Згодна з апублікаванымі ЦВК зьвесткамі, за чатыры дні датэрміновага галасаваньня:
- яўка ў Берасьцейскай вобласьці —37,78%,
- Віцебская вобласьць — 36,52%,
- Менская вобласьць — 36,50%
- Горадзенская вобласьць — 35,61%
- Магілёўская вобласьць — 35,92%
- Гомельская вобласьць — 36,57%
- Менск — 33,66%.
Гэта рэкордная яўка выбарнікаў у першыя чатыры дні датэрміновага галасаваньня за гісторыю правядзеньня выбарчых кампаній. Так, яўка па выніках чатырох дзён датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году склала 32,24 %.
Паводле ЦВК, у першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта яўка склала 7,81%, па выніках двух дзён датэрміновага галасаваньня — 17,67%, па выніках трох дзён — 27,15%. Гэта таксама рэкордныя лічбы ў параўнаньні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі ў Беларусі.
Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека. З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.
Галасуюць студэнты, чыноўнікі, спартоўцы і пацыенты бальніц: праваабаронцы пра трэці дзень датэрміновага галасаваньня
Экспэртная місія кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сочыць за правядзеньнем датэрміновага галасаваньня на выбарах, расказвае, як яно праходзіць, і фіксуе парушэньні.
Так, стала вядома, што мінімум у 4 бальніцы аднаго з абласных цэнтраў Беларусі паступіла распараджэньне забясьпечыць яўку пацыентаў стацыянара на галасаваньні — праз гэта хворых не адпускаюць дадому на выходныя, а таксама зацягваюць выпіску, паведаміла са спасылкай на ўласныя крыніцы выданьне «Люстэрка». Больш за тое, як стала вядома выданьню, у сьпісы выбарнікаў даручылі ўключаць нават пацыентаў рэанімацыі, якія знаходзяцца на апараце ШВЛ. «На пытаньне навошта, бо гэтыя людзі відавочна галасаваць ня будуць, адказ быў: „Якая розьніца? У нас галасуюць усе“», — расказваюць крыніцы СМІ.
23 студзеня ў ЦВК заявілі, што нібыта 15 беларусаў прыехалі з-за мяжы, каб прагаласаваць на выбарах. За межамі Беларусі выбарчыя ўчасткі ствараць ня сталі — беларусы замежжа, якія хочуць прагаласаваць на гэтых выбарах, мусяць для гэтага прыехаць на радзіму і прагаласаваць на адным з шасьці выбарчых участкаў у абласных цэнтрах. Раней юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»тлумачылі, што пазбаўляць права голасу значную частку грамадзтва — гэта дыскрымінацыя.
Паводле зьвестак Mayday Team, датэрміновае галасаваньне ў Магілёўскай вобласьці праходзіць шмат у чым у «добраахвотна-прымусовым» парадку. Так, на выбарчых участках арганізавана прагаласавалі студэнты МДУ імя А.А. Куляшова, БРУ, архітэктурна-будаўнічага каледжа, курсанты факультэта міліцыі Інстытута МУС, а таксама вайскоўцы.
Тым, хто галасуе ўпершыню, на ўчастку ўручылі падарункі: кнігі зь дзяржаўнай сымболікай і футболкі «Твой голас першы» — раней юрысты адзначалі, што ў гэтай назьве хаваецца ўскосная агітацыя за Лукашэнку. У Круглым на датэрміновае галасаваньне арганізавана прыйшлі супрацоўнікі мясцовай пракуратуры і раённага выканаўчага камітэту.
Прапаганда працягвае масава публікаваць здымкі тых, хто прыходзіць галасаваць. Па апублікаваных фота і відэа відаць, што кабінкі для галасаваньня на ўчастках не абсталяваныя шторкамі. На большасьці ўчастках у кожнай кабінцы вывесілі папярэджаньне аб забароне здымкі бюлетэня. Праўладныя СМІ робяць акцэнт на тым, што прыходзяць галасаваць моладзь, спартоўцы, сталыя людзі, вайскоўцы і «цэлыя сем’і».
Бабруйская раёнка распавядае пра «папулярных блогераў», якія паўдзельнічалі датэрмінова. Яны прамаўлялі камплімэнты дзяржаве і посьцілі сторыз з выбарчага ўчастку.
Дзяржаўныя мэдыя, афіцыйныя тэлеграм-каналы і сайты дзяржаўных органаў працягваюць асьвятляць датэрміновае галасаваньне чыноўнікаў. Юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што такія відэа зьяўляюцца часткай прапаганды, накіраванай на стварэньне ілюзій легітымнасьці працэсу і масавага ўдзелу ў галасаваньні. Так, 23 студзеня праўладныя СМІ адсправаздачыліся, як старшыня ЦВК Ігар Карпенка прагаласаваў разам зь сям’ёй.
Рэгіянальныя мэдыя публікуюць справаздачы пра дзейнасьць міжнародных назіральнікаў місій СНД. Тым часам у Беларусі з 2020 году стала практычна немагчымым незалежнае назіраньне: назіральнікі АБСЭ былі выключаныя, а мясцовыя незалежныя арганізацыі сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі і крымінальным перасьледам. Гэта робіць немагчымым аб’ектыўную ацэнку сумленнасьці выбараў і падрывае давер да выбарчага працэсу, падкрэсьліваюць праваабаронцы.
Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка раней падкрэсьліваў, што ў выпадку з назіральнікамі ад СНД і падобных інстытутаў — гэта палітычныя праўладныя (у сваіх краінах) прызначэнцы.