Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп трэці раз папярэдзіў Пуціна, што трэба спыніць «недарэчную» вайну


Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Хэльсынкі ў 2018 годзе
Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Хэльсынкі ў 2018 годзе

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, назваўшы свайго расейскага калегу Ўладзіміра Пуціна па імені, папярэдзіў Маскву, што ёй пагражаюць новыя «высокія» тарыфы, падаткі і санкцыі, калі яна хутка ня спыніць поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.

У допісе ў сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social 22 студзеня Трамп заявіў, што калі «мы не заключым „зьдзелку“ і ў найбліжэйшы час, у мяне ня будзе іншага выбару», акрамя як увесьці зборы або санкцыі «на ўсё, што прадаецца Расеяй у ЗША і ў розныя іншыя краіны-ўдзельніцы».

«Мы можам зрабіць гэта простым або цяжкім спосабам, а просты заўсёды лепшы», — напісаў Трамп, які ўступіў на пасаду 20 студзеня.

«Дамоўцеся зараз і СПЫНІЦЕ гэтую недарэчную вайну! БУДЗЕ ТОЛЬКІ ГОРШ», — дадаў ён.

Магчымыя новыя санкцыі

Паведамленьне Трампа зьявілася празь некалькі гадзін пасьля таго, як ён выказаўся, што можа накласьці на Расею дадатковыя санкцыі, калі Пуцін не пагодзіцца на мірныя перамовы аб спыненьні вайны ва Украіне, і ў той жа час у тэлефоннай размове ён заклікаў лідэра Кітая Сі Цзіньпіна дапамагчы спыніць канфлікт.

Трамп не агучыў канкрэтных дэталяў наконт патэнцыйных новых мераў, якія могуць быць уведзеныя ў дадатак да шырокага спэктру санкцый, ужо накіраваных на Расею за яе поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Трамп таксама паўтарыў свой намер паразмаўляць з Пуціным у хуткім часе, не называючы тэрміны.

«Мы размаўляем з [прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам] Зяленскім. Вельмі хутка мы будзем размаўляць з прэзыдэнтам Пуціным. Мы паглядзім на гэта», — сказаў ён позна ўвечары 21 студзеня.

Прэзыдэнт ЗША 20 студзеня заявіў, што Зяленскі сказаў яму, што хоча мірнага пагадненьня, каб спыніць вайну.

Спасылаючыся на блізкага саюзьніка Пуціна — кітайскага лідэра Сі — Трамп сказаў, што заклікаў яго ў сваім званку дапамагчы спыніць канфлікт.

«Ён ня так ужо шмат зрабіў. У яго шмат... улады, як і ў нас. Я сказаў: „Вы павінны вырашыць гэта“. Мы гэта абмяркоўвалі», — сказаў Трамп.

Трамп таксама заявіў, што ягоная каманда разглядае магчымасьць адправіць дадатковыя ўзбраеньні ва Ўкраіну. Падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі Трамп рашуча выступаў супраць узроўню дапамогі Ўкраіне, якую аказвае адміністрацыя прэзыдэнта Джо Байдэна.

Тым ня менш, Трамп часам заяўляў, што ён адкрыты да ідэі праграмы лэнд-лізу, якая дазволіць Украіне пазьней заплаціць ЗША за пастаўкі зброі.

Трамп таксама паўтарыў сваю пазыцыю аб тым, што іншыя саюзьнікі павінны павялічыць свае выдаткі на абарону Ўкраіны, заклікаўшы Эўрапейскі зьвяз «выраўнаваць» выдаткі на дапамогу, каб яны адпавядалі ўзроўню дапамогі з боку ЗША.

«Ён павінен заключыць зьдзелку»

Заўвагі прагучалі на трэці дзень новага тэрміну Трампа ў Белым доме. Трэці дзень запар ягоныя выказваньні ствараюць уражаньне ціску на Пуціна, якога ён часта хваліў, каб той працягваў мірныя перамовы.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі Трамп паабяцаў скончыць вайну на працягу 24 гадзін пасьля ўступленьня на пасаду. У апошнія тыдні ён адмовіўся ад гэтых камэнтарыяў, але па-ранейшаму абяцаў хутка скончыць вайну.

Многія аналітыкі кажуць, што ў блізкай пэрспэктыве будзе цяжка скончыць вайну, таму што Пуцін лічыць, што ён перамагае, і ня мае стымулу спыняць баявыя дзеяньні, нават калі Расея нясе разбуральныя страты ў людзях і тэхніцы.

Празь некалькі гадзін пасьля пачатку свайго другога прэзыдэнцкага тэрміну Трамп заявіў, што Пуцін «зьнішчае» Расію, адмаўляючыся заключыць зьдзелку аб спыненьні вайны ва Ўкраіне. «Ён павінен заключыць зьдзелку. Я думаю, што ён разбурае Расею, не заключаючы зьдзелкі, — сказаў Трамп журналістам. Я думаю, што Расея будзе ў вялікай бядзе».

«Большасьць людзей думалі, што вайна скончыцца за адзін тыдзень, — сказаў Трамп у сваім самым крытычным публічным выказваньні адносна пуцінскай вайны. «Я думаю, што для яго было б вельмі выгадна скончыць гэтую вайну».

Памочнік Пуціна ў пытаньнях зьнешняй палітыкі Юрый Ушакоў заявіў журналістам, што Масква «прыняла да ўвагі» выказваньні Трампа, але адмовіўся ад падрабязнасьцяў, заявіўшы, што Крэмль чакае «канкрэтных прапановаў, якія могуць стаць асновай для кантактаў».

21 студзеня Пуцін паразмаўляў з кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам па відэасувязі, падчас якой яны падкрэсьлілі цесныя сувязі і абмеркавалі свае магчымыя кантакты з камандай Трампа.

Расейскія СМІ цытуюць Пуціна, які сказаў Сі Цзіньпіну, што «сумесныя намаганьні Расеі і Кітая гуляюць важную стабілізацыйную ролю ў глябальных справах».

Расея і Ўкраіна панесьлі вялікія страты на полі бою пасьля таго, як Пуцін пачаў несправакаванае поўнамаштабнае ўварваньне ва Украіну ў лютым 2022 году.

Да таго Расея ў 2014 годзе ўварвалася і незаконна анэксавала ўкраінскі Крым і пачала падтрымліваць сэпаратыстаў ва ўсходняй Украіне, захапіўшы і ў выніку прэтэндуючы на значныя часткі ўсходняй Украіны.

Санкцыі, ужо ўведзеныя Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам, моцна ўдарылі па эканоміцы Расеі. Акрамя таго, Расея выдаткавала сотні мільярдаў даляраў на вайну, панесла каля 700 000 ахвяраў забітымі і параненымі і напалохала сваіх суседзяў, ахвяруючы пры гэтым прыбытковым эўрапейскім газавым рынкам і доступам да заходніх фінансавых рынкаў, калі рубель упаў у цане.

Крэмль выдаткоўвае каля 40% свайго бюджэту на войска і з усіх сіл стрымлівае інфляцыю нават пры працэнтных стаўках вышэй за 20%. Узамен ён захапіў тэрыторыю ва Ўкраіне, якая цяпер разбураная.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG