Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энтані Блінкен заявіў, што ЗША занепакоеныя ростам ізраільскіх удараў па Газе


Энтані Блінкен
Энтані Блінкен

Армія абароны Ізраілю за дзень атакавала ў сэктары Газа больш за 450 цэляў з сушы, паветра і мора. У ЗША занепакоеныя тым, што ў палестынскім анкляве, насуперак абяцаньням Ерусаліму, па-ранейшаму масава гінуць мірныя жыхары, піша Голас Амэрыкі.

Армія Ізраілю паведаміла аб нанясеньні ўдараў па 450 цэлях у сэктары Газа за апошнія содні: гэта найвышэйшы паказьнік з 1 сьнежня, калі завяршыўся рэжым спыненьня агню і аднавіліся баявыя дзеяньні, паведамляе Reuters. Баі сталі больш жорсткімі як на поўначы, так і на поўдні.

Паводле міністэрства аховы здароўя сэктару Газа, падкантрольнага ХАМАС, ахвярамі ваеннай апэрацыі ў чацьвер сталі 350 чалавек. Усяго, паводле інфармацыі мясцовых уладаў, за апошнія два месяцы загінулі звыш 17 тысяч жыхароў Газы.

«З моманту аднаўленьня ваеннай кампаніі на поўдні прайшоў тыдзень, і па-ранейшаму вельмі важна, каб Ізраіль надаваў асаблівую ўвагу абароне цывільнага насельніцтва, — заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен. — Мы бачым разыходжаньне паміж намерам абараніць цывільнае насельніцтва і фактычнымі вынікамі».

ХАМАС паведаміў, што найбольш лютыя баі ідуць у раёне Шуджая на поўначы сэктару і ў Хан-Юнісе на поўдні, які лічыцца другім найбуйнейшым горадам сэктару.

Ізраіль заклікаў жыхароў пакінуць гарады Джэбалія і Зэйтун на поўначы і раёны Шуджая і Стары горад у сталіцы анкляву. ЦАХАЛ рэкамэндуе мірнаму насельніцтву адыходзіць з поўначы ўздоўж берагу, бо ранейшы маршрут на поўдзень стаў «полем бітвы».

Праваабаронцы паведамляюць аб пагаршэньні гуманітарнай сытуацыі. «Парадак у сэктары Газы парушаны. На вуліцах бясчынствы, асабліва пасьля надыходу цемры, — напісаў у сацыяльнай сетцы X дырэктар Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам у сэктары Газа Том Уайт. — Некаторыя канвоі з гуманітарнай дапамогай рабуюць, а транспартныя сродкі ААН закідваюць камянямі. Грамадзтва на мяжы поўнага краху».

Эўра-Міжземнаморская арганізацыя маніторынгу правоў чалавека апублікавала фатаграфіі з пашкоджанай сярэднявечнай Вялікай мячэцьцю ў Газе. Пра нанесеную ёй шкоду стала вядома ўпершыню. У Ізраілі гэта не пракамэнтавалі.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG