Справу супраць расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава вярнулі на дадатковае расьсьледаваньне ў пракуратуру. Пра гэта паведаміў ягоны паплечнік Раман Юнэман пасьля судовага паседжаньня 23 студзеня.
«Пракуратура сказала, што справа мутная, і ўзяла яе на дарасьсьледаваньне. Новага судовага паседжаньня ў блізкім часе ня будзе. Спадзяюся, што Суздальцава проста хацелі памурыжыць да выбараў 26 студзеня, пацягаць па судах — што ўжо і зрабілі, — а цяпер павінны адчапіцца. Забудзецца, замнецца і адыдзе ў мінулае», — напісаў Юнэман у сваім тэлеграм-канале.
Крымінальную справу супраць Андрэя Суздальцава завялі па пазове пасольства Беларусі ў Расеі за паклёп (арт. 128.1 ч. 2 і ч. 5 Крымінальнага кодэксу РФ). За гэта палітолягу пагражала да 5 гадоў зьняволеньня.
Інфармацыя пра затрыманьне расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава зьявілася ў прэсе ў красавіку сёлета. Тады гаварылася, што Суздальцаў ужо некалькі тыдняў як затрыманы. У канцы сакавіка ягоная старонка зьнікла з сайту Вышэйшай школы эканомікі.
Пасьля пэўнага часу за кратамі палітоляг выйшаў на свабоду, але справу супраць яго не спынілі. На пытаньні пра перасьлед ён адказваў ухіліста. А пазьней стаў зьняпраўджваць інфармацыю пра тое, што яго затрымлівалі.
Паплечнік Суздальцава з Масквы Раман Юнеман з нагоды суду назваў яго «крытыкам рэжыму Лукашэнкі. Шмат і абгрунтавана паказваў, як менавіта Лукашэнка выкарыстоўвае Расею, і крытыкаваў сучасны беларускі рэжым».
«Камусьці ў Менску гэта моцна не спадабалася, і цяпер менскія сілавікі, падкупляючы МУС РФ, спрабуюць выключыць любую крытыку Лукашэнкі нават на тэрыторыі чужой дзяржавы. Шантажуюць СМІ ў Расеі, забараняючы нэгатыўныя публікацыі, пагражаюць, зьбіраюць матэрыялы на крытычна настроеных экспэртаў празь беларускае пасольства ў Маскве. Калі асудзяць Суздальцава, судовая сыстэма РФ тым самым расьпішацца ў тым, што літаральна кіруецца зь Менску».
11 студзеня 2024 году МУС Беларусі прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» тэлеграм-канал «Андрей Суздальцев», сам палітоляг быў абвешчаны ў вышук. У сакавіку яго абвясьцілі ў фэдэральны вышук ужо ў Расеі.
Пасьля навіны пра такія захады Суздальцаў на пэўны час спыніў крытыку Лукашэнкі. Экспэрты адзначалі, што да гэтага ён крытыкаваў Лукашэнку пасьлядоўна і часта, прытым выключна з прарасейскіх шавіністычных пазыцый.
Хто такі Суздальцаў
Андрэй Суздальцаў паходзіць з расейскага Ўладзівастоку, але з 90-х жыў у Беларусі з жонкай-беларускай. Меў кантакты з апазыцыйнымі структурамі, пашыраў прарасейскія наратывы, але крытыкаваў Лукашэнку. У 2006 годзе ўлады Беларусі пазбавілі яго дазволу на жыхарства ў краіне і выслалі назад у Расею як асобу, што пагражае нацыянальнай бясьпецы.
Палітоляг пераехаў у Маскву, уладкаваўся намесьнікам дэкана факультэту ўсясьветнай эканомікі Вышэйшай школы эканомікі.
Крытыка Суздальцавым Лукашэнкі працягвалася і ў Расеі і заключалася ў тым, што той нібыта пазьбягае шырэйшай інтэграцыі, а карыстаецца матэрыяльнай падтрымкай Расеі.
Суздальцаў неаднаразова заклікаў Крэмль не цырымоніцца, праводзіць больш жорсткую палітыку адносна афіцыйнага Менску, ставіць яго на месца.
«Мы ўвесь час чуем пра парытэтнасьць у інтэграцыі. Але калі вы ўступаеце ў нейкае інтэграцыйнае абʼяднаньне, то туды трэба нешта ўнесьці. Беларусь нічога ў інтэграцыю ня ўносіла, усе гэтыя гады яна толькі атрымлівала», — казаў Суздальцаў у інтэрвію Свабодзе пяць гадоў таму.
У 2021 годзе Суздальцаў адзначаў, што атрымлівае сыгналы пра тое, што яго хоча забіць КДБ Беларусі, каб адпомсьціць за крытыку рэжыму Лукашэнкі.
11 студзеня 2024 году МУС Беларусі прызнала тэлеграм-канал «Андрей Суздальцев» «экстрэмісцкім фармаваньнем». Пасьля гэтага канал адразу спыніў працу.
У канцы сакавіка 2024 году старонка Андрэя Суздальцава зьнікла з сайту Вышэйшай школы эканомікі.
Форум