Згодна з апублікаванымі ЦВК зьвесткамі, за тры дні датэрміновага галасаваньня:
- найбольшая яўка ў Берасьцейскай вобласьці —30,66%,
- за ёй Віцебская вобласьць — 27,47%,
- Менская вобласьць — 27,37%
- Горадзенская вобласьць — 27,03%
- Магілёўская вобласьць — 26,90%
- Гомельская вобласьць — 25,99%
- Менск — 25,21%.
Гэта рэкордная яўка выбарнікаў у першыя тры дні датэрміновага галасаваньня за гісторыю правядзеньня выбарчых кампаній. Так, яўка па выніках трох дзён датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году склала 22,47%, на выбарах 2015 году — 18,69%, 2010-га — 11,7%, 2006-га — 9,1%.
Яўка па выніках трох дзён датэрміновага галасаваньня на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе, паводле ЦВК, склала 19,43%, у 2016 годзе — 16,71%, у 2012-м — 12,5%, у 2008-м — 12 ,3%, у 2004-м — 9,6%.
Паводле ЦВК, у першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта яўка склала 7,81%, па выніках двух дзён датэрміновага галасаваньня — 17,67%. Гэта таксама рэкордныя лічбы ў параўнаньні з папярэднімі выбарчымі кампаніямі ў Беларусі.
Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў выбраць прэзыдэнтам новага чалавека. З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.
Галасуюць студэнты, чыноўнікі, спартоўцы і пацыенты бальніц: праваабаронцы пра трэці дзень датэрміновага галасаваньня
Экспэртная місія кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сочыць за правядзеньнем датэрміновага галасаваньня на выбарах, расказвае, як яно праходзіць, і фіксуе парушэньні.
Так, стала вядома, што мінімум у 4 бальніцы аднаго з абласных цэнтраў Беларусі паступіла распараджэньне забясьпечыць яўку пацыентаў стацыянара на галасаваньні — праз гэта хворых не адпускаюць дадому на выходныя, а таксама зацягваюць выпіску, паведаміла са спасылкай на ўласныя крыніцы выданьне «Люстэрка». Больш за тое, як стала вядома выданьню, у сьпісы выбарнікаў даручылі ўключаць нават пацыентаў рэанімацыі, якія знаходзяцца на апараце ШВЛ. «На пытаньне навошта, бо гэтыя людзі відавочна галасаваць ня будуць, адказ быў: „Якая розьніца? У нас галасуюць усе“», — расказваюць крыніцы СМІ.
23 студзеня ў ЦВК заявілі, што нібыта 15 беларусаў прыехалі з-за мяжы, каб прагаласаваць на выбарах. За межамі Беларусі выбарчыя ўчасткі ствараць ня сталі — беларусы замежжа, якія хочуць прагаласаваць на гэтых выбарах, мусяць для гэтага прыехаць на радзіму і прагаласаваць на адным з шасьці выбарчых участкаў у абласных цэнтрах. Раней юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»тлумачылі, што пазбаўляць права голасу значную частку грамадзтва — гэта дыскрымінацыя.
Паводле зьвестак Mayday Team, датэрміновае галасаваньне ў Магілёўскай вобласьці праходзіць шмат у чым у «добраахвотна-прымусовым» парадку. Так, на выбарчых участках арганізавана прагаласавалі студэнты МДУ імя А.А. Куляшова, БРУ, архітэктурна-будаўнічага каледжа, курсанты факультэта міліцыі Інстытута МУС, а таксама вайскоўцы.
Тым, хто галасуе ўпершыню, на ўчастку ўручылі падарункі: кнігі зь дзяржаўнай сымболікай і футболкі «Твой голас першы» — раней юрысты адзначалі, што ў гэтай назьве хаваецца ўскосная агітацыя за Лукашэнку. У Круглым на датэрміновае галасаваньне арганізавана прыйшлі супрацоўнікі мясцовай пракуратуры і раённага выканаўчага камітэту.
Прапаганда працягвае масава публікаваць здымкі тых, хто прыходзіць галасаваць. Па апублікаваных фота і відэа відаць, што кабінкі для галасаваньня на ўчастках не абсталяваныя шторкамі. На большасьці ўчастках у кожнай кабінцы вывесілі папярэджаньне аб забароне здымкі бюлетэня. Праўладныя СМІ робяць акцэнт на тым, што прыходзяць галасаваць моладзь, спартоўцы, сталыя людзі, вайскоўцы і «цэлыя сем’і».
Бабруйская раёнка распавядае пра «папулярных блогераў», якія паўдзельнічалі датэрмінова. Яны прамаўлялі камплімэнты дзяржаве і посьцілі сторыз з выбарчага ўчастку.
Дзяржаўныя мэдыя, афіцыйныя тэлеграм-каналы і сайты дзяржаўных органаў працягваюць асьвятляць датэрміновае галасаваньне чыноўнікаў. Юрысты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што такія відэа зьяўляюцца часткай прапаганды, накіраванай на стварэньне ілюзій легітымнасьці працэсу і масавага ўдзелу ў галасаваньні. Так, 23 студзеня праўладныя СМІ адсправаздачыліся, як старшыня ЦВК Ігар Карпенка прагаласаваў разам зь сям’ёй.
Рэгіянальныя мэдыя публікуюць справаздачы пра дзейнасьць міжнародных назіральнікаў місій СНД. Тым часам у Беларусі з 2020 году стала практычна немагчымым незалежнае назіраньне: назіральнікі АБСЭ былі выключаныя, а мясцовыя незалежныя арганізацыі сутыкнуліся з жорсткімі рэпрэсіямі і крымінальным перасьледам. Гэта робіць немагчымым аб’ектыўную ацэнку сумленнасьці выбараў і падрывае давер да выбарчага працэсу, падкрэсьліваюць праваабаронцы.
Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка раней падкрэсьліваў, што ў выпадку з назіральнікамі ад СНД і падобных інстытутаў — гэта палітычныя праўладныя (у сваіх краінах) прызначэнцы.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
- 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.