Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробкі растуць толькі ў справаздачах чыноўнікаў


Спадзяваньні работнікаў бюджэтнай сфэры на абяцанае ўладамі падвышэньне заробкаў ня спраўджваюцца. Сёньня міністар працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ўладзімер Патупчык заявіў, што ў траўні заробкі бюджэтнікаў ня вырастуць.


Міністар патлумачыў журналістам пасьля свайго сёньняшняга выступу ў Палаце прадстаўнікоў: спадзяваньні на рост заробкаў наўпрост зьвязаныя са станам эканомікі.

Уладзімер Патупчык
“Гэта ўсё будзе залежаць ад стану спраў у рэальным сэктары эканомікі і ад магчымасьцяў бюджэту. Цяпер мы працуем разам зь міністэрствамі эканомікі і фінансаў і шукаем магчымасьці прыняць станоўчае рашэньне. Калі гэта адбудзецца? Я яшчэ раз хачу сказаць: усё будзе залежаць ад таго, як разьвіваецца наша эканоміка”.

“У траўні росту тарыфнай стаўкі ня будзе?”

“У траўні — ня будзе”.

Эканаміст Леў Марголін прагназуе: заробкі бюджэтнікаў сёлета наагул ня стануць большымі:
заробкі бюджэтнікаў сёлета наагул ня стануць большымі...

“Я больш пэсымістычны за спадара Патупчыка. Але і больш дакладны. Калі ўсё будзе вырашацца ў залежнасьці ад стану эканомікі, як ён кажа, то сёлета чакаць падвышэньня заробкаў для бюджэтнікаў няма ніякага сэнсу. Бо эканоміка дакладна будзе хварэць увесь год”.

Паводле прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2009 год, рост рэальных заробкаў чакаецца на 15—17%, удакладніў міністар Патупчык:

“Гэта самы вялікі рост за апошнія гады. Мы цудоўна разумеем, што гэта вельмі складаная задача. Але, тым ня менш, я яшчэ раз паўтару: усё будзе залежаць ад спраў у рэальным сэктары эканомікі. Пакуль у рэальным сэктары эканомікі забясьпечваецца рост рэальных заробкаў на 4 працэнтныя пункты параўнальна зь мінулым годам. Складаней справы ў бюджэтнай сфэры”.

Прафсаюзны лідэр Аляксандар Бухвостаў адсочвае памеры заробкаў працоўных на шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў, такіх, у прыватнасьці, як менскія аўтамабільны, трактарны заводы ды іншыя:

Аляксандар Бухвостаў
“Нідзе такога няма, нідзе. Я ня ведаю, адкуль яны ўзялі падвышэньне заробкаў. Ну, ня можа заробак падвышацца. Калі заводы перайшлі на рэжым працы — тры-чатыры працоўныя дні на тыдзень”.

Эканаміст Марголін лічыць: заробкі растуць толькі на паперы. І выказвае сваю вэрсію, як гэта робіцца:

“Гэта такі хітры падман. Ніякага рэальнага падвышэньня заробкаў няма. Але калі чалавек працуе тры дні на тыдзень, то яго заробак пералічваецца на поўную занятасьць. І калі ён, працуючы тры дні на тыдзень, зарабляе 540 тысяч рублёў на месяц, то гэтая сума дзеліцца на тры, памнажаецца на пяць, і выводзіцца сярэдні заробак — 900 тысяч. Альбо такі прыклад — два чалавекі працуюць на паўстаўкі і атрымоўваюць па 400 тысяч. Гэта таксама пералічваецца на поўную стаўку. І атрымліваецца, што яны нібыта атрымліваюць па 800 тысяч на месяц. Вось такая хітрая матэматыка. І таму гэтае папяровае павышэньне заробку насамрэч ня мае ніякага дачыненьня да рэальнай сытуацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG