«Я вельмі рады, што гэтая прэмія зьяўляецца працягам прэміі імя Андрэя Сахарава, заснаванай Эўрапейскім парлямэнтам, якая мае на мэце ўганараваць выбітных людзей, якія змагаюцца супраць нецярпімасьці, фанатызму і прыгнёту за правы чалавека і свабоду волевыяўленьня», — адзначыў Марцін Шульц у афіцыйным звароце, які быў дасланы на адрас руху «За свабоду».
У лісьце да паэта Марцін Шульц нагадаў, што «сахараўская прэмія „За свабоду думкі“ зьяўляецца найвышэйшай узнагародай Эўрапейскага зьвязу за намаганьне ў абарону правоў чалавека, яна ўганароўвае асобаў, групы людзей і арганізацыі за выбітны ўнёсак у пашырэньне свабоды думкі».
«Прэміяй імя Васіля Быкава ўзнагароджваюцца выдатныя асобы, якія прысьвяцілі сваю грамадзкую і творчую дзейнасьць Беларусі і Свабодзе. Ваш выбітны ўнёсак у беларускую культуру і нацыянальнае адраджэньне і як паэта, і як палітыка шырока вядомы і па-за межамі Беларусі», — падкрэсьліў старшыня Эўрапарлямэнту.
Паводле ягоных словаў, ён усьведамляе, «колькі адвагі, цярпеньня, моцы і неверагоднай сілы волі вымагае» шляхетная справа Гілевіча.
«Я зычу Вам, паважаны прафэсар Ніл Сымонавіч Гілевіч, моцы духу, і спадзяюся на лепшую будучыню для вашай краіны і яе народу. Каб мы ўсе разам з вамі пабачылі плён вашай працы — будучую свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь, якая будзе роўнай у эўрапейскай сям’і народаў», — сказаў Марцін Шульц.