Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Гомлем затрымалі экс-кандыдата ў дэпутаты, блогера-фэрмэра Юрыя Ганцэвіча


Юры Ганцэвіч, архіўнае фота
Юры Ганцэвіч, архіўнае фота

Праваабаронцы даведаліся пра затрыманьне ў вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёну Юрыя Ганцэвіча — мясцовага фэрмэра, блогера і экс-кандыдата на выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе.

Паводле зьвестак «Гомельскай Вясны», жывёлы, якіх гадуе фэрмэр Ганцэвіч, на цяперашні момант застаюцца бяз догляду.

Юры Ганцэвіч — фэрмэр і ўладальнік аграсядзібы пад Гомлем. Ён вылучаўся ў дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах 2019 году, а ў 2020 годзе заявіў, што ідзе ў прэзыдэнты, каб змагацца з «анархіяй чыноўнікаў» і быць «запасным варыянтам Ціханоўскага». Ён пазыцыянаваў сябе як прыхільнік Сяргея Ціханоўскага і «Страны для жизни», завёў блог «Народны дэпутат», ладзіў пікет на трактары, браў на перадвыбарчую агітацыю карову і казу.

Увесну 2020 году Ганцэвіч абвясьціў, што балятуецца ў прэзыдэнты, быў адным зь дзясяткаў кандыдатаў «Страны для жизни», але не сабраў подпісы. У жніўні 2020 году перад выбарамі яго затрымлівалі як падазраванага паводле артыкулу аб абразе міліцыянтаў. Пасьля выбараў на праўладным канале, зьвязаным зь сілавікамі, зьявілася відэа, у якім Ганцэвіч расказвае на камэру аб тым, што ішоў на выбары, каб «макнуць апазыцыю ў г***о», а апазыцыя яго «кіданула».

У красавіку 2021 году ён прыняў удзел у здымцы пастановачнага відэа праўладнага блогера, дзе мужчыну б’юць нібыта за бел-чырвона-белы сьцяг на дзіцячым ровары. Пасьля гэтага Ганцэвіч выказаўся пра тое, што тэлеграм-каналы — гэта «памыйніцы», а Сьвятлану Ціханоўскую, паплечнікам якой ён некалі быў, «запраграмавалі і завэрбавалі».

Пазьней Ганцэвіч таксама стаў блогерам. Як заўважыла раней выданьне «Флагшток», вывучыўшы шэраг грамадзняскіх спраў па пазовах Ганцэвіча, апублікаваных у банку судовых рашэньняў, пасьля ўзмацненьня ў Беларусі палітычных рэпрэсій, Ганцэвіч пачаў выкарыстоўваць у інтэрнэце правакацыі, каб пакараць іншых удзельнікаў онлайн-гутарак і спагнаць зь іх грошы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG