Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Орбан запатрабаваў ад ЭЗ дабіцца аднаўленьня транзыту газу праз Украіну


Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан запатрабаваў ад Эўразьвязу дабіцца ад Украіны аднаўленьня транзыту расейскага газу. Ён пагражае заблякаваць працяг санкцый ЭЗ супраць Расеі ў выпадку, калі гэтага ня будзе зроблена.

«Я даручыў сваім калегам праявіць цьвёрдасьць: сказаць Брусэлю, што ўкраінцы павінны аднавіць газавы транзыт. Гэта ня толькі інтарэсы Вугоршчыны, але і агульнаэўрапейскае пытаньне, асабліва для Цэнтральнай Эўропы, — заявіў Орбан у этэры радыёстанцыі Kossuth. — Акрамя таго, украінцы павінны спыніць напады на інфраструктуру, празь якую Вугоршчына цяпер атрымлівае энэргарэсурсы».

Па словах Орбана, ён запатрабаваў таксама, каб Кіеў не перашкаджаў транзыту нафты. Ён назваў спыненьне транзыту энэргарэсурсаў «сурʼёзнай рызыкай» для энэргазабесьпячэньня Вугоршчыны.

Орбан заявіў, што Будапэшт страціў 19 мільярдаў эўра ад санкцыйнай палітыкі ЭЗ у адносінах да Расеі. «Вугоршчына не падтрымлівае санкцыі, але мы не накладалі на іх вэта, каб не падрываць адзінства Эўропы», — заявіў ён, не згадаўшы ціск Эўразьвязу на краіну.

Санкцыі Эўразьвязу супраць расейскай эканомікі, уведзеныя пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, працягваюцца раз на паўгода. Цяпер яны дзейнічаюць да 31 студзеня. Раней часопіс Politico пісаў, што Вугоршчына не пагаджалася на працяг санкцыяў, чакаючы пазыцыі адміністрацыі новага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

На пачатку тыдня Трамп даў зразумець, што не плянуе зьмякчаць санкцыйны рэжым. Пасьля гэтага Будапэшт, як мяркуецца, адмовіўся ад плянаў вэта на падаўжэньне санкцый.

Паводле падлікаў расейскай службы Радыё Свабода на аснове зьвестак Эўрастату, у лістападзе Вугоршчына стала найбуйнейшым у Эўразьвязе пакупніком газу з Расеі. Яна атрымала 753 мільёны кубамэтраў газу, заплаціўшы за яго 258 мільёнаў эўра.

За 11 месяцаў Вугоршчына купіла ў Расеі больш газу, чым за ўвесь 2023 год. Са студзеня транзыт быў спынены пасьля заканчэньня кантракту паміж «Нафтагазам Украіны» і расейскім «Газпромам». Кіеў заявіў, што не плянуе працягваць гэты кантракт.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG