«Наста Лойка павінна неадкладна выйсьці на волю!» — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Беларускія ўлады, адзначана ў дакумэнце, перасьледуюць Лойку «па сфабрыкаваных абвінавачаньнях у адплату за яе праваабарончую дзейнасьць». На фоне паведамленьняў пра катаваньні і жорсткае абыходжаньне з праваабаронцай «яе бясьпека і дабрабыт выклікаюць сур'ёзныя асьцярогі», канстатуе Amnesty International.
20 чэрвеня судзьдзя Алена Шылько зь Менскага гарадзкога суду прыгаварыла Лойку да 7 гадоў пазбаўленьня волі па ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці або звады»). Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.
Нагодай для крымінальнага перасьледу стаў даклад «Перасьлед анархістаў, антыфашыстаў, левых і сацыяльных актывістаў у Беларусі» за 2017–2018 гады, у якім даецца крытычная ацэнка дзеяньням міліцыі.
У верасьні–кастрычніку 2022 году праваабаронца прабыла ў няволі 30 дзён па абвінавачаньні ў некалькіх адміністрацыйных правапарушэньнях. Праз тры тыдні пасьля вызваленьня, 28 кастрычніка, яе зноў затрымалі і пасьля чатыры разы арыштоўвалі на 15 сутак па арт. 19/01 КаАП («Дробнае хуліганства»), а затым зьмясьцілі пад варту ў рамках крымінальнай справы.
Да таго Сьледчы камітэт закрыў заведзеную на яе крымінальную справу аб нявыплаце падаткаў.
У кастрычніку 2023 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ўнёс Лойку ў сьпіс «асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Лойка працавала ў камандзе дэ-юрэ зьліквідаванай уладамі праваабарончай арганізацыі Human Constanta.
Форум