Я распавядаў, што некаторыя журналісты зьбіраюцца аспрэчыць аўтарства Лявона Барткевіча датычна некаторых фрагмэнтаў ягонай кнігі праз суд. Так, маскоўскі выдавец Анатоль Вайцэнфэльд і беларускі журналіст Барыс Крэпак сьцьвярджаюць, што Барткевіч выкарыстаў для сваёй кнігі іхныя аўтарскія матэрыялы, падрыхтаваныя для выданьня іншай кнігі, якую ў рамках дяржаўнай праграмы ўшанаваньня памяці Ўладзімера Мулявіна рыхтуе газэта “Культура”.
У лісьце на адрас Радыё Свабода спадар Барткевіч піша: “Відавочна, гэтыя людзі нават не чыталі кнігі, а проста выконваюць адмысловую замову”. Чыю менавіта — Лявон Барткевіч удакладніў:
(Барткевіч: ) “Цяпер Міністэрства культуры праводзіць добра сплянаваную акцыю супраць Леаніда Барткевіча, супраць “Песьняроў”, якія працавалі апошнія шэсьць год з Уладзімерам Мулявіным. Тое, што яшчэ не прачытаўшы кнігі, пачалі зьневажаць маю біяграфію, якая плягіятам быць ніяк ня можа, зрабілі мне вялікую рэкляму: кніга за некалькі дзён раскупленая. Дзякуй ім за гэта! І тое, што набралі маладых хлопцаў у гэтак званыя новыя “Песьняры” — гэтаксама добра; няхай падымаецца творчая моладзь Беларусі. Але найлепшае, што ў іх можа атрымацца — гэта аналяг расейскага гурту “Прэм’ер-міністар”. “Песьнярамі” яны быць ніяк ня могуць, бо людзі пойдуць на сапраўдных “Песьняроў”: на Кашапарава, які хутка да нас далучыцца, на Барткевіча, Місевіча, Дайнэку. Мае мулявінскія “Песьняры” жывыя. Людзі пішуць нам і дзякуюць за нашую стойкасьць у барацьбе зь Міністэрствам культуры”.
(Карэспандэнт: ) “І усё ж, калі будуць пададзеныя пазовы з боку тых, хто сьцьвярджае, што вы карысталіся іхнымі матэрыяламі несанкцыянавана... У вас ёсьць уласныя контараргумэнты?”
(Барткевіч: ) “Тое, што карыстаўся я матэрыяламі Яшкіна, дык ён яшчэ перад сваёй сьмерцю тэлефанаваў мне і прасіў: тое, што напісана, павінна быць выдадзена...”
Што да астатніх удзельнікаў спрэчкі за аўтарства, то Лявон Барткевіч лічыць: выкарыстаная інфармацыя складае ня болей за 5–6% ад напісанай кнігі, але ніяк ня 70%, як сьцьвярджае журналіст газэты “Культура” Барыс Крэпак. Барткевіч канстатуе: якраз ня меней за 70% кнігі прысьвечаныя яму самому і Вользе Корбут, а прыватнае жыцьцё паводле вызначэньня ня можа быць плягіятам. Праўда, у адказ на гэта апанэнты кажуць, што маюць прэтэнзіі толькі да першай часткі кнігі, дзе спадар Барткевіч распавядае пра “Песьняроў”, і гэта ні ў якім разе не распаўсюджваецца на частку пад назвай “Вольга”.
Спадар Барткевіч не адмаўляе, што пэўныя накладкі ў часе падрыхтоўчага працэсу сапраўды мелі месца. Так, першыя сыгнальныя аобнікі, тэрмінова надрукаваныя да кніжнага кірмашу ў Франкфурце-на-Майне, пабачылі сьвет безь пісьмовай удзячнасьці некаторым людзям — у прыватнасьці, былым “песьнярам” Яшкіну і Мікалаеву. Але, паводле Барткевіча, гэта тэхнічныя выдаткі, і ягонай віны ў гэтым няма.
Што да прэтэнзіяў з боку рэдактара расейскага часопісу “Звукорежиссер” Анатоля Вайцэнфэльда, то спасылкі на яго ў кнізе ёсьць — ажно дзьве (праўда, сам журналіст кажа пра 29 “сваіх старонак” у кнізе “Песьняры і Вольга”). Сам жа Барткевіч кажа, што перадаў вялікую колькасьць сваіх успамінаў у рэдакцыю газэта “Культура” дзеля падрыхтоўкі кнігі памяці Ўладзімеру Мулявіну і ня мае ніякага намеру кантраляваць мэтавае выкарыстаньне гэтых матэрыялаў.