Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На Дзень волі 25 сакавіка прыедзем у Менск абавязкова”


У “Званках на Свабоду” слухачы гавораць пра выбары ў мясцовыя саветы, разважаюць, як зрабіць, каб выбары прайшлі без фальшаваньняў. Вы таксама пачуеце выказваньні пра сьвяткаваньне Дня волі 25 сакавіка.


Галоўная тэма ў тэлефанаваньнях — выбары ў мясцовыя саветы. Да 25 сакавіка адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты. Выбары прызначаныя на 25 красавіка.

Спадар, Полацак: “Хутка адбудуцца выбары ў мясцовыя саветы, а праз год прэзыдэнцкія. І каб яны ў чарговы раз ня сталіся фарсам, трэба тэрмінова адмяніць датэрміновае галасаваньне як галоўную шырму для фальсыфікацыі. Нездарма спадарыня Ярмошына так заўзята абараняе гэтую “датэрміноўку”. Успомнім, як пяць дзён запар датэрмінова галасаваць гналі, статкам ці строем — войска, міліцыю, студэнтаў. Помню, як на нашым прадпрыемстве за кожным працоўным начальнікі бегалі: прагаласаваў ці не. А калі я сказаў, што мне няма калі сьпяшацца, я і ў асноўны дзень прагаласую, мяне ледзь з працы ня выгналі. Як кажуць, і каню зразумела, для чаго гэта ўсё робіцца, каму галасы дастаюцца. Гэта па-першае. Па-другое, апазыцыя павінна мець такі ж доступ да СМІ, як і Лукашэнка. Дзяржаўныя СМІ — гэта яму не асабістая крамка. І вельмі пажадана, каб ён узяў удзел у тэледэбатах са сваімі апанэнтамі, а мы паглядзім. Па-трэцяе, трэба дапусьціць прадстаўнікоў апазыцыі да падліку галасоў. Вось, у прынцыпе, і ўсё. Калі гэта будзе зроблена, то на элегантныя перамогі Рыгоравічу давядзецца забыцца”.

Наступныя тэлефанаваньні прысьвечаныя сьвяткаваньню Дня Волі 25-га сакавіка.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Віншую Радыё Свабода і вас, дарагія слухачы, з днём абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка. Хацелася б сустрэцца з усімі вамі каля Акадэміі навук. Няхай жыве наша родная незалежная Беларусь”.

Спадарыня: “На Дзень Волі 25 сакавіка мы прыедзем у Менск абавязкова. Сустракайце нас, мае дарагія суайчыньнікі менчукі. Беларусь павінна стаць справядлівай незалежнай дзяржавай. Народ заслугоўвае павагі да кожнага з нас. Гэта наша зямля, гэта наша радзіма. У нас ёсьць дасьведчаныя, справядлівыя лідэры, зь якімі мы можам будаваць новую дзяржаву бяз страху і абдзіралаўкі. Мы хочам пачуць, дзе мы сустракаемся і ў колькі гадзін. Усяго вам найлепшага”.

Заяўнікі акцыі плянавалі прайсьці ад Акадэміі навук па ходніках да сквэру Янкі Купалы. Улады Менску дазволілі правесьці мітынг на плошчы Бангалор. Аднак арганізатары кажуць, што час і месца збору ўдзельнікаў мерапрыемства засталіся ранейшымі — у 18:00 на пляцоўцы каля будынка прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук.

25 сакавіка са сьвяткаваньня Дня Вволі “Свабода” плянуе весьці онлайн-рэпартаж на сайце, а таксама наўпроставы эфір.

Завершым праграму такім тэлефанаваньнем:

Спадарыня: “Вітаю! Я хацела б даведацца ваш адрас, кінуць ліст асабіста вам. Я была гадоў 10 назад, але зараз ужо забылася”.

Шаноўная слухачка, наш паштовы адрас наступны: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111.

А ў Менску 24 гадзіны працуе тэлефон “Свабоды” 266-39-52.

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG