Цыганкоў: “Прадпрымальнікі прапануюць шэраг захадаў, каб зьняць абмежаваньні на заробкі ў прыватнай сфэры. Многія чыноўнікі заяўляюць, што яны нібыта ня супраць, але рашэньня пакуль не прымаецца. Хто выйграе ад такога кроку, а хто прайграе?”
Сасноў: “Вырашэньне гэтага пытаньня так, як прапануюць прадпрымальнікі, --даўно насьпела. Гэта будзе крок у слушным накірунку. Некалькі гадоў таму ўрад распаўсюдзіў дзяржаўную тарыфікацыю на ўсе суб’екты гаспадараньня, у тым ліку недзяржаўныя. Яшчэ калі ў 2000-ым годзе ўвялі ў дзеяньне Працоўны кодэкс, там ёсьць норма, якая прымушае ўсіх прымяняць дзяржаўную тарыфікацыю. Ніхто яе рэальна не выконвае, але такая норма ёсьць.
Калі прадпрымальнікі кажуць, што гэта варта адмяніць – гэта натуральна, гэта даўно варта зрабіць”.
Цыганкоў: “Але некаторыя чыноўнікі асьцерагаюцца, што такі крок нібыта прывядзе да зьніжэньня адлічэньняў у бюджэт”.
Сасноў: “Гэта сьмешна. Калі прадпрымальнікі будуць плаціць сваім наёмных работнікам больш, то і адлічэньняў у бюджэт будзе больш. Іншая справа, што многія цяпер плацяць у канвэртах паводле шэрых схемаў”.
Цыганкоў: “Магчыма, дзяржава проста баіцца, што адбудзецца перакос у структуры заробкаў. Людзі, якія працуюць у прыватным сэктары, могуць атрымліваць нашмат болей (асабліва калі яны будуць імкнуцца працаваць болей), у той час як у дзяржаўным сэктары многія прадпрыемствы працуюць па тры дні на тыдзень.”.
Сасноў: “Гэта першае. Але ёсьць і іншы чыньнік. У такім выпадку прыйдзе неабходнасьць пазбаўляцца ад дзяржаўнай маёмасьці. Вось што палохае чыноўнікаў. Ім ня будзе чым кіраваць – і столькі чыноўнікаў над эканомікай, колькі існуе зараз, стануць непатрэбныя.
Што да бюджэтнай сфэры, то тут варта захаваць дзяржаўныя тарыфныя стаўкі. Зразумела, трэба іх мадэрнізаваць, паляпшаць. Што да недзяржаўнай, то гэта поўны нонсэнс, калі чыноўнікі лезуць туды кіраваць і рэгуляваць такімі мэтадамі”