«Падобна на тое», — сказаў Дональд Трамп журналістам у Белым доме 21 студзеня, адказваючы на пытаньне, ці ўвядзе Вашынгтон новыя санкцыі супраць Расеі, калі Ўладзімір Пуцін ня сядзе за стол перамоваў.
Трамп не паведаміў падрабязнасьцяў аб магчымых новых захадах, якія дапоўняць шырокі спэктар санкцый, ужо ўведзеных супраць Расеі за яе поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Трамп таксама пацьвердзіў намер пагаварыць з Пуціным бліжэйшым часам, не ўдакладняючы тэрмінаў. Раней гаварылася пра іх магчымую сустрэчу і асабістыя перамовы.
20 студзеня прэзыдэнт ЗША заявіў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сказаў яму, што хоча мірнага пагадненьня аб спыненьні вайны.
Спасылаючыся на кітайскага кіраўніка Сі Цзіньпіна, Трамп сказаў, што падчас тэлефоннай размовы ён заклікаў яго дапамагчы спыніць вайну.
«Ён не зрабіў занадта шмат для гэтага. У яго шмат… улады, як і ў нас. Я сказаў: „Ты павінен гэта вырашыць“. Мы гэта абмяркоўвалі», — сказаў Трамп.
Паводле слоў прэзыдэнта ЗША, яго каманда таксама разглядае магчымасьць адпраўкі Ўкраіне дадатковых узбраеньняў.
Многія аналітыкі кажуць, што скончыць вайну бліжэйшым часам будзе складана, бо Пуцін верыць, што перамагае, і ў яго няма стымулаў спыняць баявыя дзеяньні, нават калі Расея нясе ашаламляльныя страты ў людзях і тэхніцы.
Напярэдадні прэзыдэнт ЗША заяўляў, што Пуцін «зьнішчае» Расею, адмаўляючыся падпісаць пагадненьне аб спыненьні вайны ва Ўкраіне. «Я думаю, што ў Расеі будуць вялікія праблемы», — дадаў Трамп.
Форум