Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня ПАРЭ — народу Беларусі: «Эўропа на вас не забылася»


Тэодарас Русопулас
Тэодарас Русопулас

Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тэодарас Русопулас у сваёй прамове 27 студзеня перад асамблеяй на адкрыцьці зімовай сэсіі, сярод іншага, згадаў выбары ў Беларусі і выказаў падтрымку беларускаму народу.

У сваёй прамове пасьля пераабраньня старшынём ПАРЭ на другі тэрмін Тэадорас Русопулас згадаў нястомную працу ПАРЭ па забесьпячэньні таго, каб вайна ва Ўкраіне «ня стала нормай, а наша Асамблея заставалася засяроджанай і рашучай», і згадаў так званыя «выбары», якія адбыліся 26 студзеня ў Беларусі, «дзе Лукашэнка зноў зацьвердзіў сябе ў якасьці кіраўніка краіны».

«Мы абмяркуем гэтае пытаньне пазьней на гэтым тыдні — і сапраўды вельмі сымбалічна, што гэтыя фіктыўныя выбары супадаюць зь першым у гісторыі ўдзелам дэлегацыі беларускай апазыцыі [прадстаўнічая дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сілаў знаходзіцца ў Страсбургу падчас сэсіі] у працы нашай Асамблеі. Я хачу вітаць іх і падкрэсьліць, што іх прысутнасьць — важны сыгнал, які мы пасылаем народу Беларусі аб тым, што Эўропа на іх не забылася», — сказаў ён.

27 студзеня ПАРЭ прыняла просьбу аб правядзеньні тэрміновых дэбатаў на тэму «Вострая неабходнасьць свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі». Дэбаты пройдуць раніцай 30 студзеня.

У склад беларускай дэлегацыі ў ПАРЭ ўваходзяць шэсьць прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады: Павал Латушка і Анжаліка Мельнікава (Каманда Латушкі і «Рух за свабоду»), Аляксандра Мамаева і Валер Мацкевіч («Эўрапейскі выбар»), Маргарыта Ворыхава («Моладзевы наступ») і Павал Церашковіч («Наша справа»). Як патлумачыла «Салідарнасьці» Аляксандра Мамаева, пакуль фармальна кіраўнік дэлегацыі ня вызначаны, абавязкі кіраўніка выконвае яна.

У рамках сэсіі беларуская дэлегацыя ня будзе прысутнічаць у залі паседжаньняў ПАРЭ, але зможа ўдзельнічаць у працы ўсіх камітэтаў і падкамітэтаў асамблеі, за выключэньнем Камітэту па маніторынгу, Камітэту па правілах працэдуры, імунітэту і інстытуцыйных пытаньнях і Камітэту па выбарах судзьдзяў Эўрапейскага суду па правах чалавека. На паседжаньнях камітэтаў прадстаўнікі Беларусі могуць выступаць з дазволу старшыні, але ня маюць права голасу пры галасаваньні. Акрамя таго, дэлегацыя таксама можа браць удзел у сустрэчах палітычных груп ПАРЭ на ўмовах, вызначаных гэтымі групамі.

Праз год Бюро ПАРЭ ацэніць, наколькі пасьпяховы быў такі фармат працы, і можа зьмяніць умовы ўдзелу, у тым ліку дазволіць прысутнасьць беларускай дэлегацыі ў залі паседжаньняў асамблеі.

  • 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам у прэзыдэнціх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў.
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
  • Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікаюць не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
  • Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG