Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп чакае ад хаўрусьнікаў па NATO павелічэньня выдаткаў на бомбы і кулі, піша журналіст Свабоды Рэй Фурлонг.
Прапанова Трампа аб ахвяраваньні 5% ВУП на абарону была масава адхіленая, але патрэба ў большых абаронных бюджэтах рэальная і, як чакаецца, ня зьнікне.
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што выдаткі, магчыма, давядзецца павялічыць да 3,7% ВУП. Вышэй за гэты паказьнік на гэты момант толькі Польшча.
Пакуль што мэта выдаткаў на абарону складае 2%, гэта большая частка сяброў зрабіла ці перасягнула ў 2024 годзе. Новую мэту вызначаць на саміце NATO ў чэрвені ў Гаазе. Гэта запатрабуе згоды ўсіх 32 краін-сяброў.
Эўрапейскія краіны павялічылі абаронныя бюджэты пасьля поўнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. І многія іх лідэры заявілі, што павелічэньне выдаткаў павінна працягвацца, каб супрацьстаяць ваеннай пагрозе з боку Масквы, якая пастаянна расьце.
Але ўвасобіць гэта на практыцы — цяжкая задача. Многія ўрады ўжо сутыкаюцца з напружаньнем у дзяржаўных фінансах, абцяжаранымі запазычанасьцямі пэнсійнымі сыстэмамі, рыпам дзяржаўных службаў і незадаволенымі выбарнікамі з рознымі прыярытэтамі. Да гэтай сумесі дадаецца палітычная нестабільнасьць.
Погляд на тры найбуйнейшыя эўрапейскія вайсковыя дзяржавы падкрэсьлівае маштабы перашкод для буйных інвэстыцыяў у іхныя ўзброеныя сілы.
Нямеччына
У намінальным вымярэньні Нямеччына галоўная ў выдатках (каля 98 мільярдаў даляраў у 2024 годзе, паводле статыстыкі NATO).
Гэта складае 2,12 % ВУП, менш, чым у многіх іншых сяброў NATO. Намаганьні павялічыць наткнуліся на цагляны мур і прывялі да краху нямецкага ўраду ў сьнежні.
Такім мурам зьяўляецца канстытуцыйнае правіла, вядомае як «даўгавы тормаз». Ён абмяжоўвае памер агульнага доўгу Нямеччыны і штогадовых пазык.
Была зробленая прапанова прыпыніць даўгавы тормаз, улічваючы выключны ціск на выдаткі (ня толькі на абарону), выкліканы вайной ва Ўкраіне, але кіроўная кааліцыя Нямеччыны не змагла дасягнуць кансэнсусу.
Міністэрства абароны апублікавала пляны маштабных укладаньняў, каб падрыхтаваць нямецкіх вайскоўцаў да вайны, але міністар абароны Барыс Пісторыюс застаўся раззлаваны праз адсутнасьць сродкаў.
Цяпер немцы пойдуць на выбарчыя ўчасткі на датэрміновых парлямэнцкіх выбарах у лютым, але абарона амаль ня лічыцца праблемай кампаніі. Здаецца, апазыцыйныя хрысьціянскія дэмакраты выйдуць пераможцамі і іхнае абяцаньне падтрымліваць выдаткі на ўзроўні «прынамсі» 2 працэнтаў ВУП не прымусіць біцца часьцей сэрцы ў Вашынгтоне. У перадвыбарнай праграме партыя абяцала захаваць папулярны ў выбарнікаў мэханізм даўгавога тормазу.
Ніку Папэску з Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў сказаў, што сытуацыя ў Нямеччыне ілюструе агульнаэўрапейскую праблему.
«Палітыкі на працягу 30 гадоў не вялі сур’ёзных размоў са сваёй грамадзкасьцю аб неабходнасьці выдаткаў на абарону, — сказаў ён. — Многія баяцца весьці гэтую размову. Існуе палітычная ўтаймоўная кашуля».
Францыя
Францыя прыклад гэтаму. Палітычная нестабільнасьць сарвала пляны павелічэньня выдаткаў на абарону ў кароткатэрміновай пэрспэктыве.
Прэзыдэнт Эманюэль Макрон страціў парлямэнцкую большасьць на датэрміновых выбарах летам, што зрабіла немагчымым зацьвярджэньне бюджэту на 2025 год. Гэта азначае, што выдаткі Францыі на абарону пакуль затрымаліся на ўзроўні 2024 году, пакідаючы заплянаванае павелічэньне на 3 мільярды даляраў у падвешаным стане.
Ключавыя блёкі ў парлямэнце маюць абсалютна розныя бюджэтныя прыярытэты. І левыя, і ўльтраправыя хочуць большых сацыяльных выдаткаў, у той час як правацэнтрысты хочуць зьніжэньня падаткаў і ніхто не выглядае гатовым да кампрамісу. Урад можа страціць вотум даверу ў любы момант.
«Абарона ніколі не абмяркоўваецца, — сказаў Алівіе Каста з Sciences Po у Парыжы. — Уся гісторыя складаецца з таго, што палітычныя лідэры імкнуцца перамагчы на наступных прэзыдэнцкіх выбарах».
Між тым бюджэт у Францыі ўжо напружаны да мяжы. Дзяржаўны доўг складае 120% ВУП, што ўдвая перавышае столь доўгу Эўрапейскага зьвязу.
«Францыя горшая за Нямеччыну ва ўсіх эканамічных паказьніках», — сказаў прэм’ер міністар краіны Франсуа Байру 14 студзеня.
Каста адзначыў, што «будзе вельмі складана ў цяперашнім кантэксьце патлумачыць грамадзянам, што на абарону трэба выдаткоўваць больш грошай».
Брытанія
Брытанія мае адзін з найбуйнейшых у Эўропе абаронных бюджэтаў. Прыблізна 82 мільярды даляраў складаюць 2,33% ВУП. Палітычная сытуацыя ў краіне больш стабільная, бо новы ўрад мае пераважную большасьць у парлямэнце.
Але прэм'ер-міністар Кір Стармэр перамог у леташнім галасаваньні з абяцаньнем не павышаць падаткаў і скараціць доўг. Ён таксама абавязваўся падтрымліваць выдаткі ў прыярытэтных галінах. Гэта ўключае абарону, але таксама здароўе, асьвету і транспартную інфраструктуру.
Брытанскі нацыянальны доўг на гэты момант на найвышэйшым узроўні з 1960-х. Гэта ўсё азначае вельмі абмежаваную прастору для выдаткоўваньня грошай на абарону.
У лістападзе Стармэр паведаміў Рутэ, што ўвесну ўрад «пракладзе сьцяжыну» да павышэньня выдаткаў да 2,5% ВУП.
Адсутнасьць канкрэтнага графіку выкананьня гэтых абяцаньняў ужо крытыкавалі, як і амбіцыі Стармэра, якія значна адстаюць ад лічбаў, названых ім Рутэ.