Лідэры Аб’яднанага пераходнага кабінэту і Каардынацыйнай рады заявілі, што Аляксандар Лукашэнка «незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі і арганізоўвае імітацыю выбараў з мэтай працягваць зьдзяйсьняць гэтае злачынства».
Старшыня АПК Сьвятлана Ціханоўская заявіла на брыфінгу наконт сытуацыі ў Беларусі:
«Беларусы ніколі ня выберуць Лукашэнку. Ён злачынца, які захапіў уладу і з дапамогай Пуціна ўтрымлівае 9 мільёнаў беларусаў у закладніках, тысячы знаходзяцца ў турмах за сваю палітычную і грамадзкую пазыцыю. Ён уцягнуў нашую краіну ў вайну, ён здае сувэрэнітэт Расеі і стаў пагрозай для нашых суседзяў. Ён не прадстаўляе беларускі народ».
Адказваючы на пытаньне «Люстэрка», Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што 37 краін АБСЭ ўжо не прызналі прэзыдэнцкія выбары 2025 году.
«На дадзены момант ЗША і 37 краін АБСЭ ўжо зрабілі заявы аб непрызнаньні гэтых выбараў. Вядома, будуць краіны, дзе пануе дыктатура, вядома, яны будуць трактаваць гэтыя недавыбары як выбары. (...) А незалежныя дэмакратычныя краіны — на баку беларусаў, якія змагаюцца супраць дыктатуры», — заявіла Ціханоўская.
Намесьнік старшыні АПК Павал Латушка таксама заявіў, што Лукашэнка не зьяўляецца легітымным прэзыдэнтам Беларусі, а «зьяўляецца злачынцам, які ўчыніў і працягвае далей чыніць злачынствы супраць беларускага народу».
Латушка нагадаў пра зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць Лукашэнкі.
«Мы ня можам перагарнуць гэтую старонку. Лукашэнка — гэта злачынца, што зафіксавана ў дэклярацыі Каардынацыйнай рады Беларусі падчас слуханьняў, якія адбыліся на гэтым тыдні. Рада прызнала што Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу ў Беларусі», — заявіла сьпікерка КР Анжаліка Мельнікава.
Што гаворыцца ў дэклярацыі КР
Як паведамляе «Позірк», у дэклярацыі Каардынацыйнай рады (КР) па выніках слуханьняў аб адказнасьці Лукашэнкі за злачынствы (слуханьні адбыліся 23 студзеня ў Варшаве) заяўлялася, што знаходжаньне Лукашэнкі ва ўладзе «зьяўляецца нелегітымным і парушае Канстытуцыю Беларусі і фундамэнтальныя дэмакратычныя прынцыпы». Лукашэнка «не прадстаўляе беларускі народ і ня мае права прымаць рашэньні ад яго імя, у тым ліку аб правядзеньні выбараў, якія ў цяперашніх умовах ператварыліся ў імітацыю».
У дэклярацыі адзначаецца, што Лукашэнка і «прадстаўнікі вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва яго рэжыму» зьдзяйсьняюць «міжнародныя злачынствы, у прыватнасьці злачынствы супраць чалавечнасьці ў адносінах да цывільнага насельніцтва Беларусі, ваенныя злачынствы супраць украінскага цывільнага насельніцтва, а таксама злачынства агрэсіі супраць Украіны» і «шматлікія злачынствы ў адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам Беларусі». Падкрэсьліваецца, што Лукашэнка павінен панесьці крымінальную адказнасьць.
КР «заклікае краіны і міжнародныя арганізацыі не прызнаваць выбарамі той фарс, які арганізоўвае рэжым Лукашэнкі 26 студзеня 2025 году; прыняць неабходныя меры для садзейнічаньня расьсьледаваньню злачынстваў супраць чалавечнасьці і ваенных злачынстваў Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суду (МКС); далучыцца да звароту Літоўскай Рэспублікі ў МКС аб расьсьледаваньні злачынстваў супраць чалавечнасьці, зьдзейсьненых Аляксандрам Лукашэнкам і яго паплечнікамі; узмацніць міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі, а таксама распрацаваць дадатковыя інструмэнты, каб перадухіліць абыход уведзеных санкцый».
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць гадоў. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
- 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле апошніх зьвестак, апублікаваных ЦВК, яўка на выбарах склала ня меней за 81,50%.
- У ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарцаў. Вынікі падліку галасоў за іншых кандыдатаў наступныя: Сяргей Сыранкоў — 3,21%, Алег Гайдукевіч —2,2%, Ганна Канапацкая — 1,86, Аляксандар Хіжняк — 1,74%. Супраць усіх прагаласавалі 3,6% удзельнікаў галасаваньня.
- ЦВК заявіла, што апрацавала 100% бюлетэняў. Канчатковыя вынікі абяцаюць падвесьці 3 лютага.
Форум