Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК агучыла папярэднія вынікі выбараў прэзыдэнта


На адным з выбарчых участкаў Менску
На адным з выбарчых участкаў Менску

Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 86,82 % выбарнікаў.

Раней ЦВК заявіла, што яўка на выбарах склала 85,7%.

Вынікі папярэдняга падліку пададзеных галасоў за іншых кандыдатаў наступныя:

Алег Гайдукевіч —2,2%

Ганна Канапацкая — 1,86

Сяргей Сыранкоў — 3,21%

Аляксандар Хіжняк — 1,74%

Супраць усіх прагаласавалі 3,6% удзельнікаў галасаваньня.

ЦВК заявіла, што апрацавала 100% бюлетэняў.

Кіраўніца дыпляматыі Эўразьвязу і сьпікерка Эўрапарлямэнту асудзілі «фіктыўныя выбары» ў Беларусі, заявы з асуджэньнем выбараў зрабілі кіраўнікі Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, Нямеччыны. Таксама сёньня стала вядома, што Вугоршчына заблякавала сумесную заяву Эўразьвязу з асуджэньне несвабодных і недэмакратычных выбараў у Беларусі.

«Няўмольны і беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій, парушэньні правоў чалавека, абмежаваньне палітычнага ўдзелу і доступу да незалежных СМІ ў Беларусі пазбавілі выбарчы працэс любой легітымнасьці», — гаварылася ў праекце сумеснай заявы 27 краін Эўразьвязу, якую рыхтавала Эўрапейская служба замежных спраў.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», у Менску заведзена каля 10 адміністрацыйных спраў за фатаграфаваньне запоўненага бюлетэня.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць гадоў. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле апошніх зьвестак, апублікаваных ЦВК, яўка на выбарах склала ня меней за 81,50%.
  • У ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарцаў. Вынікі падліку галасоў за іншых кандыдатаў наступныя: Сяргей Сыранкоў — 3,21%, Алег Гайдукевіч —2,2%, Ганна Канапацкая — 1,86, Аляксандар Хіжняк — 1,74%. Супраць усіх прагаласавалі 3,6% удзельнікаў галасаваньня.
  • ЦВК заявіла, што апрацавала 100% бюлетэняў. Канчатковыя вынікі абяцаюць падвесьці 3 лютага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG