Як інфармуе Нацыянальны дырэктарат бясьпекі Афганістану (НДБ), Хафіз Саід і яшчэ 30 баявікоў ІД былі забітыя ў ноч на суботу ў выніку авіяналёту, праведзенага пры падтрымцы афганскіх спэцслужбаў.
Прадстаўнікі «Ісламскай дзяржавы» пакуль не пацьвердзілі сьмерць Саіда. Таксама не пракамэнтавалі сытуацыю ўлады Афганістану.
Паводле паведамленьняў, у выніку нападу загінуў яшчэ адзін высокапастаўлены прадстаўнік джыгадысцкай групоўкі.
Права на бесьпілётнікі
З 1 студзеня 2015 мінуў тэрмін мандату Паўночнаатлантычнага альянсу на правядзеньне ваенных апэрацый у Афганістане. Паводле новага мандату, сілы НАТО атрымалі паўнамоцтвы па арганізацыі падрыхтоўкі афганскіх вайскоўцаў, але ў іх таксама захавалася права на выкарыстаньне бесьпілётнікаў.
9 ліпеня ўлады Афганістану паведамлялі, што на ўсходзе краіны ў выніку ракетнага ўдару зь бесьпілётніка быў забіты палявы камандзір Шагідула Шагід, які нядаўна перайшоў у шэрагі «Ісламскай дзяржавы».
Прадстаўнік НДБ паведаміў Бі-бі-сі, што абодва авіяўдары будуць мець сур’ёзнае значэньне для бясьпекі ў Афганістане.
Гэта толькі трэці выпадак выкарыстаньня кааліцыяй бесьпілётнікаў супраць сіл ІД у Афганістане. Як адзначае карэспандэнт Бі-бі-сі Дэвід Лойн, гэта паказвае, наколькі сур’ёзна афганскі ўрад і кааліцыя ўспрымаюць пагрозу ўмацаваньня гэтай групоўкі ў краіне.