Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК Беларусі заявіў пра ідэнтыфікацыю 365 удзельнікаў акцый за мяжой і прыгразіў крымінальнымі справамі


Акцыя пратэсту 26 студзеня ў Варшаве
Акцыя пратэсту 26 студзеня ў Варшаве

Сьледчы камітэт Беларусі сьцьвярджае, што «ідэнтыфікаваў 365 удзельнікаў акцый за мяжой». Усіх іх зьбіраюцца прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці ў парадку спэцвядзеньня.

Сярод іх, паводле СК, нібыта ідэнтыфікавалі 11 удзельнікаў акцыяў ва Ўроцлаве, 203 — у Варшаве, 18 — у Беластоку, 29 — у Вільні, 39 — у Нью-Ёрку, 11 — у Празе, і г. д.

«Цяпер у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы іх дзейнасьць задакумэнтаваная, прынятае рашэньне аб прыцягненьні фігурантаў да крымінальнай адказнасьці, у тым ліку ў парадку спэцыяльнага вядзеньня.

Правяраецца наяўнасьць у іх маёмасьці і нерухомасьці на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку зарэгістраванай на іншых асобаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

26 студзеня ў розных краінах беларусы замежжа выйшлі на акцыі супраць прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году ў Беларусі.

  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
  • 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў.
  • Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
  • Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG