Цяпер замежнікі зь беларускай візай змогуць падарожнічаць у Расею, а з расейскай — у Беларусь.
Гэта распаўсюджваецца і на сухапутную мяжу ў наступных пунктах пропуску: Юхавічы — Далосцы (Апочка — Наваполацак), Езярышча — Невель (Кіеў — Санкт-Пецярбург), Лёзна — Круглоўка (Віцебск — Смаленск), Рэдзькі — Чырвоная Горка (Менск — Масква), Зьвянчатка — Дубавічка (Бабруйск — Масква), Селішча — Навазыбкаў (Гомель — Бранск).
«Перасячэньне сухапутнага ўчастка расейска-беларускай мяжы па іншых шляхах не дапускаецца і будзе расцэньвацца як парушэньне дзяржаўнай мяжы», — папярэджвае МЗС.
Каб заехаць у Беларусь або Расею, патрэбны прызнаны абедзьвюма дзяржавамі дакумэнт, які пацьвярджае асобу, а таксама беларуская або расейская віза.
Калі ў дачыненьні да іншаземца пэўнай краіны і ў Беларусі, і ў Расеі прадугледжаны бязьвізавы рэжым, дык для ўезду ў абедзьве краіны і знаходжаньня там дастаткова прызнанага абедзьвюма дзяржавамі дакумэнта, які сьведчыць асобу. У выпадку, калі ў адной краіне дзейнічае бязьвізавы рэжым, а ў іншай візавы, дык для ўезду ў апошнюю і знаходжаньня там, акрамя дакумэнта, які сьведчыць асобу, спатрэбіцца віза.
МЗС таксама зьвяртае ўвагу на тое, што для ўкраінскіх грамадзян захоўваецца «асаблівы парадак уезду» у Расею: грамадзяне Ўкраіны ўяжджаюць у Расею праз пункт пропуску ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьцева і аўтамабільны пункт пропуску Лудонка ў Пскоўскай вобласьці.
Форум