Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС краін Эўразьвязу заявілі аб непрызнаньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі


Радослаў Сікорскі
Радослаў Сікорскі

МЗС Польшчы выказала расчараваньне ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі, «праведзенымі з парушэньнем асноўных дэмакратычных працэдур».

МЗС Польшчы: беларускае грамадзтва пазбавілі права голасу

Дзеяньні беларускіх уладаў «не дазволілі незалежным кандыдатам узяць удзел у выбарах», кампанія «суправаджалася рэпрэсіямі ў дачыненьні палітычных апанэнтаў і запалохваньнем прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці», гаворыцца ў заяве замежнапалітычнага ведамства краіны.

«Ва ўмовах паўсюднай цэнзуры і дзяржаўнай прапаганды значная частка беларусаў ня мела доступу да незалежнай і дакладнай інфармацыі. У выніку гэтых дзеяньняў беларускае грамадзтва было фактычна пазбаўлена права голасу», — падкрэсьліў МЗС Польшчы.

Гэтыя чыньнікі «не дазваляюць лічыць вынікі сёньняшніх выбараў вартымі даверу і адлюстроўваюць волю беларускага народу, які неаднойчы у найноўшай гісторыі дэманстраваў сваю сталасьць і разуменьне дэмакратычных працэсаў».

Толькі «адкрытасьць да дыялёгу, гатоўнасьць да супрацоўніцтва, выкананьне стандартаў ААН і АБСЭ і асноўных правоў кожнага чалавека забясьпечаць разьвіцьцё і працьвітаньне Беларусі», упэўненае польскае МЗС.

«Польшча нязьменна заклікае ўлады Беларусі пачаць працэс, які прывядзе да стварэньня сапраўды свабоднай і дэмакратычнай Беларусі без палітычных зьняволеных і перасьледу, і якой будуць ганарыцца ўсе грамадзяне», — зазначаецца ў заяве.

Раней міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі афіцыйна запрасіў кіраўніцу Аб’яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлану Ціханоўскую разам ляцець у Брусэль і прадстаўляць там дэмакратычныя сілы Беларусі. А перад гэтым Сікорскі зыранізаваў наконт выбараў у Беларусі, адзначыўшы, што «невыносна чакаць вынікаў», робячы выгляд, што на выбарах, арганізаваных Лукашэнкам, ёсьць нейкая інтрыга.

МЗС Беларусі зьедліва адказаў Сікорскаму, напісаўшы, што той не павінен «лезьці носам у чужыя справы», а мусіць займацца выбарамі, якія ў траўні чакаюць Польшчу.

Эстонія не прызнае Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі

«Ніхто ня быў зьдзіўлены», — такім чынам вынікі беларускіх выбараў пракамэнтаваў міністар замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна 27 студзеня перад пасяджэннем Рады кіраўнікоў МЗС краін Эўразьвязу.

«Мы ўжо казалі (ня ведаю, колькі разоў) пра гэтыя „нявыбары“ ў Беларусі, на якіх толькі што быў прызначаны дыктатар Лукашэнка. Гэта не дэмакратычнае разьвіцьцё. Гэта дыктатура, і мы не прызнаем Лукашэнку легітымным лідэрам Беларусі», — падкрэсьліў Цахкна.

25 студзеня кіраўнік эстонскай дыпламатыі назваў выбары-2025 у Беларусі «сымуляваньнем дэмакратыі», спробай рэжыму Лукашэнкі «ўзаконіць сваё кіраваньне, арганізуючы фарс». «Эстонія працягвае падтрымліваць імкненьне беларускага народа да свабоднай і дэмакратычнай будучыні», — зазначыў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG