трамп запатрабаваў ад Расеі «заключыць угоду» для завяршэньня вайны ва Ўкраіне, паабяцаўшы ў адваротным выпадку ўзмацніць жорсткасьць санкцыяў і тарыфаў супраць Масквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп трэці раз папярэдзіў Пуціна, што трэба спыніць «недарэчную» вайну