Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: Шэраг краін адмовіліся далучацца да пазову Літвы ў Гаагу супраць рэжыму Лукашэнкі


Павал Латушка, архіўнае фота
Павал Латушка, архіўнае фота

Іншыя краіны пакуль не прынялі рашэньня аб далучэньні да пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт прыцягненьня да адказнасьці рэжыму Лукашэнкі, а шэраг краін наогул адмовіліся яго падтрымліваць, паведаміў намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэта, кіраўнік НАУ Павал Латушка на тэматычных слуханьнях Каардынацыйнай рады 23 студзеня ў Варшаве, піша «Позірк».

Паводле яго, атрыманыя адмовы ад «шэрагу ключавых партнэраў», пры гэтым «сярод атрыманых камэнтароў няма ніводнага прававога, гэта значыць юрыдычных падставаў для адмовы ў прыняцьці такіх рашэньняў».

Павал Латушка нагадаў, што 30 верасьня 2024 году Літва перадала ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці. У МКС пачалі папярэдняе расьсьледаваньне сытуацыі. На ацэнку адпаведнасьці пададзенага пазову крытэрам для пачатку расьсьледаваньня можа спатрэбіцца да 6 месяцаў, адзначыў палітык.

Палітык адзначыў, што выкарыстаньне іншых мэханізмаў, апроч прыцягненьня Лукашэнкі да адказнасьці ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда, цяпер бачыцца яму немагчымым. Патэнцыйнае расьсьледаваньне ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі выключае магчымасьць прыцягненьня да адказнасьці асобаў, якія валодаюць асабістым імунітэтам, якім карыстаецца Лукашэнка. Альтэрнатыўным варыянтам магло б быць стварэньне спэцыяльнага міжнароднага трыбунала па Беларусі, аднак «у сьвятле існых геапалітычных бар’ераў і недахопу палітычнай волі» да моманту зьмены ўлады ў Беларусі гэта, на думку Латушкі, таксама немагчыма.

У сувязі з гэтым Латушка лічыць «абсалютным прыярытэтам» для дэмакратычных сілаў мэханізм МКС, які стаў магчымым, бо «Лукашэнка ажыцьцяўляючы тэрор супраць т.зв. „неляяльных“, выйшаў далёка за межы Беларусі».

«Сама меней два злачынствы былі ўчыненыя на тэрыторыі як мінімум 30 краін — удзельніц Рымскага статута МКС», — адзначыў сьпікер, удакладніўшы, што гаворка пра дэпартацыі і перасьлед па палітычных матывах.

Паводле Латушкі, у адпаведнасьці з практыкай міжнародных крымінальных трыбуналаў, пад дэпартацыяй разумеецца ня толькі фізычнае выдварэньне з тэрыторыі адной краіны ў іншую, але і нядобраахвотны характар перамяшчэньня за межы дзяржавы, калі ў ахвяры няма рэальнага выбару застацца на радзіме.

«Паводле мінімальных разьлікаў, сёньня можна казаць пра сама меней 300 тысяч беларусаў, якія зьяўляюцца ахвярамі дэпартацыі», — заявіў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG