Тры арганізацыі, якія абараняюць правы мігрантаў, абскардзілі ў судзе адзін зь першых указаў Дональда Трампа пасьля яго вяртаньня на пасаду прэзыдэнта, які адмяняе для значнай часткі мігрантаў так званае права зямлі — безумоўнае наданьне амэрыканскага грамадзянства дзецям, якія нарадзіліся на тэрыторыі краіны.
Ва ўказе Трампа гаворыцца, што 14-я папраўка да Канстытуцыі ЗША, якая абараняе права на грамадзянства па нараджэньні, была няправільна вытлумачаная і не павінна распаўсюджвацца на дзяцей, народжаных бацькамі, чыё сталае знаходжаньне ў ЗША не пацьверджана дакумэнтамі. Згодна з указам, права на грамадзянства па нараджэньні ня будзе распаўсюджвацца на дзяцей, чые бацькі знаходзяцца ў ЗША незаконна, а таксама ў сытуацыях, калі маці знаходзіцца ў ЗША часова — напрыклад, па студэнцкай, працоўнай ці турыстычнай візе, а бацька не зьяўляецца грамадзянінам ЗША ці ня мае сталага дазволу на жыхарства.
Новыя правілы, згодна з указам, павінны пачаць дзейнічаць праз 30 дзён пасьля яго падпісаньня. Пасьля гэтага тэрміну дзеці, народжаныя ў ЗША, могуць атрымаць грамадзянства, толькі калі хаця б адзін з бацькоў зьяўляецца грамадзянінам ЗША або ўладальнікам сталага дазволу на жыхарства — так званай грын-карты.
Пазоў супраць гэтага ўказу падалі арганізацыя імігрантаў Нью-Ёрку Make the Road New York, Ліга аб’яднаных лацінаамэрыканскіх грамадзян і інданэзійская грамада падтрымкі Нью-Гэмпшыру. Падпісаліся пад пазовам і адвакаты Амэрыканскага саюзу абароны грамадзянскіх свабодаў (ACLU). Скаргу падалі ад імя шлюбнай пары, якая прыбыла ў ЗША ў 2023 годзе, падала хадайніцтве аб наданьні прытулку і чакае неўзабаве нараджэньня дзіцяці.
У пазове гаворыцца, што прынцып наданьня грамадзянства па праве нараджэньня дазволіў многім пакаленьням дзяцей рэалізаваць свае мары і пабудаваць больш моцную Амэрыку: «Стваральнікі 14-й папраўкі спэцыяльна замацавалі гэты прынцып у тэксьце нашай Канстытуцыі, каб гарантаваць, што ніхто — нават прэзыдэнт — ня зможа адмовіць дзецям, якія нарадзіліся ў ЗША».
Выканаўчы дырэктар ACLU Энтані Рамэра заявіў, што «адмова ў грамадзянстве дзецям, якія нарадзіліся ў ЗША, ня толькі супярэчыць Канстытуцыі, але і зьяўляецца безразважнай і бязьлітаснай адмовай ад амэрыканскіх каштоўнасьцяў».
Указ Трампа, як адзначаюць СМІ, сутыкнецца зь юрыдычнымі праблемамі, бо супярэчыць прэцэдэнтам Вярхоўнага суду і 14-й папраўцы да Канстытуцыі. Як чакаецца, у суды паступяць і іншыя пазовы, зьвязаныя з частковай адменай права на амэрыканскае грамадзянства па нараджэньні.
Форум