Дональд Трамп у першы ж дзень на пасадзе прэзыдэнта ЗША прапанаваў новую трактоўку канстытуцыйнага палажэньня, якое датычыцца ўсіх дзяцей, народжаных на тэрыторыі ЗША — яны аўтаматычна становяцца грамадзянамі ЗША. У адміністрацыі новага прэзыдэнта палічылі, што гэтая норма не павінна тычыцца дзяцей замежнікаў, якія знаходзяцца ў ЗША незаконна ці нават законна, але на часовай аснове.
Праваабарончыя арганізацыі і ўрады некалькіх гарадоў і штатаў, у якіх пераважаюць дэмакраты, падалі ў фэдэральныя суды некалькі пазоваў супраць гэтага закону, піша ВВС.
Першы зь іх разгледзеў судзьдзя Джон Кофэнар у Сіэтле, штат Вашынгтон, пасяджэньне цягнулася ня больш за 25 хвілінаў. Судзьдзя часова прыпыніў дзеяньне ўказу, які павінен быў набыць моц з 19 лютага.
У адміністрацыі будзе магчымасьць аспрэчваць гэтае рашэньне ў судах больш высокай інстанцыі.
Указ Трампа, як адзначалі СМІ пасьля яго падпісаньня, непазьбежна сутыкнецца зь юрыдычнымі праблемамі, бо супярэчыць прэцэдэнтам Вярхоўнага суду і 14-й папраўцы да Канстытуцыі, прынятай у 1868 годзе. На працягу больш за 100 гадоў гэтая папраўка тлумачылася амэрыканскімі судамі на карысьць усіх дзяцей, якія нарадзіліся ў ЗША.
Форум