Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 13 студзеня: 5,5 года калёніі і штраф 2 млн рублёў для жыхара Янава за данаты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Вырак жыхару Янава за данаты

Берасьцейскі абласны суд прысудзіў 44-гадоваму жыхару Янава 5,5 года калёніі са штрафам у памеры 50 тысяч базавых велічынь (2,1 млн рублёў), паведамілі ў Генпракуратуры.

Паводле «Вясны» Берасьцейскі абласны суд 10 студзеня абвясьціў прысуд 44-гадоваму жыхару Янава Аляксандру Дарагакупцу.

Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні і данатах, у тым ліку палку імя Каліноўскага.

У паведамленьні пракуратуры гаворыцца, што яму «інкрымінаваны шэраг наўмысных злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасьці, уключаючы пералічэньне на банкаўскія рахункі і віртуальныя кашалькі, якія знаходзіліся ў карыстаньні прадстаўнікоў экстрэмісцкіх фармаваньняў, у тым ліку ўзброеных, напрыклад «Полк Каліноўскага», грашовых сродкаў і крыптавалюты ў суме ня менш за 11 тыс. рублёў».

Абвінавачаньне ўключала некалькі артыкулаў КК (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130, ч. 3 арт. 361-1, ч. 1 арт. 361-2, ч. 2 арт. 361-2, ч. 3.2 арт. 361-3, ч. 1 арт. 361-4, ч. 2 арт. 361-4).

Таксама паведамляецца, што падчас расьсьледаваньня справы абвінавачаны «добраахвотна пералічыў на карысьць ДУ «Чэрвеньскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця», ДУ «Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі фізычнага разьвіцьця» і ДУ «Рэспубліканскі цэнтар арганізацыі мэдыцынскага рэагаваньня» 600 тысяч даляраў ЗША».

Экс-кіраўніка службы авіяцыйнай бясьпекі нацыянальнага аэрапорта абвінавачваюць у распальваньні варожасьці

Былога кіраўніка службы авіяцыйнай бясьпекі і рэжыму нацыянальнага аэрапорта Анатоля Крупіна абвінавачваюць у распальваньні варожасьці (частка 1 артыкула 130 КК), піша выданьне «Наша Ніва».

Судзіць 65-гадовага мужчыну пачнуць 28 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе.

Выданьне адзначае, што Крупін у 1993-2015 гадах працаваў інспэктарам бясьпекі ў аэрапорце «Мінск-2». У 2016 ён згадваўся як кіраўнік службы авіяцыйнай бясьпекі і рэжыма ў нацыянальным аэрапорце «Мінск».

У сацсетках мужчына быў апошні раз у чэрвені 2024 года.

Крупіну пагражае да 5 год калёніі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG