Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява васьмі паўночных краін: Лукашэнка па-ранейшаму пазбаўлены дэмакратычнай легітымнасьці


Аляксандар Лукашэнка галасуе
Аляксандар Лукашэнка галасуе

Паўночныя і балтыйскія краіны «падтрымліваюць заяву вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Каі Калас аб падтрымцы беларускага народу».

У дакумэнце, апублікаваным 26 студзеня Паўночна-Балтыйскай васьмёркай (Nordic-Baltic Eight, NB8), адзначаецца, што краіны-ўдзельніцы «салідарныя зь беларускім народам, які імкнецца да свабоднай, дэмакратычнай, сувэрэннай і незалежнай Беларусі». Канстатуецца, што «будучая дэмакратычная Беларусь мае месца ў эўрапейскай сям’і. Нашы краіны будуць працягваць падтрымліваць нястомныя намаганьні беларускіх дэмакратычных сіл на чале са Сьвятланай Ціханоўскай і незалежнай беларускай грамадзянскай супольнасьці як унутры, так і за межамі Беларусі».

У заяве падкрэсьліваецца, што краіны Паўночнай Эўропы і Балтыі «працягваюць падтрымліваць дэмакратычнае права беларускага народу выбіраць сваіх лідэраў шляхам свабодных і справядлівых выбараў. Яго сапраўднымі дэмакратычнымі ўмовамі зьяўляюцца вяршэнства закона, палітычны плюралізм і поўная павага правоў чалавека і асноўных свабод. Нічога з гэтага, на жаль, не назіраецца ў сёньтняшняй Беларусі».

«Наадварот, — гаворыцца ў дакумэнце, — бесьперапынны і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій, уключаючы адвольныя затрыманьні і катаваньні, масавыя парушэньні правоў чалавека, жорсткія абмежаваньні на ўдзел у палітычным жыцьці для апанэнтаў рэжыму і вельмі абмежаваны доступ да незалежных СМІ пазбавілі працэс, які адбыўся сёньня, якой-небудзь легітымнасьці. Гэта таксама знайшло адлюстраваньне ў рашэньні ўладаў Беларусі запрасіць місію БДІПЧ АБСЭ ўсяго за 10 дзён да пачатку выбараў».

Паўночна-Балтыйская васьмёрка настойліва заклікала да «неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і іх эфэктыўнай рэабілітацыі» і канстатавала, што Аляксандар Лукашэнка «па-ранейшаму пазбаўлены якой-небудзь дэмакратычнай легітымнасьці».

Паўночна-Балтыйская васьмёрка — рэгіянальны фармат супрацоўніцтва, у які ўваходзяць Данія, Ісьляндыя, Латвія, Літва, Нарвэгія, Фінляндыя, Швэцыя і Эстонія. У рамках васьмёркі рэгулярна праходзяць сустрэчы прэм’ер-міністраў, міністраў замежных спраў і сьпікераў парлямэнтаў.

22 сьнежня 2021 году міністры замежных спраў згаданых краін абмеркавалі палітычную сытуацыю ў Беларусі.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць гадоў. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле апошніх зьвестак, апублікаваных ЦВК, яўка на выбарах склала ня меней за 81,50%.
  • У ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарцаў. Вынікі падліку галасоў за іншых кандыдатаў наступныя: Сяргей Сыранкоў — 3,21%, Алег Гайдукевіч —2,2%, Ганна Канапацкая — 1,86, Аляксандар Хіжняк — 1,74%. Супраць усіх прагаласавалі 3,6% удзельнікаў галасаваньня.
  • ЦВК заявіла, што апрацавала 100% бюлетэняў. Канчатковыя вынікі абяцаюць падвесьці 3 лютага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG