«Санкцыі накіраваныя супраць кіраўнікоў установаў, адказных за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека, і кампаній у беларускім абаронным сэктары, якія падтрымліваюць вайну Расеі ва Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні.
Сярод фізычных асобаў пад санкцыі трапілі:
- старшыня ЦВК Беларусі Ігар Карпенка,
- начальнік ГУБАЗіК Андрэй Ананенка,
- намесьнік начальніка ГУБАЗіК Міхаіл Бедункевіч,
- начальнік беларускай папраўчай калёніі № 11 г. Ваўкавыску Віктар Дуброўка,
- начальнік турмы № 1 у Горадні Павал Казакоў,
- начальнік СІЗА № 1 Менску Андрэй Цэдрык.
Таксама пад санкцыямі апынуліся 3 суб’екты абароннага сэктару Беларусі:
- завод «Легмаш» (Ворша) — беларускае прадпрыемства па вытворчасьці боепрыпасаў для вайсковага комплексу Беларусі,
- канструктарскае бюро «Бесьпілётныя верталёты»,
- ААТ «АЛЕЎКУРП» — дзяржаўная кампанія, якая спэцыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасьці радыёлякацыйных сыстэм і сыстэм кіраваньня ўзбраеньнем.
Адзначаецца, што санкцыі ўвялі «ў каардынацыі з Канадай».
«Пасьля жорсткіх рэпрэсіяў Лукашэнкі, падчас якіх галасы крытыкі ў Беларусі былі заглушаныя, учорашнія фіктыўныя выбары не адпавядалі міжнародным стандартам і былі асуджаныя міжнароднымі партнэрамі», — адзначаецца ў паведамленьні ўраду Вялікай Брытаніі.
Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Дэвід Лэмі падкрэсьліў, што краіна «разам з партнэрамі працягне падтрымліваць народ Беларусі і выкрываць тых, хто адмаўляе яму ў законным праве на свабоду і дэмакратыю».
27 студзеня новыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі таксама ўвяла Канада.
- 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам у прэзыдэнціх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў.
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
- Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
Форум