Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіроўная партыя Латвіі прапанавала забараніць беларусам купляць нерухомасьць у краіне


Латвійская кіроўная партыя «Новае Адзінства» падала на разгляд у парлямэнт Латвіі законапраект аб абмежаваньні ўгодаў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы краіны — ён прадугледжвае забарону для грамадзян Беларусі і Расеі і юрыдычных асобаў, якія ім належаць, набываць нерухомасьць у Латвіі, паведамляе Delfi.lv.

Як зазначае фракцыя, мэта законапраекту — «не дапусьціць шкоднай і небясьпечнай з пункту гледжаньня дзяржаўных інтарэсаў Латвіі дзейнасьці, а таксама не дазволіць абыходзіць санкцыі» гэтым краінам.

Законапраект тычыцца як непасрэдна грамадзян Беларусі і Расеі, так і юрыдычных асобаў, створаных у Беларусі і Расеі, а таксама тых, чые рэальныя бэнэфіцыяры — грамадзяне гэтых краін.

Плянуецца, што абмежаваньні ня будуць распаўсюджвацца на асобаў, якія атрымалі статус пастаяннага жыхара Эўразьвязу або сталы дазвол на жыхарства ў Латвіі ў адпаведнасьці з нормамі закону «Аб іміграцыі».

Законапраект распрацаваны ў супрацоўніцтве зь Міністэрствам юстыцыі і Міністэрствам замежных спраў Латвіі.

«Новае Адзінства» лічыць, што такія абмежаваньні будуць садзейнічаць унутранай бясьпецы краіны, не дазваляючы «недружалюбным» Латвіі фізычным і юрыдычным асобам павялічваць свой уплыў і прысутнасьць на тэрыторыі Латвіі шляхам набыцьця нерухомасьці, піша press.lv.

«У апошнія гады мы мэтанакіравана працуем, каб умацаваць бясьпеку і дзяржаўны сувэрэнітэт Латвіі, абмяжоўваючы магчымасьці Расеі і Беларусі рэалізоўваць свае зьнешнепалітычныя мэты ў Латвіі або арганізоўваць мерапрыемствы ўплыву і гібрыдныя атакі. Гэты законапраект — яшчэ адзін крок, каб забясьпечыць абарону ад магчымых рызык», — заявіў кіраўнік фракцыі «Новага Адзінства» ў Саэйме Латвіі Эдмундс Юрэвіц.

20 студзеня ўрад Латвіі ініцыяваў забарону грамадзянам Беларусі працаваць на аб’ектах крытычнай інфраструктуры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG