Гэты дзень у гісторыі
1323 — у лісьце ў эўрапейскія гарады вялікі князь Гедзімін запрашае ў ВКЛ сьвятароў, рыцараў і рамесьнікаў, абяцае надзяліць зямлёй і вызваліць ад падаткаў на 10 гадоў
1831 — польскі Сэйм абвясьціў пра скіданьне расейскага цара Мікалая І з польскага пасаду. Гэта была важная акцыя ў часе антырасейскага паўстаньня 1831 году. Менавіта 25 студзеня ў Варшаве нарадзіўся лёзунг, зьвернуты да расейскага народу: «За вашу і нашу свабоду!» Праўда, пасьля гэтага Расея паслала ў Польшчу вялізнае войска і пасьля 9 месяцаў крывавых баёў паўстаньне было задушанае. На доўгі час Польшча была пазбаўленая незалежнасьці і лічылася часткай Расейскай імпэрыі.
1858 — падчас вясельля прускага кронпрынца Фрыдрыха і брытанскай прынцэсы Вікторыі прагучаў вясельны марш Мэндэльсона. Пасьля гэтай цырымоніі марш атрымаў шырокую папулярнасьць.
25 студзеня 1918 — у Вільні пачалася Беларуская канфэрэнцыя.
1924 — у францускім альпійскім гарадку Шамані пачаліся першыя зімовыя Алімпійскія гульні.
1960 — Савецкі Саюз скасаваў сыстэму прымусовых працоўных лягераў ГУЛАГ. Аднак іх надалей выкарыстоўвалі для палітычных вязьняў і злачынцаў да 1987 году. У Беларусі ад сталінскіх рэпрэсіяў пацярпелі больш за 600 тысяч чалавек.
1962 — арыштаваны за антысавецкую агітацыю артыст Эдуард Гарачы. Асуджаны на 2 гады лягераў.
1972 — у Менску нарадзіўся мільённы жыхар.
1990 — заснаваны Лельчыцкі краязнаўчы музэй.
2004 — Міхэіл Саакашвілі заступіў на пасаду прэзыдэнта Грузіі.
2011 — у Эгіпце пачалася рэвалюцыя, якая прывяла да зрынаньня прэзыдэнта Хосьні Мубарака.
2021 — журналіст Ігар Лосік спыніў галадоўку пратэсту ў турме. Ён галадаваў 42 дні.
2022 — Польшча пачала ўзьвядзеньне сьцяны на мяжы зь Беларусьсю. Даўжыня 185,25 км, вышыня 5 м, выдаткавана 49 тыс. тон сталі. Праца была завершана 30 чэрвеня 2022.
У гэты дзень нарадзіліся
1759 — Робэрт Бэрнс, шатляндзкі паэт.
1804 — Антон Адынец, беларускі паэт, перакладчык, мэмуарыст, выдавец.
1844 — Кацярына Брэшка-Брэшкоўская, ураджэнка Віцебскай губэрні, «бабуля рускай рэвалюцыі», расейская рэвалюцыянэрка, першая жанчына-палікатаржанка, сябра ЦК партыі эсэраў і баявой арганізацыі гэтай партыі.
1869 — Адам Гурыновіч, беларускі паэт.
1903 — Любоў Мазалеўская, акторка тэатру і кіно. У Беларусі з 1992 году прысуджаецца прэмія імя Мазалеўскай у галіне тэатральнага мастацтва.
1938 — Уладзімір Высоцкі, расейскі бард, паэт і актор.
1955 — Аляксандар Лакотка, беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, дырэктар Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя К. Крапівы.
У памяці
1938 — Тамаш Грыб, беларускі грамадзкі, палітычны і культурны дзяяч. Стварыў у Празе Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны. Адзін з кіраўнікоў і старшыня з 1930 да 1932 году Аб’яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў у Празе.