Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ліквідуюць прадпрыемства, да якога мелі дачыненьне «нафтавы кашалёк» Лукашэнкі і ягоная нявестка


Праект жылога комплексу «Каскад» замест турмы Кальварыйскай у Менску, які ажыцьцяўляла кампанія «Юнівест-М». Ілюстрацыйнае фота
Праект жылога комплексу «Каскад» замест турмы Кальварыйскай у Менску, які ажыцьцяўляла кампанія «Юнівест-М». Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі ліквідуюць кампанію «Юнівест-М», уласьнік якой Анатоль Тарнаўскі кіраваў бізнэсам разам зь сярэднім сынам Аляксандра Лукашэнкі Дзьмітрыем. Тарнаўскага называюць самым буйным «нафтавым кашальком» Лукашэнкі.

На інфармацыю ў часопісе «Юстыцыя Беларусі» аб ліквідацыі кампаніі «Юнівест-М» зьвярнула ўвагу выданьне «Люстэрка». Пачатак працэдуры ліквідацыі датаваны 12 жніўня 2024 году.

Кампанія заснаваная ў 2001 годзе, яе афіцыйнай дзейнасьцю пазначаная рэалізацыя праектаў па будаўніцтве будынкаў, а таксама іх мадэрнізацыя, піша выданьне. Апроч таго, «Юнівест-М» займалася перапрацоўкай расейскай нафты на беларускіх НПЗ і гандлем нафтапрадуктамі ў краіны Эўразьвязу. Па гэтым кірунку кампанія супрацоўнічала з „Славнефтью“ расейскага бізнэсоўцы Міхаіла Гуцэрыева, але «пасьля ўключэньня ў санкцыйныя сьпісы ў пачатку 2010-х гэтую дзейнасьць пачалі прыхоўваць».

«Юнівест-М» таксама была зьвязаная са стварэньнем на месцы колішняй турмы ў Менску жылога комплексу «Каскад», бізнэс-цэнтраў, аб’ектаў грамадзкага харчаваньня ў розных гарадах. Да 2024 году кампанія валодала 74,99% акцыяў Смалявіцкага заводу жалезабэтонных вырабаў.

Згодна з інфармацыяй «Люстэрка», праз расейскую «Ю-Консалтинг» гэтай кампаніяй валодае Анатоль Тарнаўскі — беларускі бізнэсовец украінскага паходжаньня з расейскім пашпартам, уладальнік некалькіх найбуйнейшых кампаніяў Беларусі, кавалер ордэна Рускай праваслаўнай царквы.

Тарнаўскі, апроч «Юнівест-М», меў як мінімум адну кампанію, якой ён кіраваў супольна з Прэзыдэнцкім спартовым клюбам, які з 2005 году ачольвае сярэдні сын Лукашэнкі Дзьмітры.

Шмат гадоў генэральным дырэктарам «Юнівест-М» быў Уладзімер Здабноў, які да гэтага ачольваў Мазырскі НПЗ. У 2008–2011 гадах яго намесьніцай працавала Ганна Лукашэнка, жонка Дзьмітрыя Лукашэнкі.

У 2012 годзе Анатоль Тарнаўскі і ягоная кампанія «Юнівест-М» трапілі ў чорны сьпіс Эўразьвязу з прычыны сувязяў з Лукашэнкам (тады ЭЗ увёў санкцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе).

Бізнэсовец адначасова і аспрэчваў абмежаваньні праз суд, і спрабаваў абысьці іх. Праз два з паловай гады, у 2014-м, яго выкрасьлілі з санкцыйнага сьпісу.

Іншы бізнэс сям’і

У жніўні 2024 году канчаткова ліквідавалі ў выніку банкруцтва яшчэ адну кампанію — «Ювараград» (раней яна называлася «ЮнівестБудІнвэст»), якой супольна валодалі Анатоль Тарнаўскі і Прэзыдэнцкі спартовы клюб.

Фірма змагла разьлічыцца з крэдыторам, якому была вінная больш за 3,8 мільёна рублёў — такой была яе запазычанасьць перад кампаніяй «Юнітраст», якая ў ліпені 2024-га закрылася ў выніку рэарганізацыі. Гэтая фірма таксама зьвязана з сям’ёй Тарнаўскага. За пэўны час да банкруцтва «Юнівест-М» перадала ці прадала «Юнітрасту» свае акцыі Смалявіцкага заводу жалезабэтонных вырабаў на 1,2 мільёна рублёў.

Сям’я Тарнаўскага таксама валодае фірмай «Юніс Ойл» — праз расейскую «Руно-ресурс». Цяпер з аўкцыёну прадаюць запраўку «Юніс Ойл», якая знаходзіцца на трасе ў раёне Стоўбцаў.

Да лютага 2019 году Тарнаўскі меў яшчэ кампанію «Ю-строй», якая займалася будаўніцтвам (афіцыйна належыць расейскай «Моспромстрой»). Яна была зьвязаная з будаўніцтвам прыватнай школы ў Драздах, якая належала імавернай маці Мікалая Лукашэнкі Ірыне Абельскай.

Паводле інфармацыі Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, у сям’і таксама ёсьць некалькі фірмаў у афшорах, і кампанія ў Вялікай Брытаніі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG